Ананімкі на Фядыніча займаюць цэлы том у матэрыялах «справы прафсаюзаў»


Суд Савецкага раёну Менску 3 жніўня працягнуў разглядаць крымінальную справу супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, якіх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Сёння ў судзе агучылі змест ананімных лістоў – невядомыя аўтары скардзіліся, што прафсаюзны лідар нібыта прысабечваў грошы.

Дзяржаўны абвінаваўца знаёміць суд з матэрыяламі: аглядам жорсткіх дыскаў, тэкставых файлаў з камп’ютараў, сканфіскаваных у офісе РЭП. Называюцца фінансавыя дакументы, копіі чэкаў, афіцыйная перапіска. Ёсць некалькі дакументаў аб атрыманні сродкаў старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком ад прафсаюзу са Швецыі.

Следства прыходзіць да высновы, што прафсаюз РЭП меў дачыненне да праектнай дзейнасці па фінансаванні замежнымі арганізацыямі. Пракурор таксама агучыў тэкст агульнай праграмы дацкага МЗС па падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі на 3 мільёны дацкіх крон. Абарона просіць суд, каб апавяшчалі толькі тыя матэрыялы, якія маюць значэнне па справе, паколькі ствараецца ілжывае ўражанне аб абʼёмах прадʼяўленага абвінавачання.

Пасля перапынку на абед суд вывучае 7-ы том крымінальнай справы. Тут змяшчаецца ананімны ліст нібыта ад супрацоўніка РЭП у прафсаюз IndustriАLL:

«Вы занадта праінвеставалі гэты праект. Фядыніч спрабуе захаваць суму фінансавання. Спадар Фядыніч валодае 3 машынамі і пабудаваў дом. Работнікаў звальняюць за тое, што яны просяць падвысіць заробак. Так звольнілі выдатную юрыстку Запрыварыну. За вашыя гранты ён жыве. Фядыніч выкарыстоўвае ілжывыя справаздачы і не праводзіць семінары, на якія бярэ грошы. Прадстаўнікоў 3F ў сакавіку 2016 года, якія прыязджалі праверыць прафсаюз, увёў у зман. Існуе крымінальная адказнасць за такое (адкрыццё рахункаў і г.д.) Калі вы не прыміце меры, то я паведамлю вашаму дацкаму ўраду, а таксама праваахоўным органам РБ».

У судзе зачытваюць некалькі ананімак аналагічнага зместу, у якіх Фядыніча абвінавачваюць у марнаванні прафсаюзных сродкаў, стварэнні расколу ў арганізацыі і г.д. Пры гэтым адзначаецца, што следствам «не ўстаноўленая» асоба-ініцыятар гэтых лістоў.

***

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 еўра. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Праваабаронцы называюць гэтую справу палітычна матываванай. Сам Фядыніч звязвае пераслед выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

КА, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў