Аналітык пра адмену візаў для Турцыі: Тэракты ў Еўропе здзяйснялі грамадзяне ЕС


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/pXXVqHC1T8w”][vc_column_text]Пра тое, да чаго прывядзе адмена візаў з Турцыяй і з чаго трэба пачынаць змаганне з атакамі тэрарыстаў у Еўропе, у размове з Алесем Сілічам разважае аглядальнік радыё «Свабода» у Бруселі Рыкард Юзьвяк.[/vc_column_text][vc_single_image image=”199933″ img_size=”medium” add_caption=”yes”][vc_column_text]Алесь Сіліч: Ці ў звязку з увядзеннем бязвізавага рэжыму ЕЗ – Турцыя можа вырасці пагроза новых тэрарыстычных атак у Еўропе?

Рыкард Юзьвяк: Я, па шчырасці, не веру ў гэта, і маё меркаванне адрозніваецца ад «афіцыйнага». Бо большасць з атак у Еўропе, сведкамі якіх мы сталі, здзейснілі людзі, якія ўжо маюць еўрапейскія пашпарты. І парыжскія тэракты, і брусельскія – гэтаму пацверджанне: тэрарыстамі былі грамадзяне Францыі ды Бельгіі. Імі могуць стаць і грамадзяне іншых краінаў, якія ўваходзяць у шэнгенскую зону. Я не думаю, што візавая лібералізацыя з Турцыяй прывядзе да ўсплёску тэрарызму ў Еўропе, але яна можа прывесці да актывізацыі такіх злачынстваў, як, напрыклад, падробка пашпартоў.

Амаль адначасова са з’яўленнем гэтай справаздачы Еўрапейскай камісіі выступіў былы кіраўнік брытанскай выведкі МІ-6 сэр Рычард Дыярлаў, які заявіў, што рашэнне пра бязвізавы рэжым з Турцыяй памылковае і параўнаў яго да «захоўвання бензіну побач з агнём».

Гэта, мякка кажучы, перабольшванне. І гэтую заяву зрабіў брытанскі прадстаўнік выведкі, але не варта забываць таго факту, што Вялікая Брытанія нават не ўваходзіць у шэнгенскую зону і мае магчымасць пры неабходнасці закрыць свае межы. Таму гэтае пытанне, калі быць шчырым, не такое вострае для жыхароў гэтай краіны. І, па-другое, застаюся з меркаваннем, што візавая лібералізацыя датычыць, найперш, шараговых грамадзянаў Турцыі, у якіх з’явіцца магчымасць прасцей вандраваць у Еўропу і потым вяртацца дахаты. Тыя ж, хто хоча прыехаць да нас з тым, каб зрабіць нешта дрэннае і нанесці нам шкоду, могуць пранікнуць сюды, напрыклад, праз плыні ўцекачоў.

Не так даўно некаторыя бельгійскія газеты паведамілі, што згодна з выведніцкімі звесткамі адной са спецслужбаў, «Ісламская дзяржава» рыхтуе новыя камандзіроўкі тэрарыстаў у Еўропу. І ніхто не ведае, дзе наступны раз выбухне. Наколькі пытанне візаў можа наагул ім перашкаджаць?

Паўтаруся, што не думаю, што візавае пытанне можа стаць нейкаю перашкодай для тэрарыстаў. Вы не можаце паставіць кропку на тэрарыстычнай пагрозе, штампануўшы або не штампануўшы візы.

Пачынаць эфектыўнае змаганне з пагрозаю тэрарыстычных атак трэба з таго, каб выведаць пра існаванне радыкальных элементаў у сваім уласным грамадстве. То бок трэба забіць тэрарызм на корані. Таксама не перашкодзіла б адсочваць рухі патэнцыйных тэрарыстаў па тэрыторыі Еўропы з тым, каб перашкодзіць іхным планам. А для гэтага трэба павышаць узровень каардынацыі паміж рознымі еўрапейскімі органамі, адказнымі за барацьбу з тэрарызмам.

Але ўсё ж я баюся, што, калі новая тэрарыстычная атака будзе здзейсненая, адбудуцца змены ў грамадскай думцы і пачнуць раздавацца галасы, – што, маўляў, мы больш не будзем нікому па-за межамі ЕЗ даваць візы. І спынім ці адменім бязвізавы рэжым – з Малдоваю, з Грузіяй, з Украінаю і з Турцыяй. І мы проста, маўляў, павесім вялізарны замок на ўсе свае межы. Рэальная пагроза цяпер у гэтым, насамрэч! Калі здарыцца яшчэ адзін Парыж ці Брусель, ЕЗ можа проста сказаць усім сваім суседзям: «Асцярожна, дзверы зачыняюцца». І суседзяў сваіх мы можам ужо і не ўбачыць.

У Еўракамісіі таксама асцерагаюцца, пішуць медыі, што «турэцкая мафія, якая займаецца незаконным увозам у ЕЗ наркотыкаў, зброі, секс-рабыняў і ўцекачоў, у выніку ўгоды Бруселю з Анкарою ажыццявіць «наўпроставую тэрытарыяльную экспансію ў Еўропу».

Турэцкая мафія, калі яна хоча ладзіць свае аперацыі на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу, то будзе гэта рабіць і пры візавай лібералізацыі, і без яе! Кажу гэта абсалютна шчыра, і мне нават крыху смешна гэта абмяркоўваць. Кантрабанда наркотыкаў, «секс-трафік» і г.д. – усім гэтым займаюцца міжнародныя крымінальныя сеткі, чые прадстаўнікі прыязджаюць у Еўропу і пакідаюць яе па даўно «пратаптаных сцежках», і візавае пытанне ім не перашкода. Візы неабходныя для шараговых грамадзянаў не-ЕЗ, якія хочуць наведаць іншых шараговых грамадзянаў Еўрапейскага Звязу, так скажам.

З крымінальнымі элементамі трэба змагацца зусім іншымі шляхамі. І, калі казаць, што адмяніўшы візы, мы такім чынам змагаемся з крыміналам, гэта проста штучна супакойваць сабе. Простай забаронай на выдачу візаў нам не перамагчы ні тэрарызму, ні прастытуцыі, ні кантрабанды наркотыкаў ды іншых незаконных рэчаў у Еўропу.

Што трэба зрабіць, каб эфектыўна змагацца з тэрарызмам і папярэдзіць новыя тэрарыстычныя атакі?

Адзін з галоўных урокаў, які мы атрымалі пасля тэрарыстычных атак у Парыжы і Бельгіі,– гэта тое, што мы ўбачылі, што выведкі розных еўрапейскіх краінаў не супрацоўнічаюць адная з адной! Або ўзровень гэтай супрацы недастаткова эфектыўны. Ужо пасля трагедыі ў Парыжы мы ўбачылі, што французскія спецслужбы выведкі не маюць рэальнай сувязі з іхнымі бельгійскімі калегамі. Але такая супраца неабходная, у тым ліку на мясцовым узроўні, а не толькі на нацыянальным. Трэба абменьвацца інфармацыяй, мець агульныя базы звестак, рэгулярныя асабістыя кантакты. Трэба, каб існаваў у пэўнай ступені адзіны арганізм еўрапейскай выведкі. Тады могуць быць нейкія зрухі да лепшага.

Не існуе нейкай магічнай «срэбранай кулі», як мы кажам, якая развяжа праблему тэрарызму. Але камбінацыя выведкавай працы і пэўнага кшталту сацыяльнай працы – кантакты і супраца, напрыклад, з мячэцямі ў розных краінах, павелічэнне колькасці паліцыі і г.д. могуць нейкім чынам палепшыць сітуацыю. Але зусім не візавая лібералізацыя ці дэлібералізацыя.

Размаўляў Алесь Сіліч

Стужка навінаў