Амбасада Расеі ў Беларусі не пусціла «Белсат» на сваю прэс-канферэнцыю


Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Беларусі адмовіла здымачнай групе нашага тэлеканалу ў акрэдытацыі на прэс-канферэнцыю пасла Міхаіла Бабіча. Пра падзею, запланаваную на 18 сакавіка, стала вядома ў чацвер. Працэдура акрэдытацыі адбывалася праз «Sputnik Беларусь».

Спачатку прадзюсар «Sputnik Беларусь», Павел Антонаў пацвердзіў, што наш тэлеканал атрымаў дазвол на прысутнасць, аднак сёння ў другой палове дня ён жа даслаў карэспандэнтцы «Белсату» яшчэ адзін ліст – з адмоваю.

«На жаль, Амбасадай Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, якая з’яўляецца заяўнікам мерапрыемства, Вам адмоўлена ў акрэдытацыі на прэс-канферэнцыю Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча», – гаворыцца ў паведамленні.

Мы звязаліся з прадстаўніком «Sputnik Беларусь», каб даведацца прычыну змены рашэння.

«З нашага боку (агенцтва «Sputnik Беларусь», – рэд.) не было ніякіх пытанняў, але ўчора ўвечары ў нас запрасіла ўсе спісы журналістаў амбасада. Сёння ўдзень мне проста аддалі спісы з некаторымі выкрасленымі агенцтвамі і вы сярод іх. Прычыну мне не тлумачылі, не ставілі ў вядомасць. Ускосна я разумею, што пытанне ў адсутнасці вашай акрэдытацыі ў Беларусі», – патлумачыў Антонаў.

Мы пацікавіліся, якія СМІ былі акрэдытаваныя на падзею.

«Дакладна ёсць Reuters, Associated Press, дакладна ёсць беларускія тэлеканалы, беларускія агенцтвы і газеты», – распавёў ён.

На пытанне, ці маюцца на ўвазе дзяржаўныя тэлеканалы, у прыватнасці «Беларусь-1», Антонаў сказаў «Так». Раней шэраг расейскіх медыяў і тэлеграм-каналаў паведамлялі, што беларускім дзяржаўным тэлеканалам забаранілі ісці на прэс-канферэцыю Бабіча. Наш суразмоўца адзначыў, што не можа «ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць інфармацыю аб забароне працаваць на прэс-канферэнцыі амбасадара Расеі ў Беларусі».

ВІДЭА
5 гадоў таму Расея правяла «рэферэндум» і анексавала Крым
2019.03.16 11:27

Прэс-канферэнцыя пасла Бабіча будзе прысвечаная 5-й гадавіне «ўваходжання Крыму ў склад РФ». 18 сакавіка 2014 года Крэмль падпісаў адпаведную дамову, абапіраючыся на вынікі «рэферэндуму» 16 сакавіка таго ж года. Міжнародная супольнасць прызнала яго незаконным, а Крым – анексаванай тэрыторыяй Украіны. Пасля анексіі Крыму ЗША і Еўразвяз увялі санкцыі супраць Масквы.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў