Амерыканскія вайскоўцы праспявалі... украінскую калядку


«Прыйшло Раство і прынесла з сабой радасць маладым і старым, пакорлівым і смелым», – праспявалі на Каляды 2017 году прадстаўнікі ўсіх відаў Узброеных сілаў ЗША.

Куплеты песні «Carol of the Bells» («Калядны гімн званочкаў») па чарзе спяваюць і граюць музыканты амерыканскіх Вайскова-паветраных сіл, Берагавой абароны, Марской пяхоты, Акадэміі ВПС, Сухапутных войск і Ваенна-марскога флоту ЗША.

Гэта пераробка ўкраінскай калядкі «Шчэдрык» кампазітара Міколы Леантовіча. Песня была ўпершыню выкананая ў ЗША ў 1921 годзе і стала такой папулярнай, што ў 1936 годзе была напісаная яе англамоўная версія, якую дагэтуль спяваюць на Каляды па ўсёй Амерыцы.

Арыгінальная версія пачынаецца словамі:

«Щедрик, щедрик, щедрівочка,
Прилетіла ластівочка,
Стала собі щебетати,
Господаря викликати:

– Вийди, вийди, господарю,
Подивися на кошару,
Там овечки покотились,
А ягнички народились».

Кампазітар Мікола Леантовіч быў забіты камуністамі на сваёй радзіме пад Вінніцай у студзені 1921 года.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў