Амерыканская Акадэмія гуказапісу раздала статуэткі «Грэмі» 62-і раз

Сяргей
Філімонаў

Першая цырымонія «Грэмі» адбылася ў 1959 годзе. Узнагародзілі практычна ўсе музычныя жанры: ад металу і кантры да рэпу і сімфоніі. Усяго – 84 катэгорыі.

Некалькі гадоў таму колькасць тых, хто галасуе, павялічылася за кошт моладзі ды афраамерыканскага насельніцтва. Колішняя «музычная акадэмічнасць» тут змянілася ў бок мэйнстрыму, у бок таго прадукту, які прапануюць вялікія музычныя лейблы. Таму меламанскія сюрпрызы накшталт перамогі канадцаў з гурта «Arcade Fire» цяпер малаверагодныя. Музыкант Мэйнард Джэймз Кінан з культавага гурта «Tool» характарызаваў «Грэмі» як «гіганцкую прамацыйную машыну музычнай індустрыі», адзначаючы, што цяпер прэмія апелюе да «нізкага інтэлекту» і «корміць масы».

Статуэткі «Грэмі». Фота: MJ Photos/REX/Shutterstock

– Яны не ўшаноўваюць мастацтва ці артыстаў за іх працы. Гэта музычны бізнес усхваляе сам сябе, – кажа Джэймз Кінан.

Як і звычайна, тэлекарпарацыя CBS прапанавала выбітнае шоу з выступамі шэрагаў артыстаў ад гурта «Aerosmith» да Білі Айліш, ад Гэры Кларка да Лэдзі Гагі. Засяродзімся на пералічэнні пераможцаў, музыка якіх больш за ўсё цікавіць меламанаў, чые альбомы маюць вялікую магчымасць патрапіць у вашы калекцыі.

Песняй і запісам года тут назвалі «Bad Guy» амерыканкі Білі Айліш. Ейны «When we all fall asleep, where do we go?» стаў альбомам года. Спявачцы ўсяго 18 год. Сёлета з яе зрабілі падлеткавую сенсацыю. Дасведчаныя меламаны ўспрынялі спевы Білі стрымана, але аб’ектыўна яна вельмі цікавая новая зорка. Ня гледзячы на пэўную інфантыльнасць. Разам са сваім братам Фінэасам (ён атрымаў прыз як найлепшы прадзюсар) Білі зрабілася ўладальніцай усіх галоўных Грэмі. У тым ліку і ў катэгорыі «найлепшая новая артыстка».

Спрэчная перамога ў Гэры Кларка малодшага ў катэгорыях рок-выступ, рок-спеў і блюз альбом. Ён вельмі таленавіты, яго клічуць «новым Джымі Гэндрыксам». Але пры наяўнасці блюзавай катэгорыі, дзе ён заслужана перамог, навошта яму далі яшчэ два грамафоны за рок? Там фаварытам быў гурт «Rival Sons».

Абсалютна заслужана найлепшым рок-альбомам года назвалі «Social Cues» гурта «Cage The Elephant». Я выдзеліў іхныя запісы яшчэ ўвосень. Цікава, што «Грэмі» за найлепшы металічны перформанс накіраваўся музыкантам з гурта «Tool», чые запісы меламаны чакалі больш чым дзесяцігоддзе. Акурат яны жорстка крытыкавалі Музычную акадэмію.

Шэрагі ветэранаў атрымалі новыя «Грэмі» – Вілі Нэльсан за кантры перформанс, Таня Такер у стылі кантры, Чык Карэя за лацінскі джаз, Анжэліка Кіджо – за «найлепшы ўорлд альбом», Кеб Мо ў стылі «амерыкана» і гэтак далей.

Гумарыстычныя спевы Ліл Наса (з дапамогаю Білі Рэя Сайруса, бацькі Майлі) атрымалі прыз за «найлепшы выступ поп-гурта». А лепшым танцавальным запісам і альбомам назвалі кампазіцыі гурта «Chemical Brothers». У нашай улюбёнай катэгорыі «альтэрнатыўны рок» заслужана перамог альбом гурта «Vampire Weekend» – «Father of the bride».

Абавязкова патрэбна згадаць музыку і песні з леташняга фільма «Зорка нарадзілася». Лэдзі Гага і Брэдлі Купер атрымалі шэраг прызоў «Грэмі» за тое, што склалі гэткія кранальныя спевы для свайго фільма. І напрыканцы згадаю выбітных мексіканскіх музыкантаў Радрыга і Габрыэлу, яны – найлепшыя інструменталісты ў свеце! Бясконцыя шэрагі іншых цікавых прызёраў і намінантаў можна прачытаць на афіцыйным сайце «Грэмі».

Глядзі таксама