Мінкульт намагаецца пакараць мастака Кузьміча за аголеную акцыю


Аляксея Кузьміча, мастака, які зладзіў аголеную акцыю 3 кастрычніка, на адкрыцці выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ), будуць судзіць паводле адміністрацыйнага парушэння. Раней міліцыянты адмовіліся заводзіць крымінальную справу супраць яго, напісаў Аляксей Кузьміч у сваім Facebook.

Заява на мастака паступіла ў міліцыю яшчэ 9 лістапада. Яе склаў нехта Кавалёў, які палічыў, што акцыя стала цынічнай дэманстрацыяй непавагі да грамадства.

«Гэтая асоба накіравала скаргі таксама не толькі ў міліцыю, але і ў КДБ, іншыя сілавыя структуры.Чалавека нібыта абразіла тое, што герб Беларусі на шыльдзе на маім целе знаходзіцца на ўзроўні палавога органу. Таму яму падалося, што гонар дзяржаўнай сімволікі закранутыя і мяне неабходна накіраваць у псіхіятрычную лякарню на абследаванне, як мінімум», – распавёў «Белсату» мастак Аляксей Кузьміч.

Аляксей Кузьміч заўважае, што фармулёўкі ў скарзе Кавалёва вельмі блізкія да тых, што былі раней у скарзе з боку Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў. Мастак выказвае меркаванне, што чарговая заява не проста прыватная ініцыятыва пэўнай асобы.

«Тут ногі растуць з Міністэрства культуры. Мне падаецца, што супрацоўнікі НЦСМ не сталі б пісаць заявы і скаргі. Я думаю, што ў міністэрстве да гэтага часу жарсці, што я не панёс пакарання. Таму і імкнуцца мяне хоць нейкім чынам зачапіць», – кажа мастак Аляксей Кузьміч.

Мастака маюць судзіць паводле арт. 17.1 КААП. Суд адбудзецца прыкладна праз два тыдні, дата разгляду пакуль не вызначаная. Інтарэсы мастака ў судзе будзе прадстаўляць адвакат Сяргей Зікрацкі.

«Што да майго меркавання і тактыкі абароны, то я б пакуль не хацеў казаць пра гэта да самога судовага паседжання. Гэта нашая асабістая пазіцыя з кліентам і гэтую пазіцыю мы прадставім менавіта ў судзе, не раскрываючы свае карты», – распавёў «Белсату» адвакат Сяржук Зікрацкі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў