Ананіч пра затрыманне адэптаў рускага свету: публікацыі расейскіх рэсурсаў ставяць пад сумнеў суверэнітэт Беларусі


Міністр інфармацыі Лілія Ананіч пракаментавала затрыманні аўтараў расейскіх інфармацыйных рэсурсаў Regnum, Lenta.ru, Eurasia Daily за антыбеларускія артыкулы.

Паводле Ананіч, аналіз інфармацыйнай прасторы выявіў, што ў апошні час пачасціліся факты зʼяўлення матэрыялаў тэндэнцыйнага, а часам і адкрыта дэструктыўнага характару ў дачыненні да Беларусі, дзяржаўнай улады нашай краіны, беларускага народа.

«У тым ліку неаднаразова мелі месца факты публікацыі падобных матэрыялаў на расейскіх інфармацыйных рэсурсах Regnum, Lenta.ru, Eurasia Daily ды іншых. У такіх публікацыях ставіцца пад сумненне суверэнітэт Беларусі, утрымліваюцца абразлівыя выказванні ў адрас беларускага народа, яго гісторыі, мовы, культуры».

Найбольшую актыўнасць у публікацыі такога роду матэрыялаў праяўляе інфармагенцтва Regnum, падаючы ў тэндэнцыйным ключы дзейнасць кіраўніка беларускай дзяржавы, уладных структур у розных галінах – палітыцы, эканоміцы, культуры, адзначыла Ананіч.

Яна дадала, што пра падобныя факты беларускі бок інфармуе расейскіх калег і прапануе прыняць меры па фактах такіх публікацый, у тым ліку ў адпаведнасці з расейскім заканадаўствам.

У лістападзе яна звярнулася ў Міністэрства сувязі і масавых камунікацый Расеі, Федэральную службу па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогіяў і масавых камунікацый, а таксама да спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Расеі па міжнароднай культурнай супрацы Міхаіла Швыдкога.

Ад яго прыйшоў адказ, у якім падкрэслена, што абразлівыя ў дачыненні да Беларусі выказванні належаць «часцяком маргіналізаваным аўтарам, ні ў якай меры не адлюстроўваюць ані пазіцыю кіраўніцтва Расеі, якая нязменна імкнецца да паглыблення расейска-беларускага ўзаемадзеяння ва ўсіх галінах супрацы, ані традыцыйна сяброўскага стаўлення да Беларусі і яе народу з боку расейцаў».

«Відавочна, што заказчыкі і аўтары такіх артыкулаў спрабуюць пасеяць варожасць паміж нашымі краінамі і народамі. Безумоўна, гэта не пазіцыя расейскага кіраўніцтва, а тых дэструктыўных сіл і колаў, якія спрабуюць убіць клін у нашы глыбокія сяброўскія адносіны, у працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы», – лічыць міністр.

Следчы камітэт затрымаў адразу трох калумністаў расейскіх выданняў Regnum, Lenta.ru і EADaily. Адзін з іх выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец, другі – школьны вартаўнік к з Берасця Дзмітрый Алімкін, трэці – Сяргей Шыпценка.

Юрый Паўлавец шмат пісаў пра «рост нацыяналізму» ў Беларусі. Дзмітрый Алімкін у адным са сваіх матэрыялаў называў беларускую мову дыялектам расейскай мовы, а саміх беларусаў – мясцовай ідэнтычнасцю ў складзе рускага народа. У адным з апошніх тэкстаў Сяргея Шыпценка напісана, што пасля распаду СССР Беларусь скацілася да стану «рэгіянальнай правінцыі».

На іх завялі крымінальную справу за распальванне нацыянальнай варожасці. Аўтарам-беларусафобам можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зняволення.

ДР belsat.eu паводле tut.by, belta.by

Стужка навінаў