Амерыканская, тэрмалабільная. «Вконтакте» прадаюць вакцыну ад каронавіруса


У «Вконтакте» махляры прапануюць вакцыну ад каронавіруса. У калажы выкарыстанае фота pixabay.com

Сусветныя лабараторыі не паспелі яшчэ прыступіць да тэставання на людзях вакцыны ад каронавіруса. А махляры ўжо гандлююць. Пад маскаю даверлівага пакупніка Belsat.eu спрабаваў «замовіць» фэйкавую прышчэпку ў «Вконтакте».

Попыт нараджае прапанову

Пад час пандэміі кожны чалавек робіць свядомы выбар. Адныя дапамагаюць абараніць беларусаў ад каронавіруса – ахвяруюць грошы ці ідуць у валанцёры. Іншыя – нажываюцца на страху людзей перад хваробаю. Адзін з прыкладаў – група ў «Вконтакте», якая злавіла хвалю часу і, пэўна, нешта ўжо зарабіла на сваім прадукце: «Вакцина от Коронавируса (COVID-19)», пра якую эпідэміёлагі пакуль толькі мараць – у адкрытым доступе для кожнага!

Скрыншот старонкі групы ў «Вконтакте», праз якую махляры прапануюць вакцыну ад каронавіруса

У апісаннях няма а ні назвы прэпарату, а ні назвы лабараторыі, з якой ён выйшаў. Але дзеля заспакойвання пакупніцкай цікавасці і большае пераканаўчасці, махляры ўдакладняюць:

«Сродак ад віруса COVID-19 распрацавалі нядаўна з дапамогаю групы амерыканскіх навукоўцаў».

Каб дадаць сваім допісам вагі, зараблякі выкарысталі артыкул расейскай правізаркі Марыны Паздзеевай, апублікаваны ў 2019 годзе – у сваёй версіі змянілі назву і дадалі «COVID-19» дзе трэба.

У суполцы 90 чалавек, пераважна так званых ботаў і несапраўдных акаўнтаў, якія ствараюць масавасць, разлічваючы на давер наведнікаў. Belsat.eu пад выглядам патэнцыйнага пакупніка напісаў прадаўцам. Праз некалькі дзён мы атрымалі адказ і… фотаздымак бутэлечкі з вакцынаю, якая аказалася ўсяго толькі ілюстрацыяй да аднаго з навінавых матэрыялаў. Аўтарскія правы – VTV News.

Скрыншот размовы «Белсату» з прадаўцамі фэйкавай вакцыны ад каронавіруса ў «Вконтакте»

Без прышчэпкі – ну ніяк!

Фэйкавую прышчэпку ашуканцы апуталі псіхалагічнымі кручкамі: захоўвайце ў лядоўні, рабіце ў плячо ў паліклініцы, ведайце галоўнае: «Вакцынацыя абавязковая, без яе забяспечыць сябе ад віруса на 100 % немагчыма». Пасля гэтага, безумоўна, махляр падводзіць ахвяру да набывання.

Кошт «цудадзейнага сродку» – RUB 2000 (гэта BR 65). Грошы прапанавалі перавесці на рахунак «Сбербанку» або на гаманец Qiwi. Тое, што мы з Беларусі – нічога, маўляў, дастаўка – да 2 дзён ад моманту атрымання грошай:

«Калі будзеце адпраўляць грошы, у апісанні падайце імя і прозвішча, колькасць ампул і поўны адрас», – патлумачылі стваральнікі старонкі.

Скрыншот размовы «Белсату» з прадаўцамі фэйкавай вакцыны ад каронавіруса ў «Вконтакте»

Нашае пытанне пра вытворцаў таксама не знячэвіла зламыснікаў: «Знакамітая амерыканская кампанія Merck», – адказалі яны.

Калі чакаць сапраўдную вакцыну?

Распрацоўкай вакцыны ад каронавіруса займаюцца больш за 30 лабараторыяў па ўсім свеце. Кітай, Расея, Францыя, ЗША, Вялікая Брытанія ды іншыя – знаходзяцца на розных этапах даследавання. Раней САЗ паведамляла, што ва ўжытак вакцына ўвойдзе толькі ў наступным годзе.

Напрыклад, кітайскія навукоўцы заявілі пра паспяховыя выпрабаванні інактываванай вакцыны ад каронавіруса на мышах, пацуках і малпах. Вынікі даследаванняў апублікаваныя ў электроннай навуковай бібліятэцы bioRxiv.

Паводле навукоўцаў, вакцына прымусіла арганізм мышэй, пацукоў і прыматаў выпрацоўваць антыцелы, здольныя нейтралізаваць прынамсі дзесяць розных штамаў каронавіруса.

«Малыя і вялікія дозы гэтай вакцыны часткова або цалкам абаранілі малпаў ад заражэння COVID-19», – адзначылі даследнікі.

Распрацоўнікі вакцыны спадзяюцца, што тэставанне на людзях пачнецца ў найбліжэйшы час.

Анастасія Русецкая Belsat.eu

Стужка навінаў