Андрэа Віктарын: У ЕЗ трохі іншае разуменне рэформаў, чым ва ўладаў Беларусі


Кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску Андрэа Віктарын заявіла, што ЕЗ гатовы падтрымліваць Беларусь у рэфармаванні эканомікі, аднак вельмі часта разуменне гэтых рэформаў у Менску і Брусэлю адрозніваецца.

«Мы часцяком сустракаемся на розных пасяджэннях з прадстаўнікамі беларускай улады, выкарыстоўваем адны і тыя ж словы, але ўкладваем у іх розны сэнс. Калі мы гаворым пра рэформы, атрымліваецца што ў ЕЗ трохі іншае іх разуменне, чым у беларускіх уладаў», – адзначыла яна падчас Кастрычніцкага эканамічнага форума ў Менску.

Андрэа Віктарын канстатавала, што эканамічныя паказчыкі Беларусі ў апошнія гады можна ацэньваць пазітыўна. Аднак паўвартасны эканамічны рост будзе залежыць ад «глыбіні рэформаў».

«Мы ўсё яшчэ лічым рэфармаванне дзяржсектара адным з самых галоўных пытанняў на парадку дня. Гэта значыць, што патрэбна мадэрнізацыя. Таксама трэба ўзяць курс на прыватызацыю, каб павышаць прадукцыйнасць і эфектыўнасць, прыцягваць большы аб’ём інвестыцый», – падкрэсліла яна.

На думку Віктарын, беларускім уладам трэба даць больш магчымасцяў прыватнаму сектару і малому бізнесу, паляпшаць інвестацыйны клімат і развіваць лічбавую эканоміку. Прадстаўніца ЕЗ таксама лічыць неабходным развіваць універсітэцкую адукацыю ў Беларусі паводле прынцыпаў Балонскага працэсу.

Асобнае і вельмі важнае пытанне – якасная дзяржаўнае кіраванне, у тым ліку ў судовай сферы. Віктарын падкрэсліла, што дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі мусіць базавацца на адным прынцыпе: дзяржадміністрацыя не пануе, а аказвае паслугі грамадству і бізнесу. «Мы ў ЕЗ прывыклі, што менавіта адміністрацыя працуе для людзей, а не наадварот», – дадала яна.

«Мы працягваем шукаць магчымасці дыялогу. Мы гатовыя падтрымліваць Беларусь пры дапамозе фонду структурных рэформаў і дзяліцца досведам рэформаў», – заявіла Андрэа Віктарын.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў