Амбасадар Ватыкану ў Беларусі разлічвае, што Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ да Калядаў вернецца дадому


У верасні яму адмовілі ва ўездзе ў Беларусь з Польшчы без тлумачэння прычыны.

Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч не выключае, што мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч можа вярнуцца ў Менск да Калядаў.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Фота: Дзяніс Дзюба / belsat.eu

«Хачу звярнуцца са словамі ўдзячнасці да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і да ўсіх людзей, якія спрыялі таму, каб на Каляды ў Беларусь мог вярнуцца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч», – сказаў Антэ Ёзіч у эфіры тэлеканалу СТБ.

У верасні Тадэвушу Кандрусевічу адмовілі ва ўездзе ў Беларусь з Польшчы без тлумачэння прычыны. Пазней Аляксандр Лукашэнка, каментуючы сітуацыю, заявіў, што мітрапаліт «ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі».

22 снежня міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што Аляксандр Лукашэнка даручыў знайсці вырашэнне сітуацыі з кіраўніком Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.

«Зыходзячы з таго, што ў сілу розных прычынаў з’явіліся пэўныя праблемныя моманты ў нашых адносінах, Папа Рымскі Францішак палічыў магчымым накіраваць свайго пасланца Гуджэроці з адпаведным лістом на адрас кіраўніка беларускай дзяржавы. У ім выкладалася просьба, завязаная з вядомай персонай», – патлумачыў чыноўнік.

ІК belsat.eu

Стужка навінаў