Амаль як у «Gimme shelter»… Як працуе часовы дом для беларусаў у Беластоку

У доме на 17 чалавек ёсць усё неабходнае для жыцця. Але галоўнае для ўцекача – цішыня, спакой і магчымасць адпачыць пасля нядаўніх траўмаў, перажытых у краіне.

Як у песні Rolling Stones «Gimme shelter»: вайна, гвалт і забойства ў двух кроках адсюль, і я шукаю прытулак. Гэты тэкст шмат у чым адлюстроўвае сітуацыю, у якой аказаліся палітычныя ўцекачы з Беларусі. Менавіта для іх у Беластоку адкрылі часовы дом (так званы shelter, ці прытулак), у якім яны змогуць адпачыць перад далейшым падарожжам.

Часовы дом для беларускіх бежанцаў у Беластоку. Фота: Лукаш Леанюк для belsat.eu

Будынак месціцца ў спальным раёне Беластоку, далёка ад шуму і мітусні цэнтру горада. Унутры ёсць усё неабходнае для жыцця, але галоўнае – цішыня і спакой. Трохузроўневы дом месціць 17 чалавек. Цяпер тут жыве сям’я з трох чалавек і некалькі студэнтаў. Жыхары дома, акрамя даху над галавой, могуць разлічваць і на псіхалагічную і юрыдычную дапамогу.

– Уцекачы пасля каранціну часцей за ўсё самі не свае, яны не разумеюць, што рабіць, – распавядае Марына Ляшчэўска, прэзідэнт Фонду Беларусь 2020. Часам ім трэба некалькі дзён, каб прыйсці ў сябе. Для гэтага і быў створаны Часовы дом у Беластоку. Размешчанне тут бясплатнае. Мы спрабуем забяспечыць людзям асноўныя сродкі да існавання. Яны таксама могуць атрымаць парады аб тым, у якім кірунку дзейнічаць, каб пачаць будаваць сваё жыццё. Псіхалагічна важны і кантакт з людзьмі ў падобнай жыццёвай сітуацыі.

Дзяўчыну білі нагамі, побач у лужыне крыві ляжаў чалавек. Беларус прыехаў дадому і апынуўся ў пекле

«Shelter» – сумесная ініцыятыва двух фондаў – «Беларусь 2020» і «Краіна да жыцця». Дом створаны дзякуючы збору сродкаў, арганізаванага сярод беларускай дыяспары. Плануецца адкрыццё аналагічных часовых дамоў у Лодзі і Вроцлаве. Падобныя месцы павінны з’явіцца і ва Украіне, і ў Расеі. Беластоцкі часовы дом зʼяўляецца пілотнай ініцыятывай. У рэшце тут мусяць застацца толькі студэнты. Цяпер іх тут шасцёра. Усе прайшлі аналагічны шлях. Яны ахвотна і ўжо без страху дзеляцца сваімі гісторыямі.

– Мы з сябрамі трапілі ў турму наўпрост з студэнцкага маршу, – распавядае крыху дрыготкім голасам Мацвей Бялоў, студэнт маркетынгу і менеджменту Беларускага Нацыянальнага Тэхнічнага ўніверсітэта. – На днях нас выгналі. Разам з рэктарам у пакоі сядзеў вайсковец, які да дакументаў аб адлічэнні з вучобы прыкладаў павестку ў войска. Не чакаючы павестак, мы сабралі свае рэчы і зʼехалі ў Польшчу. Цяпер усіх, хто трапіць у войска, адпраўляюць на тыя ж мітынгі, у якіх удзельнічалі і мы. Іх прымушаюць біць народ, які пратэстуе.

Іншы жыхар часовага дома ў Беластоку, студэнт з Віцебску Дзіма Ропат, выйшаў на вуліцу ўжо ў дзень выбараў 9 жніўня. На наступны дзень ён таксама ўдзельнічаў у акцыі пратэсту. На зваротным шляху дадому амапаўцы загналі Дзіму і яго калегу ў аўтобус і адвезлі пад варту на Акрэсціна:

– У турме нас увесь час білі. Загадалі распрануцца дагала і бегаць па калідоры. Яны білі нас дубінкамі. Потым мы гадзінамі стаялі на каленях і раз-пораз аблівалі нас халоднай вадой. Першы раз нам далі паесці праз два дні, – распавядае хлопец. – Да таго часу нам давалі бутэльку вады на 30 чалавек. У зняволенні я прабыў 3 дні. Потым, да адʼезду ў Польшчу, я быў валанцёрам пад СІЗА на Акрэсціна. Мы вялі спісы зняволеных.

«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы

Сярод першых жыхарак Беластоцкага «шэлтэра» – Таццяна Васюніна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Яна брала актыўны ўдзел у пратэстах ужо з жніўня. Калі пачаўся навучальны год, яна была адной з арганізатараў акцый пратэсту ў сваім універсітэце. Падчас адной з іх у яе з сабой быў банэр з надпісам: «Калі мы згарым, вы згарыце разам з намі». За ўдзел і арганізацыю пратэстаў у дачыненні да Таццяны распачатая крымінальная справа.

– Мой адвакат параіў мне пакінуць краіну, бо ў цяперашніх юрыдычных рэаліях мне пагражае небяспека. Праз два тыдні я аформіла візу і прыехала ў Польшчу. Я ўжо прайшла каранцін і цяпер жыву ў «шэлтэры», дзе чакаю адказу з праграмы Каліноўскага, – распавядае нам дзяўчына.

Усе студэнты, якія знаходзяцца ў часовым доме, прымаюць удзел у праграме стыпендыяў імя Кастуся Каліноўскага. Рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі чакаюць месцы ў многіх польскіх ВНУ і штогадовыя стажыроўкі ў Варшаве. Маладыя людзі чакаюць вынікаў набору ўжо на мяжы года. Між тым, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я і пандэміі, яны наведваюць Беласток і спрабуюць адаптавацца да новых рэаліяў. Беларусы таксама маюць магчымасць вывучаць польскую мову.

Першыя жыхары часовага дому. Фота: Лукаш Леанюк для belsat.eu

– Я вучыўся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на факультэце транспартных камунікацыяў, – успамінае Павел Карзюк. – Цяпер я б вельмі хацеў паступіць у ІТ-каледж. Пасля заканчэння вучобы я планую вярнуцца на радзіму.

Жыццё ў часовым доме толькі арганізуецца. Новыя жыхары акліматызуюцца ў Польшчы, тым больш, варта дапамагчы ім у цяжкай сітуацыі, у якой яны аказаліся. Адразу пасля адкрыцця «шэлтэру» адміністратары звярнуліся да людзей добрай волі за дапамогай. Адказу чакаць доўга не давялося. Суседзі ўжо на другі дзень паспяшаліся на дапамогу. Мясцовыя жыхары прынеслі макароны, кансервы, банкі з падліўкай, каву і прысмакі. Да акцыі таксама далучыліся ўладальнікі мясцовага аўтасалона. Аднак жыхарам часовага дому па-ранейшаму неабходная матэрыяльная дапамога. У першую чаргу варта прыносіць прадукты з доўгім тэрмінам прыдатнасці.

– Мы таксама прымем якія мыйныя і гігіенічныя сродкі, коўдры або пледы, – пералічвае Марына Ляшчэўска. Нам таксама патрэбны лепшы роутэр. Нашы студэнты скардзяцца, што цяперашняе абсталяванне занадта малое для такога вялікага будынку. Калі ў кагосьці ёсць непатрэбны роутэр, мы з задавальненнем яго прымем.

Фонд Беларусь 2020, які займаецца «шэлтэрам», штодня дапамагае ўцекачам з Беларусі, якія пасяліліся на тэрыторыі Падляскага ваяводства. Арганізацыя створана па ініцыятыве беларусаў, якія жывуць у Беластоку. Яе чальцы на працягу некалькіх месяцаў пратэставалі пад штаб-кватэрай беларускага консульства і ладзілі мерапрыемствы ў падтрымку тых, хто змагаецца на радзіме. Потым прыйшла думка аб такой арганізацыі.

Цяпер галоўная мэта – стварэнне Беларускага дому ў Беластоку. Інстытут мусіў бы ў першую чаргу аказаць дапамогу ўцякачам ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта таксама было б месцам сустрэчы беларусаў, уцекачоў новай хвалі і прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці цягам многіх гадоў. Фонд звярнуўся да прэзідэнта гораду з просьбай прадаставіць муніцыпальнае памяшканне ў арэнду. Цяпер ён чакае рашэння магістрата.

Тэкст і фота: Лукаш Леанюк для belsat.eu

Hавiны