Амерыканскія войскі выпрабоўваюць камуфляж новага пакалення – на выпадак вайны з Расеяй?


Размешчаны ў Нямеччыне 2-гі кавалерыйскі полк амерыканскіх Сухапутных войск пачаў выпрабаванні камуфляжу для бранятэхнікі, распрацаванага шведскай кампаніяй «Saab», піша defence-blog.com.

Мабільная камуфляжная сістэма «Баракуда» распрацаваная для бранятэхнікі і павінна будзе рэзка знізіць заўважальнасць БТР, БМП і танкаў у звычайных аптычных і начных (інфрачырвоных ці цеплавізійных) прыцэлах праціўніка.

Выпрабаванні праходзяць у Еўропе невыпадкова, лічаць спецыялісты. Гэта менавіта той магчымы тэатр ваенных дзеянняў, дзе войскі НАТО могуць сустрэцца з адносна сучаснымі ўзброенымі сіламі Расеі, якія правялі заўважную мадэрнізацыю за апошнія 10 год.

Жаўнеры «апранаюць» камуфляж на свае баявы машыны.
Фота «Saab AB»

«Рухомы камуфляж і змяншэнне заўважальнасці зараз больш важныя, чым калісьці за апошнія 15 год, асабліва на еўрапейскім тэатры», – кажа дырэктар па продажам аддзялення «Saab» Скот Колдвэл.

Камуфляж нагадвае маскіровачную сетку, якая добра «прыгнаная па фігуры» бранявой машыны. Аднак вырабляецца сетка са спецыяльнай тканіны, якая зменшае цеплавое выпраменьванне, а таксама мае стэлс-якасці – то бок дрэнна адбівае промні радара.

Прэзентацыйнае відэа камуфляжу «Баракуда».

Такім чынам, хоць камуфляж не можа цалкам схаваць тэхніку ад назіральніка, але скараціць адлегласць, з якой яна будзе бачная, а таксама вельмі ўскладніць ідэнтыфікацыю тыпа бранятэхнікі. Ідэя ў тым, каб даць жаўнерам у закамуфліраванай тэхніцы першым заўважыць ворага і прыняць рашэнне на адкрыццё агню ці на змену пазіцыі.


Прататып БМП «Stryker» з дыстанцыйна кіраваным модулем, у якім стаіць 30мм пушка. Фота breakingdefense.com

Раней Сухапутныя войскі ЗША ўзнялі пытанне пра тое, што баявыя машыны пяхоты «Stryker», якія знаходзяцца ў Еўропе і могуць сустрэцца з расейскай агрэсіяй, павінны атрымаць значна больш магутнае ўзбраенне – 30мм аўтаматычныя пушкі замест 12,7мм кулямётаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў