Аляксандр Саладуха: «Жыве Беларусь» – абсалютна нармальны лозунг


Ён не хавае таго, што зарабляе мільярды. На яго афіцыйным сайце ў раздзеле «Біяграфія» напісана – ні больш, ні менш – «кароль беларускай эстрады». Тыя, хто тэлефануе яму на мабільны, чуе замест гудкоў адную з яго ўласных песень. Ён спявае оды самому сабе, а з яго твару ніколі не сыходзіць шырокая ўсмешка. Такім яго ведаюць усе, хто з ім знаёмы. Журналіст belsat.eu Яўген Балінскі пагутарыў з «залатым голасам Беларусі» Аляксандрам Саладухай і паспрабаваў паглядзець на спевака з іншага боку. Пра пра беларускую мову, пра ўзыходжанне на новую прыступку ў творчасці, пра Крым, а таксама, якім бачыцца тое, што адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці краіны праз танаванае шкло новага «Мерседэса».

Belsat.eu: Падобна, вы не вельмі любіце канкурэнцыю: апошнім часам вы казалі, што не чулі гітоў Макса Каржа. Ці нешта змянілася з таго часу?

Не чуў, не кантралюю і не сачу. Разумееце, гіт – гэта калі, як кажуць, з кожнага праса. Гіт – гэта калі спявае ўвесь народ. Але калі ён збірае велізарныя пляцоўкі (хай сабе і з 13-18-гадовай публікай, як мне казалі) – так, напэўна, гэта шыкоўна. Але ў маім разуменні, гіт – гэта калі спяваюць усе, ад малога да вяліка, як «Чужую мілую», як «Малінаўку», як «Потолок ледяной», як «Касіў Ясь канюшыну» і гэтак далей. Вось гэта гіты, народныя гіты. Папулярнасць у дадзенай узроставай катэгорыі – вядома. Але ў маім разуменні гіты – гэта калі ахоплены ўвесь узроставы дыяпазон.

У сваім дакументальным фільме «Дочки моей глаза» вы распавядалі, што, жадаючы падняць якасны ўзровень вашай творчасці, вы выйшлі на Стаса Міхайлава і на ягонага аранжыроўшчыка, у якога і апрацавалі апошнія два альбомы. Ці гэта дапамагло вам зрабіць той самы «крок уверх» у кар’еры?

Безумоўна, дапамагло. І ў аранжыроўках, і ў касцюмах мы зрабілі прарыў. У першую чаргу, ты і сам адчуваеш кайф ад таго, што атрымалася. Мне дапамагло сталае імкненне наперад і ўверх. Заўсёды і ва ўсім мусіць быць рост, інакш чалавек спыняецца.

А чаму, з вашых слоў, у тым фільме адмыслоўцы Міхайлава назвалі беларускія аранжыроўкі «каменным стагоддзем»?

Я ім тады даў альбом «Любить тебя, родная» паслухаць, вось яны і сказалі, што песні добрыя, а аранжыроўкі – 80-я гады, каменнае стагоддзе. Усё па-ранейшаму на тым узроўні. І няма чаго крыўдаваць. Паўгады я тады аналізаваў, думаў, слухаў Стаса: ну хочацца, каб так гучала, хочацца! А калі хочацца, калі жадаеш – усяго дасягнеш. Вось гляджу праз вакно, а там на двары стаіць наш раскошны новы гастрольны аўтобус Mercedes-Benz 2015 года, 52 тысячы долараў, новенькі, з салона. Значыць, я здолеў, значыць, я захацеў. Атрымалася, значыць, працуючы ў сваёй краіне, працаваць так, каб дазволіць сабе гэта. Гэта тытанічная праца.

Аднак, нягледзячы на жаданне, вам не ўдалося дасягнуць поспеху ў Расеі.

Ды я спакойна да гэтага стаўлюся. Некалькі разоў я намагаўся скарыць Расею, але лёс вяртаў мяне назад. Я зразумеў, што маё месца тут. Хаця я не хаваю і трымаю яшчэ свой план узяцця Расеі – жыццё наперадзе яшчэ доўгае. Але пакуль, выязджаючы туды, адчуваецца нешта такое чужароднае. Так, працую там на карпаратывах заказных і гэтак далей, але ўсё роднае – тут. Свае 120 гарадоў, ты як сыр у масле. Мне хапае: мяне называюць першым нумарам, калі ў мяне загарадны дом, і аўтобус, і дзеці, і ўнукі, і Мальдзівы, Італія, Францыя, Іспанія, Партугалія. Зразумела, што там зусім іншыя заробкі, але ў кожнага свая вышыня, свой шлях, свая гісторыя. Хтосьці адразу з’ехаў, як Юры Антонаў, як Ігар Карнялюк, як Алена Свірыдава, але ў мяне атрымліваецца тут. Тут у мяне трыумф, тут у мяне ўсё, але можна было ўзляцець там, сам я шмат памылак нарабіў. Але я ні пра што не шкадую. У кожнага сваё прызначэнне. Але імкнуцца ўверх трэба пастаянна.

Некалькі пытанняў ад чытачоў афіцыйных старонак «Белсату» у сацыяльных сетках. Шмат пыталіся, ці не стаміўся выступаць Аляксандр Саладуха?

Ну, гонка, вядома, страшэнная, шчыра кажучы, бо ў мяне ідуць і мае касавыя выступы, і мора замоўленых. Але добры білборд быў у Менску, я гэтую думку ўзяў на ўзбраенне: «Паспявай быць першым!». Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Трэба толькі імкнуцца ўмела расходаваць сілы і максімальна адпачываць пры любой нагодзе. Але на гэта часу ўсё менш і менш…

Некаторыя наракаюць на тое, што ў інтэрвю з вамі рэдка падымаюцца па-сапраўднаму значныя для ўсіх пытанні. Вы ў курсе, што наагул адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці краіны і свету?

Безумоўна, я намагаюся ўсё адсочваць і нічога не прапускаць.

У такім выпадку, калі дазволіце, Аляксандр Антонавіч цікавіцца, чый усё-ткі Крым?

Вядома расейскі, чый жа яшчэ? Гэта і каню зразумела. Спакон вякоў, Севастопаль, рускі флот – гэта ўсё, вядома, расейскае.

Пытанне ад Віктара Папова. Апошнім часам намецілася мода на беларускую мову, людзі сталі часцей яе выкарыстоўваць, сталі з’яўляцца адпаведныя моўныя курсы. Як вы ставіцеся да беларускай мовы, і ці патрэбная ёй, на вашую думку, большае падтрыманне?

Я стаўлюся да яе выдатна. Хочаш размаўляць па-беларуску – размаўляй, не хочаш – размаўляй па-расейску, тут прымушаць нікога нельга. Мова выдатная, прыгожая, шыкоўная. Што да падытрмання – не ведаю, гэта ўжо няхай вырашаюць людзі «наверсе».

Максім Ляшко даслаў вельмі цікавае відэа, запіс канцэрта, прысвечанага дню Незалежнасці 1994 года. Там і Вы, і Іна Афанасьева, і Эдуард Ханок, і іншыя вядомыя беларускія артысты, выступіўшы перад гледачамі, выйшлі напрыканцы на сцэну ўсе разам і радасна павіншавалі прысутных са святам, завершыўшы ўсё гэта крыкамі «Жыве Беларусь!». Што для Вас гэты лозунг цяпер?

Мне падаецца, гэты лозунг абсалютна не палітычны, а нармальны, чалавечы лозунг. Паглядзіце, як вырасла краіна. За 21 год шмат чаго змянілася. Паглядзіце на Менск – ну еўрапейская сталіца! Пра што можна казаць? Дарогі, парадак, дысцыпліна, колькі пабудавана, усюды і паўсюль, асабліва ў Менску. Колькі расейскіх, еўрапейскіх і сусветных зорак выступаюць у нас. Было гэта ў 1994 годзе? А наагул я ў гэты лозунг укладаю наступнае: «Жыві, Беларусь, жыві, родная краіна! Квітней мацней, ярчэй, багацей!» – гэта ж такім чынам успрымаецца сэнс гэтага лозунга. У студзені вунь у Егіпет лёталі – чартэры кожны дзень з Беларусі бітком набітыя, а кажуць, дрэнна жывуць.

Вы нарадзіліся ў Расеі. Ці пачуваецеся часткаю гэткага «рускага свету», пра які так шмат гавораць апошнім часам, перадусім у самой Расеі?

Так, мой бацька служыў там, потым мы трапілі ў Беларусь. Не, я беларус, канешне, але я, відаць, прыхільнік таго Савецкага саюзу, дзе нарадзіўся.

Дык што тады важнейшае: інтэграцыя з Расеяй ці незалежнасць Беларусі?

Вядома, з Расеяй трэба трымаць сувязь і аб’ядноўвацца мацней з магутнай вялікай Расеяй, гэта старэйшая сястра, нікуды без яе. У той самы час, свой суверэнітэт, традыцыі – усё мусіць быць узаемазвязана.

Вы казалі пра тое, што, зарабляючы мільярды, можаце дазволіць, каб жонка не працавала. Ці мае яна ў цяперашні час афіцыйнае працаўладкаванне?

Так, яна працуе ў мяне ў ІП.

А я хацеў Вас перасцерагчы ў сувязі з тым, што нядаўна прэзідэнт падпісаў так званы «дэкрэт аб дармаедах»…

Так, я нармальна да гэтага стаўлюся. Усе павінны працаваць. Гэтую ініцыятыву я падтрымліваю. Я абсалютна прапрэзідэнцкі (смяецца). Ды і наагул, праца – гэта ж тое, дзякуючы чаму чалавек рухаецца наперад. Трэба працаваць кожнаму. Ну хтосьці за два мільёны, хтосьці – за мільярд… Але працаваць трэба.

Вы добра заўважылі: хтосьці за 2 мільёны, а хтосьці – за мільярд…

Тут хто на што вучыўся – раз, а другое – хто як жадае. Камусьці дастаткова двух, ён з гэтым і мірыцца. А хтосьці так не жадае і ідзе далей, цяжка працуе 24 гадзіны на содні. Усё ў руках чалавека.

Вы сапраўды лічыце, што ўсё толькі ад чалавека залежыць?

Вядома! Я ж прыклад усёй краіне, па меншай меры, у галіне эстрады. Прэзідэнт сказаў выразна: у краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб добра зарабляць і шыкоўна жыць.

У сярэдзіне студзеня стала вядома, што Вы завялі афіцыйныя старонкі «Вконтакте» і «Facebook». Навошта гэта вам?

Усё гэта абавязкова трэба. Ідзе мора замоваў у клубы, на дні нараджэння, на вяселля. Так рухаецца ўвесь свет. Дзякуючы гэтаму ўжо і гастролі ў Амерыку распрацоўваюцца.

Раскажыце пра гэта падрабязней.

Так, вось з 20 па 30 верасня Амерыка, так. Прапанавалі два-тры пробныя канцэрты. Аплочваюць дарогу, пражыванне, харчаванне, калі яшчэ грошы зарабляюцца – дзелім 50 на 50 з арганізатарамі. Таму, думаю, смела трэба пагаджацца, тыдзень правесці ў Маямі. І нават калі ўсё гэта будзе «па нулях» – я думаю, гэта будзе не лішнім. Паехаць, паказацца, пазнаёміцца.

Канцэрты пройдуць для расейскай суполкі?

Так, вядома ж, для расейскай, беларускай. Перамовы мы і вядзем з расейскім эмігрантам з Пецярбурга, які там шмат гадоў жыве.

Калі Вы сочыце за Інтэрнэтам, то ведаеце, што папулярнасць у вас высокая. Людзі вас ці любяць, ці не любяць, але абыякавым мала хто застаецца. Як думаеце, чаму?

Казаў, кажу, і буду казаць да канца дзён сваіх: хто верыць у сябе на сто адсоткаў і цяжка працуе з раніцы да ночы – рана ці позна да яго абавязкова прыходзіць поспех, тое, пра што ён марыць, абавязкова прыходзіць. Калі ён, нягледзячы ні на што, ідзе сумленна сваёй дарогай, не звяртаючы ўвагі на тое, як яго паліваюць брудам і гэтак далей – усё ў яго будзе.

Рэдкі беларус бачыў Вас без усмешкі. А па чым сумуе Аляксандр Саладуха або, можа быць, пра што шкадуе?

Шкадаваць наагул нельга ні пра што і ніколі – я ўжо шмат гадоў жыву па такім прынцыпе. І сумаваць таксама нельга. Так, бываюць хвіліны не зусім добрага настрою; не можа раскошнае сонца свяціць 365 дзён у годзе. У плане самаўдасканалення мне вельмі дапамаглі кнігі і багатыя людзі.

І якая ж кніга так на Вас паўплывала?

Гадоў 15-20 назад адная жанчына падарыла мне кнігу «Унутраны фэншуй. Унутранае самаўдасканаленне» кітайскай аўтаркі Ліліян Ту. І бізнесмен Сярожа Пракаповіч даў мне літаратуру, у якой чорным па белым апісаныя чатыры ўзроўні дасягнення ўнутранай вышыні. Упэўненасць у сабе, цярплівасць, бескарыслівасць і ўсёдараванне – самы цяжкі. Самае галоўнае – гэта дараваць, і тады перад табой запальваецца зялёнае святло. На жаль, мільёны людзей гэтага не ведаюць, таму і жывуць ад заробку да заробку і лаюцца з суседзямі (смяецца).

І як удалося дасягнуць усёдаравання?

Я з усмешкай успрымаю ўсе негатыўныя моманты, не каментую і наагул не пакідаю ў памяці нічога негатыўнага.

Як вы ставіцеся да свята 9 Траўня?

Выдатнейшае свята! 70 гадоў Перамогі. Я ў гэты дзень працую на двух вяселлях, ужо ўсё даўно праплачана. Адное тут недалёка ад нашага дому. Другое ў Кобрыне. Яшчэ была замова на Жодзіна, на стадыён, але я ўжо проста не разарвуся. Яшчэ была замова на праспект Пераможцаў, і, быццам бы, яна яшчэ ў сіле. Але я сказаў, што працую па стоадсоткавай перадаплаце, як расейцы.

Ці правільна, што ўлады Беларусі і Расеі падаграюць ажыятаж вакол гэтага дня?

Гэта не ажыятаж, а памяць. Што ж учынялі немцы, фашысты, гітлераўцы?! А мы выстаялі.

Ці не падаецца вам, што гэтыя шматтысячныя маршы і грандыёзныя ваенныя парады – нешта бутафорскае?

Не. І малайчына Аляксандр Рыгоравіч, што ён гэтага пільнуе. Нашыя дзяды-прадзеды ваявалі, пра што гаворка. І паралельна паказваецца моц краіны на гэтым парадзе. І Беларусь, і Расея – малайцы.

З Аляксандрам Саладухай у Лідзе гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў