Ампір супраць мадэрну. Як савецкія архітэктары Гомля рэпрэсавалі спадчыну Шабунеўскага


Напрыканцы XIX стагоддзя Гомлю вельмі пашчасціла – у горад пасля сканчэння Інстытуту грамадскіх інжынераў у Санкт-Пецярбургу прыехаў працаваць малады беларускі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Дзякуючы яму горад значна пабагацеў на якасную архітэктуру.

Сёння Гомель упрыгожвае некалькі дзясяткаў твораў Шабунеўскага. Але шмат яго будынкаў было страчана ў Другую сусветную вайну і ў мірныя часы. Сам жа архітэктар быў рэпрэсаваны ў 1930-х гадах, а ягонае імя было сцёртае з горадабудаўнічай гісторыі Гомля.

Некаторыя будынкі Шабунеўскага сёння лічацца назаўсёды страчанымі. Але шмат хто і не падазрае, што дарэвалюцыйная спадчына архітэктара сёння хаваецца за савецкімі фасадамі.

Гасцініца «Варшава» Івана Яскульскага

Двухпавярховы будынак быў узведзены ў 1904 годзе на вузкім участку паміж двума эклектычнымі будынінамі. Тут Шабунеўскі вырашыў прадэманстраваць увесь свой арсенал мастацкіх напрацовак новазасвоенага мадэрну. Адных маскаронаў на будынку было шэсць штук! А слупкі зверху завяршалі скульптуры рыбападобных істот.

Мастацкая 3D візуалізацыя прыбытковага дому Яскульскага (аўтары: Аляксей Шчарбіна, Максім Жадзько, Дзмітрый Башмак)

Кандытарская Яскульскага заняла ўсе 6 пакояў першага паверху. Сама ж пякарня знаходзілася ў падвале. Увесь другі паверх займала гасцініца «Варшава», якая была разлічаная на 13 нумароў.

Злева – тое, як мог выглядаць фасад былога прыбытковага дому, калі б захаваўся. Аўтар канцэптуальнай ідэі аднаўлення – Сяргей Ляпін. Справа – тое, як выглядае будынак цяпер.

З прыходам бальшавікоў будынак нацыяналізавалі. Што там знаходзілася ў міжваенны час, дакладна невядома. Падчас Другой сусветнай будыніна была значна пашкоджаная. Палонным немцам даручылі зрабіць чарцяжы яе фасаду. Але савецкія архітэктары ўсё ж не наважыліся аднавіць складаны мадэрновы будынак. Таму фасад цалкам зруйнавалі ў 1948 годзе і пабудавалі будыніну зноў – у стылі сталінскага ампіру. Пры гэтым каробка старога будынку захавалася. Тут размясціўся самы статусны рэстаран пасляваеннага гораду – «Зара».

Прыбытковы дом Фані Немчанкі

Гэты прыбытковы дом Станіслаў Шабунеўскі пабудаваў у стылі мадэрн у 1908 годзе. У адрозненні ад прыбытковіка Яскульскага, фасад тут больш строгі.

Злева – тое, як мог выглядаць фасад былога прыбытковага дому, калі б захаваўся (аўтар канцэптуальнай ідэі аднаўлення – Сяргей Ляпін). Справа – тое, як выглядае будынак цяпер.

На першым паверсе месціўся ілюзіён (ці кінематограф), на другім паверсе ў трох пакоях быў прыёмны кабінет і жыллё зубнога лекара Фрыдмана. Трэці паверх з галерэяй і шкляной вежачкай займала фотастудыя гаспадыні дому – Фані Немчанкі.

Мастацкая 3D візуалізацыя прыбытковага дому Фані Немчанкі (аўтары: Аляксей Шчарбіна, Максім Жадзько, Дзмітрый Башмак, Раман Рошчанка)

Цікава, што вобраз вытанчанага мадэрновага дому быў сапсаваны яшчэ да прыходу бальшавікоў. Ужо ў 1918 годзе замест ажурнай галерэі тут з’яўляецца груба перароблены капітальны трэці паверх, а шкляная вежачка і атык – знікаюць.

Вядома, што ў міжваенны час у будынку месцілася рэстарацыя і жылыя кватэры. Падчас Другой сусветнай будыніна выгарае і ў часе пасляваеннага аднаўлення яе фасад цалкам перабудоўваюць. Гэтым разам архітэктурнае рашэнне новага фасаду аказалася зусім простым, калі не сказаць бязлікім.

Пажарная каланча на Базарнай плошчы

Каланча была пабудаваная ў 1913 годзе дзеля паляпшэння ўмоваў гарадской пажарнай службы, якая месцілася ў старым будынку гасціннага двара на Базарнай плошчы. Новае дэпо было разлічана на шэсць пажарных экіпажаў.

Мастацкая 3D візуалізацыя старога пажарнага дэпо з каланчой (аўтар: Раман Рошчанка)

Будынак з чырвонай цэглы нагадваў аб гатычнай архітэктуры сваймі стральчатымі нішамі і вокнамі, выцягнутай вежай са шпілем. Але ў аснове трохчаснай асіметрычнай кампазіцыі гэтага будынку быў любімы для Шабунеўскага стыль мадэрн.

На гэтым месцы знаходзілася пажарная каланча (аўтар канцэптуальнай ідэі аднаўлення – Сяргей Ляпін).

У часы Другой сусветнай на згарэлым пажарным дэпо быў узняты чырвоны сцяг у гонар вызвалення Гомлю ад немцаў. Пасля вайны будынак быў адноўлены. Але, як пісалі газеты тых часоў: «каланча ніяк не гарманіравала з новымі прыгожымі будынкамі». Вясновай ноччу 1964 г. будынак быў знесены пры дапамозе выбухоўкі. А ў медыя з’явілася інфармацыя, што гарадскія ўлады пабудуюць на яго месцы «высокі адміністрацыйны будынак, які яшчэ болей упрыгожыць цэнтральную плошчу Гомля».

Гасцініца «Савой»

У 1910 годзе Станіслаў Шабунеўскі атрымаў прэстыжную замову ад гомельскіх прадпрымальнікаў, братоў Шановічаў. Архітэктару было даручана стварыць будынак самай камфартабельнай гасцініцы Гомля. Яна прадстаўляла сабой нябачаны раней у Гомлі гандлёва-забаўляльны комплекс. Апроч самой гасцініцы і мноства крамаў, тут яшчэ былі: бібліятэка з чытальнай залай, кінатэатр, цырульня, більярд і канцэртная зала.

Мастацкая 3D візуалізацыя гасцініцы «Савой» (аўтары: Алёна Махновіч, Раман Рошчанка)

Гасцініца яшчэ мела прыкметы мадэрну ў выглядзе пластычных балконаў і атыкаў. А вось сам даўгі геаметрычны абʼём будынку з рытмічнымі шэрагамі вялікіх вокнаў стаў прыкметай новай рацыянальнай архітэктуры.

Будынак кінатэатра імя Калініна быў пабудаваны з выкарыстаннем сценаў гасцініцы «Савой». (аўтар канцэптуальнай ідэі аднаўлення – Сяргей Ляпін).

Мала якія будынкі Гомля мелі такую насычаную біяграфію. У сакавіку 1919 году гасцініца стала цэнтрам антыбальшавіцкага паўстання на чале з меншавіком Уладзімірам Стракапытавым. За час свайго існавання будыніна пабыла Палацам працы, Акружным выканаўчым камітэтам і зноў гасцініцай з люкс нумарамі.

Вуглавую частку гасцініцы першапачаткова планавалі аднавіць, але ў выніку цалкам знеслі і на пустым месцы пабудавалі будынак Універмагу (аўтар канцэптуальнай ідэі аднаўлення – Сяргей Ляпін).

У часы Другой сусветнай будынак моцна пацярпеў і адразу пасля вайны з’явіўся праект яго аднаўлення ў ампірнай стылістыцы. Але на практыцы аказалася прасцей знесці існуючыя сцены вуглавой часткі і пабудаваць новы абʼект з нуля. А вось тая частка будынку, дзе знаходзіўся кінематограф, не была знесеная. Былую глядацкую залу і сцены гатэлю Савой савецкія архітэктары выкарысталі дзеля стварэння ампірнага кінатэатра імя Калініна.

Сяргей Ляпін Belsat.eu

Стужка навінаў