Амерыканскі часопіс пра зорак распавёў пра раман Пуціна з былой жонкай медыямагната


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сустракаецца з амерыканскай прадпрымальніцай кітайскага паходжання і былой жонкай амерыканскага і аўстралійскага медыямагната Рупэрта Мэрдака (Rupert Murdoch) – Ўэндзі Дэн (Wéndí Dèng).

Пра гэта піша ў чацвер, 31 сакавіка, амерыканскі часопіс пра знакамітасцяў «US Weekly». Выданне адзначае, што гэта чуткі.

Часопіс піша, што інфармацыі пра раман Пуціна і Дэн ужо некалькі гадоў. Крыніца, «блізкая да ўплывовага лідара», паведаміла, што адносіны «сурʼёзныя».

Паводле часопісу, Дэн заўважылі на борце яхты на востраве Сэн-Бартэлемі (Saint-Barthélemy) у Атлантычным акіяне з расейскім мільярдэрам Раманам Абрамовічам 28 сакавіка.

Амерыканскі і аўстралійскі медымагнат Мэрдак развёўся з Дэн, з якой быў у шлюбе 14 гадоў, у чэрвені 2013 года пасля чутак пра яе раман з былым прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі Тоўні Блэрам (Tony Blair). Палітык адмаўляў, што меў адносіны з ёй.

У лютым 2016 года Мэрдак ажаніўся ў чацвёрты раз на былой мадэлі Джэры Гол (Jerry Hall), якая каля 20 гадоў сустракалася з вакалістам гурта «The Rolling Stones» Мікам Джэгерам (Mick Jagger).

У траўні 2015 года швейцарскі таблоід «Blick» пісаў (таксама адзначаючы, што гэта чуткі), што Пуцін мог суправаджаць спартсменку і дэпутата Дзярждумы Аліну Кабаеву, калі тая ездзіла ў Швейцарыю нараджаць. Выданне расказала, што народжанае ёй дзіця «можа быць трэцім па ліку сумесным дзіцём Пуціна і Кабаевай».

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў тады сказаў, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Уладзімір і Людміла Пуціны абвясцілі аб разводзе ў 2013 годзе. У студзені 2016 года стала вядома, што былая жонка прэзідэнта Расеі выйшла замуж за Артура Ачарэтнага, які ўзначальвае Цэнтр развіцця міжасобасных камунікацыяў.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў