Амаль усіх затрыманых на Кастрычніцкай плошчы ў Менску вызвалілі


25 сакавіка 2019 года. Аўтазакі на Камсамольскай вуліцы ў Менску. Фота – «Белсат»

У ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна даставілі толькі актывістку Алену Талстую, якая прыкавала сябе ланцугом да слупа. Яна абвесціла галадоўку.

Увечары 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў беларускай сталіцы затрымалі палітыкаў Віталя Рымашэўскага і Мікалая Казлова. Усіх, хто прыйшоў на плошчу з нацыянальнай сімволікай, імгненна затрымлівалі людзі ў цывільным.

Для Рымашэўскага гэтае затрыманне стала другім за апошнія содні.

Пасля 21-й стала вядома, што амаль усіх затрыманых вызвалілі. Яны распавялі журналістам, што на іх не складалі пратаколы аб правапарушэннях, толькі пратаколы аб затрыманнях і прафілактычных гутарках.

Таксама сёння былі затрыманыя і выпушчаныя на волю музыкі Лявон Вольскі, Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч і Ігар Варашкевіч. Яны меліся даць вулічны канцэрт на Рэвалюцыйнай.

У ІЧУ на ноч даставілі толькі Алену Талстую, якая прыкавала сябе ланцугом да слупа на Кастрычніцкай (яе адразу акружылі амапаўцы, якія разарвалі ланцуг і забралі актывістку).

Таксама ў ІЧУ застаюцца Зміцер Дашкевіч і Наталля Гарачка-Басалыга (іх затрымалі падчас учорашняга канцэрту) ды Дзяніс Урбановіч і Валер Рабцаў (іх затрымалі сёння ў Курапатах).

ДД

Стужка навінаў