Амбасадарка Вялікай Брытаніі: Раней я думала, што Беларусь вельмі закрытая і саветызаваная краіна


1 лістапада амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гібб пабывала ў Гомлі на сустрэчы з дзяржаўнымі чыноўнікамі, праваабаронцамі і дэпутатамі парламента, на якой абмяркоўвалася праблема смяротнага пакарання ў Беларусі. У дыскусіі таксама бралі ўдзел эксперты «Amnesty International».

Замежныя госці адзначылі, што ў гэтым кірунку ў Беларусі ёсць прагрэс, але гэтага пакуль недастаткова. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі вынесці гэтую тэму па-за межы «дыскусійных» клубаў. І з гэтым усе прысутныя пагадзіліся. Праўда, нехта трапна заўважыў, што на самой сустрэчы не было ніводнага прадстаўніка дзяржаўных медыяў.

Пасля «нарады» журналісты папрасілі старшыню парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэя Навумовіча падзяліцца сваймі высновамі па выніках размовы пра смяротнае пакаранне, але ён рашуча заявіў, што «нарада скончылася».

Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гібб карэспандэнтам «Белсату» не адмовіла.

«Раней я думала, што Беларусь вельмі закрытая краіна. І хоць Савецкага Саюзу ўжо няма, мне падавалася, што тут шмат савецкага. Сваім суайчыннікам я распавядаю, што калі яны прыедуць у Беларусь, яны ўбачаць тое, чаго не чакалі. Да мяне ў Беларусь прыязджаюць сябры, але я прызнаюся, што яны едуць са стэрыятыпамі. Пасля Менску ўсе застаюцца пад уражаннем ад прыгажосці гораду. Вядома, што яны не ўбачаць і не даведаюцца нешта іншае пра Беларусь, але першае ўражанне: Менск – бяспечны і прыемны горад», – распавядае Фіёна Гібб.

Паводле амбасадаркі Вялікай Брытаніі, беларусы больш пакорлівыя, чымся ейныя суайчыннікі. Гібб таксама распавяла, што зможа сказаць больш пра беларусаў, калі навучыцца разумець «беларускі гумар». «Пакуль я не да канца разумею, тое, з чаго смяюцца беларусы», – пасміхаючыся зазначыла амбасадарка.

Фіёна Гібб займае пасаду амбасадара Вялікай Брытаніі ў Беларусі з 2016 года. Раней працавала ў Іраку, Самалі, Украіне, Нямеччыне і Емене.

belsat.eu

Стужка навінаў