Амерыканец – у думках пра секс, беларус – у самакапанні (інфаграфіка)


Наколькі беларусы адрозніваюцца амерыканцаў? Асабліва, калі вядзецца пра секс, страхі, самаідэнтыфікацыю? Мы атрымалі доступ да «ананімных прызнанняў» беларусаў і амерыканцаў ды параўналі іх.

Сёлета ў Менску адбылася непаўторная інтэрактыўная выстава «Прызнанні». Спачатку беларусы ананімна дзяліліся сваймі таямніцамі. Потым – знаёміліся з экспазіцыяй, якую ўтварылі карткі з прызнаннямі. Арганізатарка выставы – арт-дырэктарка агенцыі «So beautiful & Wild» Кацярына Ліпніцкая, сабрала і параўнала карткі землякоў са зробленымі раней у ЗША. Бо першая выстава «Confessions» мастачкі Кэндзі Чанг (Candy Chang) адбылася ў Лас-Вегасе.

Асноўныя тэмы споведзяў абодвух народаў – каханне і страхі, паказвае пост аналіз:

 

Каханне абʼядноўвае!

Каля 17 % прызнанняў і ў Менску, і за акіянам, прысвечаныя каханню і любові. Беларусы пішуць пра моцныя пачуцці да іншых людзей, да сябе, агулам да жыцця і ягоных найлепшых праяваў, да музычных зорак, класікаў літаратуры, ежы, сонца і розных забаваў.

Што да амерыканцаў, найбольш яны прызнаюцца ўсё ж у нерэалізаваным каханні – да сваіх блізкіх сяброў, да былых партнёраў і людзей, з якімі не могуць быць разам. Музычныя перавагі прыпадаюць на Бітлоў, у кінасвеце часцей сустракаюцца серыялы новага пакалення, асалоду ж прыносяць розныя стравы, марыхуана і аўта-экстрым.

Страх непазбежны!

Другое супадзенне ў рэйтынгу тэмаў – гэта страхі, якім прысвяцілі прызнанні па 10 % амерыканцаў і беларусаў. Яны займаюць трэці радок. Як і найлепшыя пачуцці, страхі часта застаюцца схаваныя пад маскаю чалавечае самапэўнасці. І тут і там людзі баяцца інсектаў, клоўнаў, а беларусы яшчэ і галубоў. Адзіны ў нас і страх няпэўнай будучыні, пераменаў ды няспраўджаных надзеяў.

З таго, што не супадае… У ЗША баяцца пераследу паводле расавай прыкметы, непрызнання ў грамадстве, адзіноты, няўдачы і згубіць кантроль над жыццём.

«Толькі амерыканцы прызналіся, што баяцца смерці. – акцэнтуе даследніца Кацярына Ліпніцкая, – Вясёлыя беларусы не баяцца паміраць, пэўна перакананыя, што і пасля скону іх чакае бесклапотная посткамуністычная рэчаіснасць», – іранізуе яна.



Больш чым памерці, мы баімся вайны і старасці, застацца без пары ці сямʼі, страціць працу, баімся балбатнуць лішняе, быць беднымі і не рэалізаваць сябе ў прафесіі. Апошняе ёсць найбольшым страхам беларуса і ў споведзях амерыканцаў сустракаецца толькі раз.

Паміж каханнем і страхам

Удзельнікі выставы «Confessions» у «Вегасе» ад тэмы кахання лагічна перайшлі да сексу, а ўдзельнікі ў Менску – кінуліся да праблемаў самаідэнтыфікацыі. Датычныя інтымнага жыцця справы ў прызнаннях беларусаў ідуць толькі пятымі. Гэта 4,16 % споведзяў супраць 14,33 % у амерыканцаў. І наадварот – пытаннямі ідэнтычнасці ў ЗША клапоцяцца ўдвая менш, чымся ў Беларусі (10,28 % супраць 5,80 %).

Вывучаючы матэрыялы на старонцы праекту і ў пабліках, высноваў доўга не чакаеш. Межы дазволенага ў сексуальным жыцці іншага кантыненту – значна шырэйшыя. Ці іншы варыянт – што секс у нашай постсавецкай краіне ўсё ж ёсць, але казаць пра яго нават употай людзі пакуль не гатовыя. Найчасцей прызнанні беларусаў звязаныя з моцным жаданнем сексу ці пакутамі сумлення на конт здрады. Амерыканцы ж больш кажуць пра свае эмацыйныя перажыванні, групавы досвед, некласічныя прыхільнасці.



Звяртаючыся да другой у беларускім рэйтынгу тэмы – самааналізу і самавызначэння, беларусы праявілі максімум крытыкі, накіраванай унутр сябе. Ці то канстатаванне сваіх комплексаў, ці самалюбаванне, прыняцце і непрыняцце свайго вонкавага выгляду, дэманстраванне рысаў характару, скаргі на няўтульнасць у ролі чалавека на Зямлі.



Амерыканцы праявілі больш сціплую патрэбу ў жорсткай самакласіфікацыі, калі не лічыць канкрэтных сітуацыяў кшталту «я ідыётка, бо..». У гэтай тэме назіралася лёгкая самаіронія і выдурняльніцтва.

Палітычная заклапочанасць

Нескладана заўважыць, што пытанні нацыянальныя і палітычныя не ёсць праблемамі для жыхароў ЗША. Звярніце ўвагу, што гэтыя складнікі сярод чатырох апошніх – нулявых пунктаў у інфаграфіцы, і яшчэ адзін – «Зварот да нацыі» – ідзе перад імі. Пэўна таму што грамадзянам ЗША ніхто надта не замінае прапагандаваць свае палітычныя погляды ў адкрытую. Беларусы ж у сваіх прызнаннях стракацяць заклікамі да адстойвання незалежнасці Радзімы, да развіцця мовы, злуюцца на бездапаможнасць сваёй краіны ці наадварот – патрыятычна спяваюць пра ейную веліч.

Прорва паміж BY і US?

Сацыялагічна-псіхалагічны праект мастачкі Кэндзі Чанг, які натхнёна працягнула беларуска Каця Ліпніцкая, паказвае нам, наколькі ўсё ж вялікі акіян паміж двума культурамі. Чаканні ад вынікаў даследавання ў арганізатаркі айчыннай выставы былі троху іншыя: «Калі мы распачыналі праект, было цалкам незразумела, чаго нам ад яго чакаць і якімі будуць прызнанні. Але перад правядзеннем выставы я, вядома, прачытала ўсе амерыканскія прызнанні, таму разлічвала на нешта падобнае. Таямніцы ж зазвычай пра што? Пра секс, наркотыкі і рок-н-рол! Але атрымалася наадварот. Гэтак пацвердзіліся складзеныя ў мяне раней уяўленні пра нашую нацыю – мілыя, добрыя людзі са сціплымі сакрэтамі«.

А што мяркуеце на конт даследавання вы самыя? Цыдулкі з прызнаннямі пераведзеныя ў лічбавы фармат і даступныя для прагляду ў сацыяльных сетках:

facebook.com/confessions.project

vk.com/confessions.project

www.instagram.com/confessions_rock

Юлія Цяльпук belsat.eu

Стужка навінаў