Amnesty International абвесціла акцыю па вызваленні Паўла Севярынца


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікае накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннем неадкладна вызваліць апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца. Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі.

«З дакладных крыніцаў нам стала вядома пра жорсткае абыходжанне пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павел Севярынец – вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць», – заявіла праваабарончая арганізацыя.

Amnesty International заклікаюць неабыякавых грамадзянаў накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннямі неадкладна вызваліць Паўла Севярынца. Узор ліста можна знайсці на сайце арганізацыі.

Праваабаронцы нагадваюць, што беларускага палітыка ўжо прызнавалі вязнем сумлення ў 2011 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў.

«Наступ на палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць цяпер і пасля выбараў 2010 года адрозніваюцца. Цяпер пераслед пачаўся за некалькі месяцаў да выбараў на фоне рэкордна нізкага, паводле агульнага пераканання, рэйтынгу прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі», – адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.

Amnesty International заклікае ўлады Беларусі «неадкладна спыніць эскалацыю нападаў на правы чалавека», вызваліць усіх затрыманых, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

Нагадаем, Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня. З гэтага часу яму ўжо некалькі разоў дадавалі новыя адміністратыўныя арышты. Падчас суду 18 чэрвеня ён распавёў, што на наступны дзень пасля затрымання яго кінулі ў карцар: ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзін, пакой 2 на 3 метра, вельмі холадна. «Забралі зубную пасту і шчотку. Тут няма вады наагул, яна адключаная. [Таму] мне давялося рэзаць вены, пратэстуючы. Ніколі такога не было на «сутках», – заявіў ён. У знак пратэсту супраць катаванняў Севярынец парэзаў сабе руку.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў