Аляксандра Герасіменя: Я паехала ў Каліфорнію, бо вырашыла ўсё змяніць у трэнаваннях


На адкрытым чэмпіянаце ў Берасці ўсталявалі шэсць нацыянальных рэкордаў, а двое спартоўцаў заваявалі пуцёўкі на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра.

У Берасце завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні, які сабраў найлепшых беларускіх плыўцоў. У выніку было ўсталявана шэсць нацыянальных рэкордаў, а яшчэ двое маладых беларускіх плыўцоў заваявалі права паехаць у Бразілію.

У спаборніцтвах удзельнічалі госці з Грузіі, Украіны, Азербайджана, Латвіі, Арменіі, Казахстана і Расеі. Гэта быў апошні нацыянальны старт. Наперадзе толькі чэмпіянат Еўропы ў Лондане (16-22 траўня) і Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанейра.

Адкрыццё Чэмпіянату

plavanne_3
Мікіта Цмыг

Агулам ад Беларусі ліцэнзіі на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра да старту чэмпіянату мелі пяць беларускіх плыўцоў: Аляксандра Герасіменя, Яўген Цуркін, Юлія Хітрая, Святлана Хахлова і Павел Санковіч. У Берасці такія пуцёўкі заваявалі яшчэ двое спартоўцаў: 19-гадовы Мікіта Цмыг і 21-гадовы Віктар Стаселовіч.

Магілёўчанін Мікіта Цмыг стаўся сапраўдным адкрыццём чэмпіянату. Ён усталяваў два рэкорды Беларусі (падчас заплыву зборнай Беларусі ў камбінаванай эстафеце 4х100 на першым этапе праплыў 100 метраў на спіне за 53,99. Ранейшае нацыянальнае дасягненне належала Паўлу Санковічу і было ўстаноўлена ў 2015 годзе – 54,38), а затым у фінальным заплыве на 200 метраў на спіне пабіў свой жа рэкорд, усталяваны ў 2015 годзе (1.59.46) і выйграў заплыў з вынікам – 1.58.22.

«З мінулага лета я рыхтаваўся да гэтага сезону, ведаў, што трэба палепшыць і выправіць. На чэмпіянаце Беларусі, планаваў паказаць свой лепшы час, уяўляў для сябе яго як галоўны старт сезона. – Распавёў спартовец журналістам «Белсату». – Вядома, хацелася трапіць на Алімпіяду, разлічваў, адабрацца ў Бразілію, але не быў упэўнены, што ў мяне атрымаецца. Цяпер я шчаслівы. Я ведаю, што гэта не будзе мая галоўная Алімпіяда, але важна, што я трапіў у Рыа. Я доўга працаваў для гэтага і зараз мы бачым вынік.У Рыа разлічваю трапіць у паўфінал ці фінал».

Алімпійскія спадзяванні Герасімені

Жаночая нацыянальная зборная
Жаночая нацыянальная зборная

Вядома, найбольшую ўвагу прыцягвала 30-гадовая Аляксандра Герасіменя – галоўная зорка беларускага плавання, чэмпіёнка свету і Еўропы, двухразовы срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў, шматразовы чэмпіён Беларусі. У гэтым сезоне Аляксандра рыхтавалася ў Каліфорніі ў клубе знакамітага трэнера Дэйва Сала. У Берасці Аляксандра паказала, што знаходзіцца ў выдатнай форме.

Герасіменя паўдзельнічала ва ўстаноўцы двух нацыянальных рэкордаў і выйграла пяць залатых медалёў: на дыстанцыі 50 метраў на спіне паказала вынік 27,40. Гэта новы рэкорд Беларусі і лепшы вынік сезона ў свеце. Ранейшы рэкорд 27.53 таксама належаў Герасімені. Таксама Аляксандра дапамагла ўсталяваць рэкорд і нацыянальнай зборнай у эстафеце 4х100 вольным стылем паказаўшы вынік – 3.40.37.

«У ЗША вырашыла паехаць паколькі тая падрыхтоўка якая ў мяне была, мяне не задавальняла. Як і вынік, які быў пасля гэтай падрыхтоўкі. Таму было прынята кардынальнае рашэнне змяніць усё. – Гаворыць Аляксандра Герсаіменя. – Хачу сказаць дзякуй майму трэнеру Алене Уладзіміраўне Клімавай за тое што яна пагадзілася працаваць са мной далей пасля гэтага збору, паколькі была абсалютна іншая падрыхтоўка і праграма, і гэта была вялікая рызыка, мая асабістая рызыка – гэтак кардынальна ўсё змяніць за паўгода да Алімпіяды. Але лічу, што гэта сябе апраўдвае, хай вынікі пакуль не зусім такія, як я хачу. Але паводле зменаў, якія мы бачым на трэніроўках і прамежкавых стартах, усё даволі добра. Адчуваю сябе цалкам добра, робім усё каб да Алімпіяды падысці ў максімальных кандыцыях. Нешта мне падказвае, што ў Бразіліі ўсё ў мяне атрымаецца».

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў