Андрэй Дзмітрыеў стварае «Нашу партыю»


Найбліжэйшым часам можа з’явіцца яшчэ адна палітычная партыя.

Кіраўнік «Гавары праўду» і кандыдат у прэзідэнты 2020 года Андрэй Дзмітрыеў заняўся стварэннем «Нашай партыі», піша nn.by.

«Гэта праца, якая вядзецца фактычна штодня. Мы ўжо вырашылі ад імя аргкамітэта партыі вылучацца на «Сход народных прадстаўнікоў». Казаць пра тэрміны пакуль, можа, і не варта. Скажу, што спіс на тысячу чалавек ужо сабралі. Аднак незразумела, як правесці ўстаноўчы сход на тысячу чалавек, як таго патрабуе Міністэрства юстыцыі, ці будзе гэта бяспечна для людзей. Таму цяпер мы ў чаканні, займаемся распрацоўкай праграмы. Фактычна штотыднёва ёсць зум-канферэнцыі, куды можа далучыцца любы ахвотны абмеркаваць важныя пытанні з экспертамі. Для нас прынцыпова, каб гэтая партыя была пабудаваная не аднекуль зверху, а самімі людзьмі», — кажа Андрэй Дзмітрыеў.

У 2016 годзе ў «Гавары праўду» мы праводзілі вялікі форум, дзе было прынятае рашэнне, што пачнём выбудоўваць палітычную партыю, але не хочам, каб «ГП» ператваралася ў партыю. Гэтая праца праходзіць паралельна з «Гавары праўду».

Пакуль палітык не называе імёны людзей, якія прымаюць удзел у стварэнні «Нашай партыі».

«У аргкамітэце каля 300 чалавек. Гэта збольшага новыя людзі. Вядома, ёсць тыя, хто з «Гавары праўду» прыйшоў, але вялікая частка новых людзей. Мы хочам, каб партыя жыла на ўнёскі. Нам патрэбна каля 1500 чалавек, якія плоцяць па 10-12 рублёў на месяц, каб партыя магла ўтрымліваць офіс і некалькі чалавек. Будзем імкнуцца да гэтага».

ІК, belsat.eu

 

Стужка навінаў