«Амапаўцы і спецслужбы, якіх адмыслова вучылі біць і пераследаваць, не стануць на бок народу»


Мірны пратэст у Беларусі адмыслоўцы параўноўваюць са змаганнем польскага прафзвязу «Салідарнасць» у 1980-я гады.

Дзеяч польскага падполля ў сацыялістычнай Польшчы Ян Маліцкі, дырэктар стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, госць праграмы «Intermarium» перакананы, што сілавікі не пяройдуць на бок пратэстоўцаў.

«Калі параўноўваць Польшчу 80-ых гг., Польшчу ваеннага становішча і Беларусь сёння, я хацеў бы сказаць, што спецслужбы ў Польшчы, таксама спецаддзелы ZOMO, што разганялі дэманстрацыі, шэсці, забастоўкі, збівалі людзей – усё гэта былі структуры, адмыслова падрыхтаваныя да забойстваў, да знішчэння людзей. (…) Так што ў Польшчы было тое самае, што і ў вас будзе. Кідалі мундзіры, звальняліся са службы звычайныя міліцыянты, але я заклікаю вас не верыць, што ў амапаўцаў ці працаўнікоў спецслужбаў, якіх адмыслова вучылі біць і пераследаваць, раптоўна абудзіцца сумленне, і яны стануць на бок народу», – кажа гісторык, дырэктар Асяродку вывучэння Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі.

А таксама раіць не спыняць мірных акцыяў пратэсту і не траціць надзеі на змены, нават калі б’юць і разганяюць:

«Ваш рух – гэта мірны рух. Кожны іншы выбар будзе выкарыстаны супраць вас. І нягледзячы на тое, што кожны з вас мае свае погляды, цяпер вам патрэбнае безумоўнае палітычнае адзінства! З аднаго боку – улады, агрэсіўныя і дыктатарскія, з другога – вашая палітычная еднасць. Калі пераможаце, будзеце мець яшчэ дастаткова часу, каб падзяліцца на 40 партыяў і 40 палітычных кірункаў», – кажа Ян Маліцкі.

Больш пра ўрокі змаганняў польскага незалежнага прафзвязу «Салідарнасць» глядзіце ў праграме «INTERMARIUM».

 

Стужка навінаў