Фестываль дакументальнага кіно «WATCH DOCS Belarus» падвёў вынікі 5-га сезону.
У межах «WATCH DOCS Belarus» амаль 3 тысячы гледачоў наведалі паказы больш за 25 фільмаў з дзясятка краін свету, дыскусіі аб жаночым і мужчынскім спорце, дзіцячай жорсткасці і медычнай марыхуане, кінаноч, адкрытыя інтэрв’ю, лекцыі і майстар-класы.
Сёлета фестываль зрабіў новыя крокі насустрач беларускай дакументалістыцы: сабраў конкурсную праграму з пяці айчынных фільмаў, ініцыяваў краўдфандынг для першай глядацкай прэміі беларускім дакументалістам і ўключыў у праграму адукацыйныя падзеі.
Па выніках глядацкіх адзнак грашовыя прэміі атрымалі: Аляксандр Свішчанкоў за фільм «Мая Германія« і Андрэй Куціла за фільм «Стрыптыз і вайна», зняты пры падтрыманні «Белсату», (па Br 800), Галіна Адамовіч за працу «Добрых дзяўчынак не бʼюць» (Br 1300).
Андрэй Куціла перадаў сваю прэмію арганізатарам фестывалю з пажаданнем і ў наступным годзе даваць яскравыя стымулы для развіцця беларускім дакументалістам.
«Нават пасля закрыцця гэтага сезону разам з замежнымі партнёрамі мы працягнем працу над прасоўваннем беларускага кіно і рэжысёраў на міжнародных пляцоўках. Напрыклад, у праграму наступнага Белфасцкага кінафестывалю будзе ўключаны паказ аднаго з нашых беларускіх фільмаў, а разам з ім і сустрэча рэжысёра абранай карціны з брытанскімі гледачамі», – кажа Таццяна Яворская, дырэктар фестывалю.
Арганізатары плануюць таксама адмысловы паказ дакументальнага фільма «Нацыя аднаго дзіцяці» (ЗША, Кітай, 2019), які сёлета ўвайшоў у чацвёрку лідараў гонкі за Оскар.
МГ belsat.eu