Амбасада Беларусі ў Вільні расследуе ДТЗ з удзелам свайго працаўніка


18 сакавіка ўвечары ў спальным раёне літоўскай сталіцы на вуліцы Габіёс аўта беларускай амбасады «Hyundai IX35» зачапіла «Toyota Yaris».

Беларускія і літоўскія медыі са спасылкаю на літоўскую паліцыю паведамляюць, што дыпламат збег з месца здарэння. У амбасадзе Беларусі ў Вільне «Белсату» распавялі, што дарадца амбасады ад’ехаў, каб не загароджваць уезд у двор, дзе здарылася аварыя.

«Дыпламат пры выездзе з двара зачапіў аўтамабіль. На бамперы засталася драпіна. Каб не загароджваць уезд, адʼехаў на метраў дваццаць і чакаў там паліцыі. Паліцыя прыехала, аформілі пратакол. На гэтым інцыдэнт быў вычарпаны», – адзначылі ў амбасадзе.

Дыпламат адмовіўся правярацца на цвярозасць.

«Гэта міжнародная практыка. Замежныя дыпламаты, як правіла, у такіх сітуацыях адмаўляюцца ад праверкі. І беларускія за мяжой і замежныя ў Беларусі», – дадаў суразмоўца «Белсату».

Цяпер дыпламат будзе разбірацца з уладальнікам пашкоджанага «Toyota Yaris».

«Пакуль ён да нас не звяртаўся. Мы праводзім расследаванне інцыдэнту», – сказалі ў амбасадзе.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў