Аляксей Навальны апублікаваў першае сэлфі са шпіталя


Палітык Аляксей Навальны ўпершыню пасля атручвання апублікаваў пост у сацсетках.

«Я ўсё яшчэ амаль нічога не ўмею, але вось учора змог цэлы дзень дыхаць сам. Наогул сам. Ніякай старонняй дапамогі, нават найпросты вентыль ў горле не выкарыстоўваў. Вельмі спадабалася. Дзіўны, недаацэнены многімі працэс. Рэкамендую», – напісаў палітык у Instagram.

Лідар расейскай апазіцыі Аляксей Навальны не збіраецца заставацца ў Нямеччыне і плануе пасля выздараўлення вярнуцца ў Расею. Пра гэта Навальны сказаў у гутарцы з нямецкім пракурорам, піша The New York Times са спасылкай на крыніцу ў службах бяспекі Нямеччыны.

Аляксей Навальны на акцыі «Адпускай!» 29 верасня ў Маскве. Фота – Антон Карлінэр для Belsat.eu

У размове з нямецкім пракурорам Аляксей Навальны адмовіўся ад супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі Расеі, якія патрабуюць расследаваць спробу забойства палітыка сумесна з Нямеччынай. Раней Генпракуратура Берліна заяўляла, што прадаставіць інфармацыю расейскім следчым пра Навальнага толькі пры яго згодзе.

Атруцілі баявым рэчывам групы «Навічок»

Заснавальніку Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксею Навальнаму стала дрэнна 20 жніўня на борце самалёта, калі ён ляцеў з Томска ў Маскву. Ён страціў прытомнасць, пасля чаго экіпаж прызямліўся ў аэрапорце Омска, і Навальнага даставілі ў мясцовую бальніцу хуткай дапамогі №1.

Сваякі Навальнага патрабавалі дазволіць яго адпраўку на лячэнне за мяжу, аднак расейскія лекары настойвалі на тым, што палітык знаходзіцца ў нетранспартабельным стане. У выніку яны ўсё ж далі дазвол на перавозку Навальнага, і раніцай 22 жніўня яго шпіталізавалі ў Берлінскую клініку «Шарытэ».

Неўзабаве ў «Шарытэ» заявілі, што Навальны быў атручаны рэчывам з групы інгібітараў холінэстэразы. 2 верасня ўлады Нямеччыны, спасылаючыся на заключэнне спецыялістаў лабараторыі бундэсвера, удакладнілі, што палітыка атруцілі баявым рэчывам групы «Навічок».

belsat.eu

Стужка навінаў