Амерыканскі палкоўнік: «Расейцы не адчуваюць межаў, яны могуць заблакаваць Адэсу»


Не трэба канцэнтравацца на рэакцыі прэзідэнта Трампа ў справе новай атакі Расеі на Украіну. Звярніце увагу не толькі на тое, што Захад і ЗША скажуць, але і на тое, што зробяць. Так заявіў палкоўнік Арміі ЗША у рэзерве Рэй Вуйцік у першай частцы інтэрв’ю Сяргею Пелясе. Былы вайсковы аташэ ЗША у Польшчы цяпер кіраўнік Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі ў Варшаве.

Спадар дырэктар, як бы вы пракаментавалі сітуацыю нядаўняга нападу Расеі на ўкраінскія караблі?

Тое, што расейцы працягваюць рабіць такія рэчы, іх дзеянні ва Украіне – гэта выклік Захаду, выклік НАТО, выклік Еўропе, выклік ЗША. Расейцам варта паглядзець на сітуацыю ў катэгорыі «гэта не толькі справа Расеі і Украіны». Захад не быў добра падрыхтаваны да наступнага этапу эскалацыі. Мы сведкі таго, як расейцы ўсцяж распальваюць канфлікт; па рэакцыях, якія ідуць з розных сталіц, арганізацый, з розных узроўняў вы можаце бачыць, як мы да гэтага ставімся.

Вельмі важна зразумець, што тут ёсць агрэсар і ахвяра. Агрэсар – гэта Расея, а ахвяра – Украіна.

Такім чынам, няправільна было б казаць, што абодва бакі мусяць узяць удзел у дээскалацыі, ці, напрыклад, што абодва бакі нясуць адказнасць за тое, што пакуль гэтага не атрымліваецца. У агрэсіўных дзеяннях у рэгіёне заўважаныя расейцы – штосьці кшталту паўзучай анексіі, у гэтым выпадку ў тэрытарыяльных водах.

На ваш погляд, чаму ўкраінскія маракі не адказалі, калі расейцы пачалі ў іх страляць?

Я не магу каментаваць правілы правядзення баявых дзеянняў ад імя ўкраінскіх ВМС. Зразумела, што іхны флот не самы моцны ў Азоўскім і Чорным моры – расейцы маюць больш людзей, тэхнікі, узбраення. Магчыма, яны не сталі рызыкаваць, бо не хацелі яшчэ большай эскалацыі канфлікту.

Расейцы карыстаюцца тым, што абвясцілі сябе дэ-факта ўладальнікам тых тэрытарыяльных водаў, Азоўскага Мора, уваходаў і гэтак далей. У сваёй трактоўцы міжнародных правілаў яны ставяць усё з ног на галаву, каб даказаць, што яны маюць поўнае права рабіць тое, што робяць.

А каб стаць больш магутнай сілай, украінскія ВМС, як і сухапутныя войскі, мусяць яшчэ шмат папрацаваць, і гэта тое, на што НАТО і ЗША павінны звярнуць увагу, г.зн на неабходнасць хуткага развіцця ўкраінскага флоту.

Як ЗША і ў цэлым Захад могуць дапамагчы Украіне ў аднаўленні яе флоту пасля анексіі Крыму?

Так, у выніку анексіі Крыму яны моцна страцілі. Па-першае, Захаду, у прыватнасці НАТО, варта развіваць паслядоўную чарнаморскую стратэгію. Да цяперашняга часу НАТО гэтым усур’ёз не займалася. НАТО і ЗША, як ключавы яе сябар, зрабілі пэўныя высілкі па ўзмацненні і размяшчэнні ратацыйных войскаў у чарнаморскім рэгіёне, але маштаб і зладжанасць дзеянняў былі недастатковымі. Тут трэба больш ваенна-марской прысутнасці НАТО на вялікіх абшарах у Чорным моры і шырэйшы ахоп. На жаль, існуе праблема з Турцыяй – канкрэтна іх супольны з Расеяй праект «Турэцкая плынь», адносіны Турцыі з Расеяй у цэлым, і дадаткова мы маем справу з Канвенцыяй Мантро, якая істотна абмяжоўвае дзеянні НАТО у Чорным моры. Такім чынам, каб дапамагчы і падтрымаць развіццё ўкраінскага флоту, варта зрабіць наступнае – паскорыць некаторыя праграмы, якія б далі магчымасць хуткага перамяшчэння і хуткага навучання ўкраінскага персаналу патрульных караблёў і наземных комплексах супрацькарабельных ракет, а таксама падвысіць узровень выведкі і магчымасцяў папярэджання, кантролю і валодання сітуацыяй, каб украінцы маглі бачыць, што робяць расейцы, і былі ў стане рэагаваць.

Як вы лічыце, ці расейцы спыняцца пасля таго, як яны дэ факта ператвораць Азоўскае мора ў сваё «унутранае возера» ці пойдуць далей і пачнуць, скажам, блакаду Адэсы?

Я думаю, відавочна, што расейцы будуць рабіць з Украінай, што хочуць, пакуль яны пачуваюцца беспакаранымі.

Яны могуць вырашыцца на блакаду Азова і спыненне ўкраінскага гандлёвага суднаходства, што было б істотным ударам па ўкраінскай эканоміцы і адпаведна кіраванні, гэта раёны на поўдні, каля Крыму. У такіх выпадках Захад выкарыстоўвае пугу з метаду пугі і перніка, каб расейцы ведалі, што мы сур’ёзна ставімся да пытання бяспекі Украіны. Але мяркую, што расейцы не адчуваюць межаў, яны могуць заблакаваць Адэсу. Менавіта таму мусіць быць сур«ёзная рэакцыя з з боку Захаду, у тым ліку НАТО, ЕЗ і ЗША.

Самае асноўнае тут – не засяроджваць сваёй увагі на індывідуальнай рэакцыі, хоць бы і рэакцыі прэзідэнта, але назіраць, які адказ будзе ад НАТО, ЗША, сачыць, што памянялася.

Я лічу, што не трэба марнаваць шмат часу на размовы пра ранейшыя заявы прэзідэнта наконт бяспекі на ўсходнім флангу НАТО, але паглядзець, што гэты прэзідэнт ужо зрабіў, бо колькасць ратацыйных сілаў працягвае расці, а абавязальніцтвы адносна ўсходняга флангу таксама выконваюцца.

Я думаю, варта засяродзіцца на сапраўднай рэакцыі.

Як вы думаеце, ці нядаўні агрэсіўны крок Расеі можа падштурхнуць ЗША да рашэння размясціць сваю пастаянную базу ў Польшчы? Ці гэта аніяк не звязана?

Безумоўна, гэтыя моманты звязаныя паміж сабой.

Гістарычна склалася так, што чалавек «расейскай» ментальнасці, у прыватнасці, Пуцін, рэагуе на сілу і яе праявы.

Прапанова пастаяннай прысутнасці заходніх войскаў на ўсходнім флангу НАТО зʼяўляецца канкрэтным доказам і дэманстрацыяй нашай гатовасці і здольнасці рэагаваць на ўсходнім флангу.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Чытайце таксама:

Фота: Sergei Malgavko / TASS / FORUM

Стужка навінаў