Анатоля Лябедзьку перавыбралі старшынём АГП, канкурэнт адстаў толькі крыху


У Менску прайшоў справаздачна-выбарны зʼезд Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Дэлегаты зʼезду вырашалі два пытанні – каго вылучыць ад партыі кандыдатамі ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах і хто будзе кіраваць АГП найбліжэйшыя два гады.

Лябедзька застаецца лідарам

Адказ на другое пытанне быў прадказальны – у разгар палітычнай кампаніі партыйцы не сталі мяняць лідара. Хоць у гэты раз, у адрозненне ад папярэдняга зʼезду, выбары старшыні прайшлі на альтэрнатыўнай аснове і нават з інтрыгай.

Старшынём Абʼяднанай грамадзянскай партыі пераабраны Анатоль Лябедзька, які ўзначальвае АГП з красавіка 2000 года. Усяго ў таемным галасаванні ўзялі ўдзел 93 дэлегаты. У падтрыманне Лябедзькі прагаласавалі 49 чалавек, ягоны намеснік Васіль Палякоў атрымаў 37 галасоў. Чатыры дэлегаты прагаласавалі супраць усіх, тры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.

Акрамя Лябедзькі і Палякова на пасаду старшыні вылучаліся Генадзь Ананьеў і Леў Марголін, але яны ўзялі самаадвод.

Яшчэ да пачатку галасавання Васіль Палякоў адзначаў, што «рэальна ацэньвае свае шанцы» і што «пры любой раскладцы будзе прыкладаць намаганні, каб каманда АГП не распалася, а станавілася толькі мацней».

«Нам трэба быць гатовымі да новых выклікаў, каб АГП была камандай прафесіяналаў, якая будзе канкурэнтаздольнай у новых палітычных умовах», – сказаў Палякоў.

Анатоль Лябедзька, у сваю чаргу адзначыў, што рады альтэрнатыўнаму галасаванню і лічыць, што «калі не цяпер, то праз два гады ў партыі мусіць быць новы старшыня».

27 чэрвеня Анатолю Лябедзьку споўнілася 55 гадоў. Ён скончыў факультэт гісторыі і французскай мовы Менскага педагагічнага інстытуту і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканняў.

70 чалавек збіраюцца трапіць у парламент

На зʼездзе вылучылі 70 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод прэтэндэнтаў у кандыдаты Ірына Яскевіч, Мікалай Уласевіч, Алег Жалноў, Юры Хашчавацкі, Мікалай Казлоў, Вольга Маёрава і іншыя.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў парламент не балатуецца. «У мяне на гэтых выбарах іншая функцыя – быць сябрам ініцыятыўных групаў усіх нашых прэтэндэнтаў, а пазней – іх даверанай асобай. Гэта пашырае геаграфію і каэфіцыент карыснага дзеяння ўдзелу», – раней заявіў палітык.

Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, вылучаных на зʼездзе АГП, каля 30 прадстаўнікоў аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», у тым ліку Таццяна Севярынец, Вольга Кавалькова, Марына Хоміч ды іншыя. Як растлумачыў на зʼездзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, яны будуць зʼяўляцца чальцамі АГП на час выбарчай кампаніі.

АГП, БХД і рух «За Свабоду», якія ўваходзяць у правацэнтрысцкай кааліцыю, ідуць на парламенцкія выбары з агульным спісам кандыдатаў у дэпутаты.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў