Журналіста і афіцыйнага прадстаўніка «Белсату» адпусцілі без складання пратаколу (абноўлена)


Афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Аляксей Мінчонак і журналіст Алесь Залеўскі былі затрыманыя ў нядзелю каля палаца Рэспублікі ў Менску супрацоўнікамі ДАІ.

16:35 Аляксея Мінчонка і Алеся Залеўскага пратрымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны. На іх не склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Нават тлумачэнні не бралі.

Нашых калегаў затрымалі каля 12:10, а адпусцілі а 16:25. Міліцыянты парушылі Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, бо не склалі пратакол затрымання і ўтрымлівалі журналістаў больш за тры гадзіны.

15: 25 Мы звязаліся з жонкай Алеся Залеўскага Алай. Яна паведаміла, што Алесь запусціў стрым на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле сведчання Алы Залеўскай, яна глядзела прамую трансляцыю мужа, які ехаў у аўце разам з  Аляксеем Мінчонкам. 

«Алесю сказалі таксама на праверку, тыпу рукі з акна высоўваў

Калі стрым скончыўся, Алесь выходзіў з машыны».
На дадзены момант інфармацыі пра Алесевы стрым на ягонай старонцы няма.

15:10 Паводле адваката Аляксея Мінчонка, яе кліента затрымалі разам з Алесем Залеўскім каля 12 гадзін 25 хвілінаў сёння 26 сакавіка. Тры гадзіны адміністрацыйнага затрымання мінаюць у бліжэйшыя хвіліны.

Затрыманых мусць выпусціць ці прад’явіць абвінавачванне.

15:00 Прэсавы сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі ў тэлефоннай размове з belsat.eu паведаміў, што ён, а таксама адвакат зараз знаходзяцца каля Цэнтральнага РАУС. Брамка зачыненая, іх на тэрыторыю РАУС не пускаюць. Прычыны затрымання нашых калегаў не агучваюцца.

Журналіста Алеся Залеўскага ды афіцыйнага прадстаўніка «Белсату» ў Беларусі Аляксея Мінчонка даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Папярэдне вядома, што іх спынілі супрацоўнікі ДАІ за Палацам рэспублікі. Мінчонак і Залеўскі ў Цэнтральным РАУСе Менску. Прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі сказаў, што «нічым не можа дапамагчы затрыманым», паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыя журналістаў.

У Цэнтральны РАУС горада Менска выехалі сястра і жонка Аляксея Мінчонка. Жонка Алеся знаходзіцца па-за межамі Менска.

Інфармацыя пра затрыманне нашых калегаў з’явілася ў Facebook прэсавага сакратара БАЖу Барыса Гарэцкага а 14:20 сёння, 26 сакавіка.

Узмоцнены ціск на журналістаў «Белсату» і калегаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам распачаўся ад 12 сакавіка. З таго часу зафіксавана 26 выпадкаў пераследу: журналістаў блакавалі на падʼездзе да гарадоў, дзе адбываліся масавыя акцыі, затрымлівалі, збівалі, змяшчалі ў пастарункі, судзілі, каралі штрафамі і арыштамі.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў