АМАП затрымаў працаўнікоў Глыбоцкай інспекцыі аховы жывёльнага свету, якія «крышавалі» браканьераў


24 красавіка па падазрэнні ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў міліцыя затрымала траіх працаўнікоў Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Затрыманне праводзілі працаўнікі Пастаўскага РАУС і ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Віцебскага аблвыканкаму пры сілавой падтрымцы АМАПу.

«Падчас адпрацоўкі аператыўнай інфармацыі і працы са сведкамі былі атрыманыя звесткі аб датычнасці гэтых асобаў да супрацьпраўнай дзейнасці. Вядома пра факты атрымання імі хабараў ад браканьераў за добразычлівае стаўленне да іх і вырашэнне іхных пытанняў», – распавёў начальнік УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксей Зімін.

Працаўнікі інспекцыі дапамагалі браканьнрам пазбегнуць усталяванай законам адказнасці, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Упраўленне Следчага камітэту па Віцебскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па частцы 2 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса – перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Затрыманыя цяпер знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

ЮВ, belsat.eu, паводле news.vitebsk.cc

Стужка навінаў