Амерыканскія экс-дыпламаты: міратворчая місія на Данбасе замарозіць канфлікт, а не вырашыць яго


Фота Reuters

Амерыканскія экс-дыпламаты перасцерагаюць, што міратворчыя місіі ніколі не вырашалі канфлікты, а толькі замарожвалі іх, піша выданне Wall Street Journal.

Газета нагадвае, што на мінулым тыдні на Мюнхенскай канферэнцыі ў сферы бяспекі чыноўнікі ЗША і НАТА абмяркоўвалі пытанне размяшчэння міратворчай місіі з украінскімі і расейскімі дыпламатамі.

Некаторыя амерыканскія прадстаўнікі ў прыватных размовах агучвалі перасцярогі, што Вашынгтон можа патрапіць у пастку Пуціна.

«Расея не зацікаўленая ў тым, каб сітуацыя ва Украіне супакоілася. Міратворчыя сілы могуць неспадзявана замацаваць расейскі кантроль над тэрыторыямі на Данбасе, а не вырашыць канфлікт», – лічаць цяперашнія і былыя чыноўнікі ЗША.

У той жа час і прыхільнікі, і скептыкі лічаць, што ЗША варта быць асцярожнымі ў абмеркаванні такога сцэнару.

«РФ можа паспрабаваць затрымаць або сарваць працэс пераходу пад кантроль міратворчых сіл часткі расейска-ўкраінскай мяжы. Рызыкі можна змякчыць, калі прапанова будзе ўключаць пэўнае змякчэнне санкцый да поўнага аднаўлення міру ва Украіне». – дапускаюць былыя амерыканскія чыноўнікі.

На Мюнхенскай канферэнцыі былыя амерыканскія дыпламаты ад дэмакратычных і рэспубліканскіх адміністрацый ставілі пад сумнеў цяперашняе абмеркавання гэтага пытання.

Былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол нагадаў пра прыклад Кіпра, дзе міратворцы былі размешчаны ў 1864 годзе.

«Гэтыя сілы дагэтуль там, а заключэнне мірнага пагаднення, якое б аб’яднала акупаваную Турцыяй поўнач выспы з астатняй краінай, застаецца імглістым. Растлумачце, чым у гэтым канкрэтным выпадку фактары адрозніваюцца, каб гэта не прывяло да сцэнара накшталт перманентнага падзелу, як на Кіпры?», – сказаў Макфол прысутнаму ў Мюнхене Курту Уолкеру.

Амбасадар ЗША ў ААН у часы адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага Джон Болтан заявіў, што міратворчыя місіі міжнароднай арганізацыі звычайна замарожваюць падзел, а не вырашаюць яго.

«Вельмі рэдка разгортванне міратворцаў робіць нешта іншае, акрамя як замацоўвае прысутнасць гэтых сіл назаўжды» – падкрэсліў ён.

Уолкер, які вядзе з Масквой перамовы аб адпраўцы місіі, растлумачыў, што такі план спрацуе толькі ў тым выпадку, калі расейцы і ўкраінцы захочуць міру.

Акрамя таго, гэта, на яго думку, лепшы шанец імплементаваць Менскія пагаднення.

«Лепшая рэч, якую мы можам зрабіць, каб абараніць людзей, стварыць мір – гэта атрымаць мандат ААН на міратворчыя сілы, якія эфектыўна спыняць канфлікт» – падкрэсліў Уолкер.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка раней выказаў гатоўнасць даслаць беларускі міратворчы кантынгент на Данбас пра ўмове, што «пра гэта дамовяцца Парашэнка і Пуцін».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары