Анархісту Касінераву далі 10 содняў за фаер на дазволеным мітынгу


Сёння суд Цэнтральнага раёна Менску прысудзіў Вячаслава Касінерава да 10 содняў адміністратыўнага арышту паводле арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства), паведамляе Правааабарончы цэнтр «Вясна».

Вячаслаў Касінераў разам з двума паплечнікамі 1 траўня прыйшоў на дазволены мітынг незалежных прафсаюзаў у Кіеўскі сквер, дзе запаліў фаер. Пры гэтым у двух анархістаў твары былі закрытыя. Яны разгарнулі транспарант «Свабода, роўнасць, самакіраванне». Усіх траіх сілавікі ў цывільным затрымалі на месцы і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Неўзабаве Касінерава і яшчэ аднаго ўдзельніка пікету адпусцілі з пастарунку.

У сераду, 2 траўня, калі Вячаслаў Касінераў прыйшоў на суд, каб падтрымаць паплечніка, яго зноў затрымалі супрацоўнікі АМАП і чалавек у цывільным. Пасля чаго яго адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе патлумачылі, што ён нібыта арганізаваў адзіночны пікет. У другой палове дня 2 траўня суд разгледзіў справу Касінерава, але пратакол адправілі на дапрацоўку. Ноч анархіст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

У выніку Касінераў атрымаў адміністратыўны арышт, у ЦІП ён правядзе наступныя 9 дзён.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў