Амяльковічу вынеслі спагнанне за заклікі на ўдзел у Дне Волі


Каардынатару Руху «За свабоду» па Мінскай вобласці Віталю Амяльковічу суд вынес спагнанне ў памеры 15 базавых велічыняў.

Віталя Амяльковіча суд  у Слуцку асудзіў па ч. 1 арт. 23.34 КААП  за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства праз размяшчэнне малюнка і тэксту пра Дзень Волі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Паводле актывіста, «калі суддзя даведаўся, што мяне няма, ён абвясціў перапынак, каб удакладніць «прычыну няяўкі»». Праз паўгадзіны суддзя Тарасюк вярнуўся і агучыў матэрыялы справы, прачытаў заяву, у якой Амяльковіч прасіў пра перанос суда на 30 сакавіка ці пазней, бо па асабістых прычынах не можа прысутнічаць на гэтым пасяджэнні.

«У заяве я пазначаў, што я не прызнаю сябе вінаватым. Я хацеў, каб справу разглядалі ў маёй прысутнасці», – падкрэсліў Віталь Амяльковіч.

Суддзя палічыў гэта непаважнай прычынай і тут жа без перапынку вынес рашэнне – спагнанне 15 базавых велічыняў.

«Гэта палітычная справа. Для іх было самае галоўнае, каб я не паехаў у Мінск на святкаванне Дня Волі. Я не лічу, што сваім допісам заклікаў кагосьці на акцыю. Да таго ж, падвоенае пакаранне – арышт і штраф – гэта ганебная практыка. Таму планую абскарджваць рашэнне суда», – заключыў Віталь Амяльковіч.

ВД, паводле pyx.by

Стужка навінаў