АМАП зладзіў аблаву на клуб «Бурлеск», месца сустрэчаў ЛГБТ


Відавочца здарэння на ўмовах ананімнасці распавяла «Белсату», што адбылося ў клубе сёння ўночы.

«А 00:40 у клуб уварваліся людзі ў масках, АМАП, людзі ў цывільным, больш за дзесяць чалавек у агульнай складанасці. Нічога не патлумачыўшы, вельмі груба, ужываючы сілу, хапалі людзей. Заломлівалі рукі, хапалі за шыю, прыціскалі да сценкі. Ва ўсіх перапісвалі пашпартныя звесткі, нумары тэлефонаў, месца працы. Усіх прымусілі сабрацца на танцпляцоўцы і трымалі стоячы, як статак, без якіх-небудзь тлумачэнняў, цягам двух гадзінаў. На просьбу схадзіць у туалет адказвалі: «Стаяць!» і нікому не дазвалялі выйсці. Ужо бліжэй да канца дзяўчат пачалі выпускаць у туалет.

Правяралі алкаголь у бары, быццам бы нічога супрацьзаконнага не выявілі. Дваіх чалавек затрымалі – ці то таму, што не вельмі былі рахманыя, ці то таму, што ў іх былі пры сабе толькі пасведчанні кіроўцы, хоць яны з’яўляюцца дакументам, які пацвярджае асобу.

Пры тым, што з клубу нікога не выпускалі, унутр працягвалі прапускаць людзей, і некалькі чалавек, прыйшоўшы на вечарыну, апынуліся разам з намі ў «закладніках», – распавяла дзяўчына.

У клубе «Бурлеск» рэгулярна адбываюцца імпрэзы ЛГБТ-супольнасці. Аблава сілавікоў – не першая ў гэтым месцы за апошні час.

ДД

Стужка навінаў