Анатоль Лябедзька: Новы Выбарчы кодэкс не пакіне спакусы для фальсіфікацыяў


Упаўнаважаны Святланы Ціханоўскай у рэфармаванні Канстытуцыі ды Выбарчага кодэксу Анатоль Лябедзька адзначыў, што працоўную групу стварылі яшчэ да выбараў, а пачатак самога працэсу зменаў можна акрэсліць 2017 годам.

«У верасні мінулага года мне прапанавалі далучыцца да працы, і напрыканцы года мы ўжо мелі праект Выбарчага кодэксу», – распавёў Лябедзька ў размове з «Белсатам».

Паводле яго, змяніць выбарчае заканадаўства грамадская супольнасць намагалася яшчэ ў 2017 годзе, выкарыстоўваючы парламенцкі мандат Ганны Канапацкай: «Гэта была не зусім удалая праца. Мы падрыхтавалі праект аб зменах у кодэкс, але ён быў скіраваны на пошук кампрамісу з дзейнымі ўладамі, бо тады была іншая палітычная сітуацыя. Праект рыхтавалі прадстаўнікі асноўных палітычных партыяў, перадалі яго Канапацкай і Ярмошынай у ЦВК, але далейшага руху праекту не было».

«Цяпер мы скіравалі працу не на кампраміс, а на стварэнне кодэксу, які дазволіць правесці сумленныя выбары ў новай Беларусі», – падкрэсліў упаўнаважаны Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

На гэтым этапе ідзе міжнародны аўдыт праекту новага кодэксу: установы з розных краінаў даюць экспертызу і робяць выснову аб праекце.

Навошта нам новы кодэкс?

Неабходнасць рэфармаваць Выбарчы кодэкс наспела даўно: «У Беларусі было праведзена 6 прэзідэнцкіх і 6 парламенцкіх кампаніяў, і яны не адпавядалі міжнародным стандартам і не былі прызнаныя сумленнымі. Таму ў нас гэтая праблема стаіць на працягу дзесяцігоддзяў.

Калі мы глядзім на палітычны парадак дня, што агучыла Святлана Ціханоўская і ейныя прыхільнікі, то бачым там трэцім пунктам свабодныя і сумленныя выбары. Гэта гучыць як абсалютна пазітыўны і добры намер, але для яго патрэбныя пэўныя інструменты і механізмы», – кажа Анатоль Лябедзька.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Удзельніца мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўскага рынку ў Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Палітык мяркуе, што і цяперашняе заканадаўства жыццяздольнае: «Пры наяўнасці моцнай палітычнай волі адносна сумленныя выбары можна было б правесці і з цяперашнім кодэксам. Але калі ёсць верагоднасць, што новы дакумент будзе прыняты, трэба рабіць максімальна спрыяльныя ўмовы, каб у новым кодэксе не засталося спакусы фальсіфікаваць выбары. Каб людзі не сумняваліся, што іхных галасоў не скрадуць і што імі ніхто не маніпулюе».

Адметнасці кодэксу

Што будзе ў фінальным варыянце – пакажа час, але працоўная група мае прапанаваць некалькі значных зменаў.

Датэрміновае галасаванне. «Мы робім захады, каб была дэталёвая рэгламентацыя», – адзначыў Лябедзька.

Паводле прапановы працоўнае групы, датэрмінова прагаласаваць можна будзе толькі на адным участку акругі і толькі пры наяўнасці даведкі ці дакументу, які пацвярджае, што чалавек не зможа прыйсці на ўчастак у асноўны дзень галасавання.

«То бок чалавек не праз уласнае жаданне, а праз пэўныя акалічнасці мае галасаваць тэрмінова. Будзе жорсткі пералік гэтых сітуацый», – патлумачыў наш суразмоўца.

Падлік галасоў за зачыненымі ад незалежных назіральнікаў дзвярыма.
Фота: «Белсат»

Падлік галасоў. У цяперашнім кодэксе падлік галасоў вядзе камісія паводле ўласнага бачання, а ў новым заканадаўстве гэткі працэс прапішуць падрабязна.

Кожны бюлетэнь мусяць дэманстраваць гэтак, каб усе чальцы камісіі і назіральнікі ды назіральніцы маглі бачыць пазнакі выбарнікаў.

«Мінус у тым, што такім чынам падлік галасоў будзе ісці больш марудна. Але фальсіфікаваць падлік стане немагчыма», – распавёў Лябедзька.

Выбарчыя камісіі. Яны мусяць складацца не з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву, а і з прадстаўнікоў тых асобаў, якія бяруць удзел у выбарах.

«Калі я, напрыклад, удзельнік выбарчага працэсу, то за мной мае быць права мець свайго прадстаўніка ў складзе камісіі. Гэтае права можна і не рэалізаваць, але за кандыдатам яно замацаванае», – патлумачыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

Палітычныя партыі. Доўгі час партыйнае жыццё было ў заняпадзе, бо з апазіцыйнымі партыямі толькі вялі змаганне. Цяпер прапаноўваецца замацаваць выбары ў парламент паводле змяшанае сістэмы, прапарцыйна мажарытарнай – палову дэпутатаў выбіраюць паводле партыйных спісаў, а другую палову – непасрэдна ў выбарчых акругах.

«Гэта будзе штуршок для развіцця палітычнага жыцця ў Беларусі. З аднаго боку будуць прадстаўнікі выбарнікаў з акругі, а з другога – будзе магчымасць фармаваць дзеяздольныя кааліцыі ў парламенце. І гэта адказнасць партыяў за тое заканадаўства, якое прымаецца цягам чатырох гадоў, – людзі могуць ацэньваць эфектыўнасць, і калі іх не задавальняе, то людзі проста не галасуюць за партыю на наступных выбарах», – тлумачыць Лябедзька.

Фота: ТК / «Белсат»

Гэта толькі асноўныя прапановы працоўнае групы. Цяпер кожны ахвочы можа накіраваць уласныя пажаданні да новага закону.

Тыя палажэнні, дзе будзе некалькі фармулёвак, будуць выносіцца на галасаванне праз платформу «Голас», каб людзі маглі аддаць перавагу таму варыянту, які лічаць больш слушным.

Апошнюю рэдакцыю кодэксу можна паглядзець у тэлеграм-канале «Канстытуцыя». Там жа адбываюцца прэзентацыі і дыскусіі з нагоды ўсіх новых прапановаў працоўнае групы.

Размаўляла Марыя Грыц belsat.eu
Стужка навінаў