Амаль 400 хворых медыкаў, смяротнасць удвая вышэйшая за афіцыйную: упершыню з’явілася інфармацыя пра COVID-19 у Бабруйску


Бабруйскія гарадскія ўлады не агучвалі звестак аб каронавірусе ў горадзе і раёне з красавіка. У рэдакцыю belsat.eu трапіў поўны спіс выпадкаў COVID-19 у рэгіёне за ўвесь час эпідэміі – параўноўваем лічбы з афіцыйнай статыстыкай.

Прырост – 20–35 чалавек штодня. Амаль 10 % хворых – медыкі

Звесткі пра стан з каронавіруснай інфекцыяй у Бабруйску ў рэдакцыю belsat.eu перадаў мясцовы медык, які пакуль вырашыў не называцца. Але нам вядомае імя гэтага чалавека і ягоная пасада. Таксама ў рэдакцыі ёсць дакументальныя пацверджанні інфармацыі: спіс зарэгістраваных у горадзе выпадкаў COVID-19 і аўдыёзапіс з планёркі адной з медычных установаў гораду, на якім агучваюцца лічбы.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Паводле дасланага нам спісу, у Бабруйску з пачатку эпідэміі паводле стану на 6 верасня было зафіксавана 3864 хворых на COVID-19. З іх памерлі – 85 чалавек. Колькасць насельніцтва ў горадзе, згодна са звесткамі перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, – 212 200 чалавек.

Спіс вядзецца з 27 сакавіка гэтага года – тады ў Бабруйску было ўпершыню зафіксаванае заражэнне каронавіруснай інфекцыяй у працоўнага, што прыехаў з Масквы.

Апублікаваць спіс цалкам мы не можам, бо ён утрымлівае шмат асабістых звестак, якія мы не маем права раскрываць. Але прыводзім табліцу, што суправаджае спіс:

Дадзеныя прадстаўленыя рэдакцыі

Згодна з нашым суразмоўцам, у Бабруйску цяпер фіксуецца прырост 20–35 новых выпадкаў штодня.

У спісе, акрамя бабруйчанаў, ёсць жыхары Бабруйскага раёну, Асіповічаў, Глуску, Менску (гасцявалі ў Бабруйску).

У 941 выпадку каронавірус у Бабруйску мелі пенсіянеры.362 хворых са спісу – медыкі. Большасць з іх – медсёстры (195 выпадкаў). Гэта 9,37 % ад агульнай лічбы.

«Надакучыла хлусня»

У перыяд з 27 сакавіка да 6 верасня ў Бабруйску памерлі 85 чалавек з пацверджанай каронавіруснай інфекцыяй. З іх большасць – пенсійнага ўзросту, 1930-х – 1950-х гадоў нараджэння (74 выпадкі). Але ёсць і маладыя людзі – тры выпадкі 1980, 1984 і 1986 гадоў нараджэння.

Паводле прыведзеных звестак, смяротнасць ад каронавіруснай інфекцыі ў Бабруйску на 6 верасня складае 2,2 % – у два разы большая за афіцыйную.

Згодна з дадзенымі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, на 6.00 раніцы 7 верасня ў краіне зарэгістравана 73 031 хворых, з іх памерлі 716 чалавек. Такім чынам, смяротнасць ад COVID-19 у Беларусі складае 0,98 %.

Hавiны
Доктара, які ратаваў хворых на COVID-19 і дапамагаў пацярпелым падчас пратэстаў, кінулі за краты і пакаралі штрафам
2020.09.04 18:18

У Бабруйску ж, калі параўнаць звесткі з мясцовай табліцы і афіцыйную статыстыку, памерлі 11,87 % ад агульнай колькасці ахвяраў каронавіруса ў нашай краіне, а агулам перахварэлі – 5,29 % ад усіх хворых у Беларусі.

У 23 памерлых з бабруйскага спісу ў адмысловай графе «катэгорыя» пазначана: «кантакт 1-га ўзроўню» ці «магчымы кантакт», паводле месца лячэння ў адной з лякарняў Бабруйску, ці падчас звяртання па медычную дапамогу.

На гэта таксама акцэнтуе ўвагу медык, які перадаў нам інфармацыю: «Мы бачым у спісе – кантакт па месцы лячэння ў кардыялагічным аддзяленні, неўралагічным, уралагічным. І гэта не адзінкавыя выпадкі. Дык што гэта такое? Атрымліваецца, яны прыйшлі лячыцца і заразіліся каронавірусам? Дык якія захады ў нашых лякарнях прымаліся, каб абараніць людзей ад інфекцыі?» – пытаецца наш суразмоўца.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Бабруйчанін кажа, што яму ўстыла хлусня ўладаў пра каронавірус – як у Бабруйску, гэтак і па ўсёй краіне. Таму ён вырашыў агучыць інфармацыю.

«Як і ўсе беларусы, я хачу ведаць, чаму ад нас хаваюць праўду. Я хачу прыцягнуць увагу дактароў, якім не ўсё роўна, да аналізу праўдзівай інфармацыі і прыняцця эфектыўных супрацьэпідэмічных захадаў у краіне і ў Бабруйску ў прыватнасці, асабліва перад тварам другой хвалі пандэміі. Людзі павінны ўрэшце даведацца, што мы нічым не адрозніваемся ад іншых пацярпелых ад COVID-19 краінаў, няма ў нас ніякага беларускага цуду», – кажа медык.

Бабруйскі гарадскі штаб супрацьдзеяння распаўсюду каронавіруснай інфекцыі апошні раз агучваў статыстыку па горадзе 10 красавіка – тады хворых было 15 чалавек (у спісе, які мы атрымалі, на 10.04 пазначана 20 чалавек). З таго часу бабруйчане не маглі атрымаць ніякіх звестак аб эпідэмічнай абстаноўцы ў горадзе. Ні галоўны санітарны доктар гораду Дзмітрый Лайтар, ні галоўны доктар Бабруйскай цэнтральнай лякарні Аксана Крупеніч, ні таксама намесніца старшыні гарвыканкаму, якая курыруе пытанні медыцыны Вікторыя Амялюсік не адказваюць ні журналістам, ні звычайным бабруйчанам на пытанні пра колькасць хворых на COVID-19 у Бабруйску. Адначасова з 19 чэрвеня распараджэннем гарвыканкаму ў горадзе ўведзены абавязковы масачны рэжым, які дагэтуль не адменены.

ІЛ belsat.eu

Стужка навінаў