Амбасадар Расеі не бачыць сэнсу ў расейскай авіябазе ў Беларусі, бо «нічога асабліва страшнага ў свеце нам не пагражае»


Аляксандр Сурыкаў з нагоды Дня дыпламатычнага працаўніка, які адзначаецца ў РФ 10 лютага, пагаварыў з журналістамі пра ўзаемадачыненні з хаўруснікам, спрэчкі пра кошт на газ ды расейскую вайсковую базу ў Беларусі.

«Думаю, няма сэнсу цяпер выносіць пытанне пра авіябазу на парадак дня, нічога асабліва страшнага ў свеце нам не пагражае. Ёсць цэлы шэраг рэальных пытанняў, я не лётчык і не бяруся разважаць пра хуткасці, час падлёту ды іншыя тонкасці. Міне час, і праект фінішуе ў той ці іншы бок – паглядзім, у які менавіта».

Расея была гатовая разглядаць пытанне пра далейшае пашырэнне сваіх авіябазаў у саюзных дзяржавах. Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго краіне расейская вайсковая база не патрэбная.

«У нас няма ніякіх спрэчак пра цану на газ. Адпаведным пратаколам пацверджана формула ўтварэння кошту: гэта кошт здабычы плюс транспарціроўка да Беларусі, і з гэтым ніхто не спрачаецца…

Магчыма, цана крыху і знізіцца. Кошт два гады таму была $ 270-280 за 1 тыс. кубаметраў, у мінулым годзе – $ 144, што ў два разы менш. Леташняя сярэднееўрапейская, для параўнання, была каля $ 300 за 1 тыс. кубаметраў. Перамовы прадаўца і пакупніка – гэта разумны і абʼектыўны падыход, які задавальняе абодва бакі».

Раней паведамлялася пра тое, што віцэ-прэмʼеры Расеі і Беларусі Аркадзь Дварковіч і Уладзімір Сямашка на перамовах на пачатку студзеня не дамовіліся пра зніжку на расейскі газ.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў