Анансаваныя Уладзімірам Макеем разборкі пачаліся

У нашай краіне любое ведамства ў патрэбны момант становіцца «сілавым», уключаючы не тое што МЗС, але нават Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Я хацеў, праўда, замест ЖКГ згадаць стаматолагаў, але ўспомніў стары амерыканскі фільм «Марафонец», дзе збеглы нацысцкі злачынец (Лорэнс Аліўе) катаваў галоўнага героя (Дастын Хофман) як раз пры дапамозе бор-машыны. І вырашыў, на ўсялякі выпадак, са стаматолагамі не рызыкаваць.

А вось Дэпартамент фінансавых расследаванняў – так, несумненна, самае што ні на ёсць сілавое ведамства. І вось цяпер мы як раз у гэтым і пераконваемся – на прыкладзе прэс-клуба, кіраўніцтва якога было арыштаванае як раз па профілі ДФР. Трэба меркаваць, гаворка ў «гутарках» з Юліяй Слуцкай і яе калегамі пойдзе пра крыніцы існавання гэтай арганізацыі, значная частка якіх, як можна выказаць здагадку, у той ці іншай ступені можа ўяўляць сабой мэтавыя гранты міжнародных журналісцкіх арганізацый і добраахвотныя ахвяраванні грамадзян.

Hавiны
Налёт на «Прэс-Клуб»: затрыманая Юлія Слуцкая, ператрусы ў топ-менеджараў
2020.12.22 16:49

Наогул, як цікава ўсё супала ў гэтай справе. Спачатку агучваецца ідэя прыняцця ўласнага закона аб замежных агентах – паводле аналогіі з расейскім законам. Потым міністр усё яшчэ замежных спраў Уладзімір Макей голасна папярэдзіў, што адказ на еўрапейскія (і амерыканскія, верагодна) санкцыі не замарудзіць сябе чакаць. А паколькі і ў еўрапейскіх, і ў амерыканскіх рашэннях выяўляецца гатоўнасць падтрымкі беларускіх незалежных медыя, то самага ўразлівага рэцыпіента гэтай падтрымкі (фармальна які не вядзе гаспадарчай дзейнасці, як я разумею) зараз і пачнуць «раскручваць». Тым больш што асабіста на Юлію Вітальеўну Слуцкую ў адпаведных структураў «зуб» яшчэ з 2010 года.

Фота: Прэс-клуб

Гэта як бы ўраўнаважвае тую «добрую волю», якую выяўляе лукашэнкаўскі рэжым у адносінах да мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Маўляў, мы ж пагадзіліся, каб шаноўны іерарх вярнуўся на радзіму? Так, пасля таго, як не ўпусцілі яго зусім беззаконна; пасля таго, як ён напісаў прашэнне на імя папы аб адстаўцы; пасля таго, як замест яго зварот з заклікам да грамадзянскага міру ў Беларусі падпісала іншая, хоць і высокапастаўленая асоба, якая прадстаўляе рымска-каталіцкую царкву. І звароту мітрапаліта Кандрусевіча да вернікаў з нагоды Раства, хутчэй за ўсё, не будзе. Але ж праявілі добрую волю, так, – вы ж не будзеце гэтага адмаўляць? Які поспех усёй беларускай дыпламатыі і асабіста таварыша Макея В.В.! А вось затрыманне грамадзянкі Слуцкай – гэта па лініі зусім іншага ведамства. І да яго Макей В.В. адносінаў проста не мае. Гэта ўжо не праява добрай волі, а барацьба з фінансавай злачыннасцю. Ва ўсякім выпадку, так варта разумець заяву прэс-службы КДК, распаўсюджаную БелТА: «Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю праводзіць праверку па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асобащ культурна-асветніцкай установы «Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб» і іншых суб’ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сумаў з-за мяжы».

Фота: belsat.eu

Нагадаем, што ў розны час у злачыннасці падазраваліся і следчыя самога ДФР КДК. Скажам, з былым галоўным следчым ДФР Дзмітрыем Адамовічам мне давялося некаторы час нават правесці ў адной камеры «амерыканкі» – напачатку 2011 года. Пазней ён быў нават прысуджаны да трох гадоў зняволення, канфіскацыі маёмасці і пяцігадовага пазбаўлення магчымасці працаваць у праваахоўных органах. Як склаўся ягоны лёс надалей, я не ведаю. Так што бязгрэшных людзей няма нават у гэтым ведамстве.

Але гаворка ў дадзеным выпадку не ідзе аб бязгрэшнасці. Гаворка пра тое, у каго ёсць магчымасць кінуць у іншага камень – у адпаведнасці з біблейскай прыпавесцю. У распараджэнні беларускіх сілавікоў цэлыя «каменяломні» – тым больш, што, як сказаў іх галоўнакамандуючы, часам не да законаў. Вось у дадзеным выпадку, магчыма, спрацуе менавіта гэты тэзіс. А бязгрэшныя яны самі ці не – гэтым яны зоймуцца ўжо пасля таго, як разбяруцца з намі.

Тым больш, што працяглыя і займальныя разборкі падобнага роду Уладзімір Макей анансаваў.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў