Аляксандр Мілінкевіч: Аўтарам Плошчы пакуль што выглядае сам рэжым


Аляксандр Мілінкевіч.
Фота: Саша Праўдзіна / «Белсат»

Да выбараў прэзідэнта Беларусі застаўся тыдзень. Яшчэ зімой ніхто не чакаў, што сёлетнія прэзідэнцкія выбары стануць настолькі непрадказальнымі і драматычнымі. Цяперашняя кампанія паказала, што Лукашэнка практычна цалкам страціў электаральнае падтрыманне: Святлана Ціханоўская збірае на сваіх мітынгах дзясяткі тысяч прыхільнікаў па ўсёй краіне, беларусы масава дэманструюць сваю нелаяльнасць дзейнай уладзе.

Ці можна спадзявацца на змены, і што нас чакае вечарам 9 жніўня? Карэспандэнт belsat.eu наведаў вёску Бершты на Гарадзеншчыне, дзе пагутарыў з адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. Аляксандрам Мілінкевічам.

– Кожная выбарчая кампанія – асаблівая. Чым вылучаецца цяперашняя?

Такіх кампаній, якая адбываецца цяпер, яшчэ не было. Хто б мог падумаць яшчэ вясной, што на вуліцах будуць стаяць кіламетры чэргаў, што будзе такі ўздым на сустрэчах з кандыдатамі. Гэта мацуе веру. Беларусь даўно так не хацела перамен, так не дэманстравала гэтага і не пазбаўлялася ад страху, як сёлета. Гэта вялікае дасягненне, на якое гадамі працавалі многія ў нашай краіне. Вялікі ўнёсак зрабіла і ўлада сваёй нялюдскай палітыкай. Таму спрэчкі пра старую і новую апазіцыю марныя, усе важныя.

На мітынгу Святланы Ціханоўскай у Ваўкавыску.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Сёлета ідзе кампанія перадусім пратэстная, людзі вельмі стаміліся ад аднаго і таго ж чалавека ў тэлевізары на працягу больш чым чвэрці стагоддзя, ад стагнацыі, страху, хамства, хлусні і бесперспектыўнасці.

Мне не хапае дыскусіі пра тое, якой мае быць краіна ў будучыні. Ці стане новая Беларусь беларускай і еўрапейскай? Але гэта будзе тэмай першых пасля Лукашэнкі вольных выбараў.

– Што кажуць пра тое, што адбываецца ў краіне, вашыя суседзі, аднавяскоўцы ў Берштах?

У людзей карэнным чынам змяніліся думкі, асабліва за апошні год. Тут больш сталых людзей, і яны найчасцей так кажуць, што іх непакоіць: па-першае, дзеці ці ўнукі, што перабраліся ў горад, усё часцей хочуць з’ехаць з Беларусі, а што мы тут будзем адныя рабіць, і па-другое, Лукашэнка нямала добрага зрабіў, але ўжо надышоў час адпачыць, патрэбныя перамены, патрэбны маладзейшы. І так думаюць многія ў Беларусі.

Маладзейшыя кажуць, што Лукашэнка не разумее народу, які жыве пад ім. Яму здаецца, што сёлетняя хваля пратэстаў – гэта не вынік яго праўлення і расчаравання, а ўмяшанне вонкавых ворагаў, Масквы ў першую чаргу, у нашыя справы і распачатая інфармацыйная вайна праз сацыяльныя сеткі. Спрабуе ваяваць з тэлеграм-каналамі, называе інтэрнэт сметніцай. Але грамадства саспела да пераменаў, яно ўжо не вернецца ў мінулае. Людзі разумеюць, што гэтая ўлада не здольная правесці неабходныя рэформы.

На мітынгу Святланы Ціханоўскай у Слоніме.
Фота: «Белсат»

Іхняе тэлебачанне з журналістамі-прапагандыстамі выглядае абсалютна архаічным і бездапаможным. Нават у Берштах усё больш людзей глядзяць «Белсат» і праз яго адкрываюць іншы свет. Паміж уладай і звычайнымі людзьмі няма паразумення і супрацы. Сістэма прэзідэнцкай вертыкалі – неэфектыўная, адсталая мадэль кіравання, якой няма нідзе ў Еўропе.

Я не веру ў тое, што гэтая ўлада здольная штосьці сур’ёзнае памяняць. Адправілі адносна рэфарматарскі ўрад, да якога ў большасці экспертаў быў пэўны давер, на ўрад генералаў. Генералы вучацца ў сваіх акадэміях ваяваць. А нам вайну хочацца спыніць.

– У амерыканскага гісторыка і палітолага Дэньела Трызмэна ёсць праца «Дэмакратызацыя па памылцы», у якой ён аналізуе падзенне аўтарытарных рэжымаў і іх дэмакратызацыю за апошнія 200 гадоў. Высветлілася, што ў большасці выпадкаў падзенне рэжымаў адбывалася не таму, што ў апазіцыі была моцная пераможная стратэгія, а таму, што сам рэжым для самазахавання пачынаў рабіць дурныя, пагібельныя для яго памылкі. Ці робіць такія памылкі Лукашэнка?

Надышла лічбавая эпоха, а зараз яшчэ і постковідная. Найлепшыя эксперты свету кажуць, што толькі тая дзяржава мае перспектыву і будзе мець поспех у гэты час, якая распачне шырокі дыялог унутры краіны, атрымае падтрымку большасці грамадства, будзе сцісла супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю. Будзе кансалідаваць розных людзей і ўлічваць іх думкі. Адкрытасць і празрыстасць улады – адзіны шанец для краіны на развіццё. І тут першая памылка беларускага рэжыму – ён зачыніўся і згубіў сувязь з грамадствам. Агрызаецца, пераследуе іншадумства. Улада сама па сабе, мы самі па сабе, так кажуць усе і ўсюды.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Лідзе.
Фота: «Белсат»

Другая грунтоўная памылка – за 26 гадоў Лукашэнка так і не прапанаваў стратэгіі развіцця краіны. Відавочна, ён вельмі здольны тактык, здольны выкручвацца і маніпуляваць. Але няма галоўнага – разумення, куды мы ідзем. Казаць толькі пра чарку і шкварку – гэта прыніжэнне нацыі. Беларусь – гэта не проста кавалачак зямлі. Беларусы – не народзец. Менск – не гарадзішка. Трэба паважаць свой народ.

Трэцяя праблема ў тым, што Лукашэнка сканцэнтраваў абсалютную ўладу ў сваіх руках, але прымае рашэнні, не маючы альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, не шукае іх, а інтэрнэт для яго сметніца.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску.
Фота: «Белсат»

– Падчас гэтай кампаніі мы бачылі дэмарш некаторых дзяржаўных журналістаў, спартсменаў, публічных асобаў. Ці ёсць прыкметы пранікнення вірусу дысідэнцтва і ва ўладную наменклатуру, сілавыя ведамствы? Ці там пакуль усё маналітна?

Ні ў адным рэжыме, нават жорсткім, няма абсалютнай маналітнасці думак. Але паўстае пытанне, наколькі сістэма ўлады дазваляе іх агучваць, калі яны адрозніваюцца ад мыслення лідара. Відавочна, што ў беларускай уладзе ёсць прарэфарматарская група – больш прабеларуская, праеўрапейская, якая выступае за дыялог з грамадствам, ведае, як робяцца рэформы. І ёсць група (у асноўным з сілавікоў), якая імкнецца закруціць гайкі і навесці дысцыпліну. Пакуль ніякіх публічных праяваў супраць генеральнай лініі мы не бачылі. Не саспеў час. Лукашэнка можа прабачаць апазіцыі нават жорсткую крытыку, але сваім – не. Браджэнне ў галовах, канешне, адбываецца, тым больш цяпер, калі бурліць краіна.

– У адным са сваіх інтэрв’ю Вы казалі пра тое, што практычна ўва ўсіх прэзідэнцкіх кампаніях у Беларусі былі прадстаўленыя інтарэсы Масквы і быў хаця б адзін кандыдат, які спрыяў рэалізацыі стратэгіі Крамля.

У 2001 г. я ўзначальваў выбарчы штаб былога губернатара Сямёна Домаша, у 2006 г. быў адзіным кандыдатам аб’яднанай апазіцыі, у 2010 г. таксама шчыльна ўдзельнічаў у працэсе. Ведаю шмат чаго, што дазваляе не канспіралогіяй займацца, а проста сфармуляваць вядомыя з беларускай гісторыі інтарэсы Масквы. Пакуль будзе Пуцін, а ён збіраецца правіць вечна, будзе рэалізоўвацца канцэпцыя «русского мира». Украіна і Беларусь у ёй – галоўныя мэтавыя краіны. Украіна Расеяй згубленая. Сёння адпусціць Беларусь – смерць для расейскай ідэалогіі. А як без яе маскоўскі рэжым?

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Крэмль на нашых прэзідэнцкіх выбарах ніколі раней не ставіў сабе за мэту звергнуць Лукашэнку. Ён быў свой, хаця часам наравісты. «Старэйшы брат» меў іншыя задачы: падзяліць і аслабіць беларускую апазіцыю, папсаваць адносіны паміж Беларуссю і Захадам і, як вульгарна кажа сам Лукашэнка, «нахіліць» яго для хутчэйшай інтэграцыі з Расеяй.

Разам з тым, калі мы кажам «рука Масквы», «расейскі след», то не варта лічыць, што тыя людзі, якія супрацоўнічалі з Масквой на пэўных этапах прэзідэнцкіх кампаній, абавязкова засланыя шпіёны, якія толькі і хочуць, што здаць Беларусь у абдымкі Пуціну. Абсалютна не. Проста для некаторых беларусаў, асабліва ў ранейшыя часы, мець у якасці партнёра Маскву лічылася абсалютна нармальным і нават ганаровым. Масква ў пачатку 2000-х некаторымі кандыдатамі разглядалася як сіла, якая можа дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі. Таму што Масква моцная, уплывовая, у Беларусі ёсць і прарасейскія настроі. І калі Масква хацела б замяніць Лукашэнку, так жа, як таго хоча беларуская апазіцыя, то супраца ў гэтым працэсе выглядала лагічнай.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску. 30 ліпеня.
Фота: «Белсат»

Але тут самае важнае, каб той кандыдат у прэзідэнты, які шукае супрацоўніцтва з іншай дзяржавай, кожны раз думаў пра тое, ці не здраджвае ён інтарэсам сваёй краіны, ці не бярэ ён на сябе абавязкі, якіх не зможа не выканаць, а калі выканае – гэта будзе шкодна для яго краіны. Гэта пытанне велізарнай адказнасці.

– Якой, на Ваш погляд, можа быць стратэгія Масквы ў адносінах да Лукашэнкі на цяперашніх выбарах?

Для Масквы сёння стаіць пытанне: або Лукашэнка так аслабне, што пойдзе на падпісанне 31-й дарожнай мапы паглыбленай інтэграцыі, або, калі ён не зробіць гэтага пасля кампаніі, адхіліць і спрыяць прыходу свайго кандыдата, які будзе для іх больш перспектыўным і падатлівым партнёрам. Такая стратэгія не абавязкова павінна скончыцца крымскім варыянтам. Ёсць шмат геапалітычных прычын, чаму Масква не зможа сёння паўтарыць падобную анексію. Гібрыдныя войны выйграюцца цяпер і без «ветлівых чалавечкаў».

– Улады робяць усё, каб выпіхнуць беларусаў з легітымнага поля абароны свайго права выбіраць. Цяпер з’явілася новае, непалоханае пакаленне, якое не трапляла пад раздачу на Плошчы-2010 і іншых акцыях пратэсту. На Вашую думку, што будзе вечарам 9 жніўня і пасля?

Аўтарам сцэнару Плошчы пакуль што выглядае не столькі галоўны апазіцыйны кандыдат, а рэжым. Ён нагнятае атмасферу трывогі, стала запалохвае грамадства, папярэджвае аб магчымасці паўтарэння крывавых падзеяў, як у час пратэстаў у былых савецкіх рэспубліках.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Людзі не хочуць так жыць далей, са сталым пошукам ворагаў, стагнацыяй, без перспектывы. Калі цывілізаваным чынам, праз справядлівыя выбары немагчыма вызначыць свой лёс, то застаецца мірны вулічны пратэст. У пратэстоўцаў сёння няма злосці і агрэсіі, акцыі праходзяць у прыўзнятым, пазітыўным настроі.

Праблема ў тым, што мы не ведаем, які сцэнар маюць аб’яднаныя штабы, ці ёсць ён увогуле. Спантанная Плошча, без дружыннікаў, без канкрэтных мэтаў – проста мара для правакатараў. Хто імі можа быць? Рэжым, думаю, усё ж не зацікаўлены ініцыяваць разгон, бо сілавы варыянт канчаткова, на доўгі час папсуе адносіны з Захадам, і Беларусь застанецца без тэхналогій, танных крэдытаў і без магчымасці ўдзелу ў праграмах добрасуседства ЕЗ. І ў апазіцыі няма радыкальных груповак. Лічу, што правакацыі на Плошчы хутчэй могуць быць у крамлёўскіх сцэнарах, якія маюць справакаваць рэжым на жорсткі разгром пратэстоўцаў і нават ужыванне зброі. Калі б такое здарылася, Лукашэнка стаўся б для цывілізаванага свету ізгоем, апошнім ды яшчэ і крывавым дыктатарам Еўропы. У выніку Лукашэнка застаўся б сам-насам з Пуціным, і гэта паставіла б нашую незалежнасць пад сур’ёзную пагрозу.

АМАП і аўтазакі на праспекце Незалежнасці ў Менску.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Для апазіцыі самае галоўнае – зрабіць усё магчымае, каб быць падрыхтаванымі да нейтралізацыі магчымых правакацыйных дзеянняў з боку маскоўскага і менскага рэжымаў і стала заклікаць сваіх прыхільнікаў выключна да мірных акцый.

Хацелася б, каб людзі, якія ўзначаляць Плошчу, разумелі сваю адказнасць. Мала выйсці на Плошчу, трэба, каб быў план. У 2010 г. кандыдаты не аб’ядналіся адзін з адным, і ў кожнага быў свой план. Зараз, калі не будзе каардынацыі, то будзе столькі планаў, колькі выйдзе людзей. Гэта быў бы самы кепскі варыянт.

– Апошнія тры месяцы часта сустракаюся з такім меркаваннем: калі зараз не ўдасца змяніць уладу – з’еду з Беларусі. Ці выклікае параза альтэрнатывы на выбарах моцнае расчараванне, фрустрацыю і хвалю эміграцыі?

Канешне, параза – заўсёды ўдар па настроях актыўных людзей. Калі такое адбываецца, ім асабліва няпроста. Трэба быць маральна гатовым да такой хады падзей. І ацаніць кампанію як ужо суперважны этап вяртання Беларусі да нармальнасці.

У 2001 г. фрустрацыя пасля зняцця Сямёна Домаша з выбараў прывяла да таго, што многія павыходзілі з дэмакратычных структураў, асабліва ў рэгіёнах.

Аляксандр Мілінкевіч.
Фота: Саша Праўдзіна / «Белсат»

Пасля Плошчы ў 2006-м была хваля эміграцыі. Цяпер рэпрэсіі шалёныя, але і ў 2006 г. яны былі самымі шырокімі: больш за 1500 чалавек згубілі працу пасля ўдзелу ў кампаніі, каля 1200 прайшлі праз пасадкі, у дзень выбараў сядзелі амаль усе сябры рэгіянальных штабоў, і паўтысячы студэнтаў адлічылі з універсітэтаў, і ў адказ нарадзілася Праграма салідарнасці польскага ўраду імя Каліноўскага.

Канешне, гэта страта для краіны. Але калі мы клічам моладзь на пратэст у абарону годнасці, то мусім самі быць годнымі і бараніць іх падчас рэпрэсій. Гэта наш абавязак і змаганне са страхам у грамадстве. Ці Беларусь згубіла? І так, і не.

Міліцыя на вуліцах Менску. 2 сакавіка 2006 г.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Хтосьці вяртаецца з еўрапейскімі ведамі і досведам, а тых, хто застаўся за мяжой, разумная дзяржава можа выкарыстаць у будучыні. Гэта нашыя агенты ўплыву за мяжой, якія могуць значна паспрыяць пабудове супрацы з цывілізаваным светам. Як у нас пачнуцца рэформы, многія беларусы – выпускнікі заходніх універсітэтаў вернуцца, каб дапамагчы правесці трансфармацыю. Так было ў Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Грузіі.

Калі Лукашэнка пакіне сябе кіраўніком дзяржавы, людзі выйдуць на Плошчу, і ўлады яе разгоняць – дадатковая эміграцыя, на жаль, непазбежная. Гэта цана свабоды.

– Падчас нашай размовы Вы казалі, што не верыце ў тое, што рэжым здольны рэфармавацца. Мы цяпер назіраем познюю восень аўтакратыі. Ці можа яна ператварыцца ў зіму пасля выбараў, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе?

Гэта самы горшы сцэнар для развіцця краіны і перспектыў для людзей. Узмацненне аўтарытарызму да дыктатуры, замарозка статус-кво не дасць шанцаў для развіцця, толькі падоўжыць агонію рэжыму. Мы не зможам пераўтварыцца ў Паўночную Карэю, не пабудуем другі раз Савецкай Беларусі. Глабалізацыя, лічбавізацыя, постковідная нармальнасць робяць недэмакратычныя дзяржавы краінамі трэцяга свету.

Сённяшнія беларусы такога не павінны дапусціць.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомлі.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

– Ад часткі беларусаў гучыць шмат крытыкі ў бок аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай: напрыклад, грэбаванне беларускай мовай, адсутнасць традыцыйных сімвалаў пратэсту і так далей. Маўляў, гэта недастаткова беларускі пратэст, таму не будзем яго падтрымліваць. Не абыходзіцца і без канспіралагічных версіяў аб «руцэ Масквы», якую шукаюць на кожных прэзідэнцкіх выбарах. Чаму частка актыўных беларусаў не прымае новай сілы, фактычна адмаўляючы тое, што беларускі народ здольны на пратэст?

Тут важна, каму што баліць. Я чалавек, для якога нашая незалежнасць – найважнейшая каштоўнасць. І не таму, што я не думаю пра эканоміку, адукацыю, дэмакратыю і свабоду. Я проста ведаю, што калі б мы ў адну ноч страцілі незалежнасць, у нас бы не было ні сваёй мовы, ні культуры, ні гісторыі. Незалежнасць – гэта фундамент дзяржавы.

Ціханоўская Калеснікава Цапкала
Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава.
Фота: «Белсат»

Разам з тым я разумею, што падняўся пратэст вялікай колькасці звычайных людзей, далёкіх ад разумення гэтых каштоўнасцяў. Добра, калі б яны ў іх былі, але ў сённяшніх школах і грамадстве гэта шырока не прывіваецца. Людзі думаюць аб хлебе, думаюць, як выжыць. І казаць ім пра мову, адраджэнне – я не думаю, што цяпер час на гэта. Добра, што Ціханоўская прыслухоўваецца да парадаў і кажа пра мову, незалежнасць. Мне яна падаецца шчырым чалавекам, на яе можна ўплываць, яна слухае і чуе. Але яна ж не збіраецца быць прэзідэнтам, як сама кажа. Яна да гэтага сапраўды непадрыхтаваная. З іншага боку, Леха Валэнсу ў Польшчы калісьці папракалі, што ён просты электрык, а вось ідзе ў прэзідэнты. Ён на гэта адказваў, што сапраўды не мае вышэйшай адукацыі, але ў яго штабе побач з ім суперпрафесары, найлепшыя ў Польшчы, і ён вучыцца менавіта ў гэтых людзей. Калі чалавек здолеў аб’яднаць людзей, трэба цаніць яго патэнцыял. Калі звычайны чалавек ацэньвае Ціханоўскую, то галоўным аргументам ёсць «яна ж такая, як мы».

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомлі.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Я лічу, адно з самых страшных злачынстваў Лукашэнкі – гэта забойства нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы і культуры. Эканоміку, іншыя рэчы адрадзіць прасцей, а мову і культуру – цяжэй. Зараз зрабіць беларусізацыю будзе складаней і даўжэй, чым на пачатку нашай незалежнасці. Але ўсё не безнадзейна. Працэсы адраджэння доўгія, бо справа далікатная.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомлі.
Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Пытанне, як зрабіць так, каб мы ўплывалі на тое, што будзе пасля выбараў. Мне баліць, што традыцыйная дэмакратычная супольнасць Беларусі вельмі аслабла з прычыны рэпрэсій і ўласных памылак. Зараз асабліва важна, каб мы засталіся ў гульні дзеля таго, каб у нас была краіна, пра якую мы марым.

– Кангрэс дэмакратычных сілаў не збіраўся з 2007 года…

Так, тады адбыўся кангрэс пахавання рэальнага адзінства. У 2005 г. на з’ездзе ў тысячу дэлегатаў абралі адзінага кандыдата, я меў гонар быць ім. Пасля выбараў кіраўнікі партый казалі пра тое, што столькі працы зроблена разам, ёсць вынік, варта працягваць. Але праз паўгода пачаліся размовы пра тое, што мы ўсе лідары, трэба ўсё абнуліць і пачаць па-новай. Я разумею амбіцыі – у палітыцы няма чаго рабіць без іх. Але гэта была памылка. На тым апошнім кангрэсе 2007 г. я заклікаў не ўводзіць ратацыйнага кіравання Аб’яднанымі дэмсіламі. Калі я не падыходжу на ролю лідара, то трэба выбраць іншага, бо ратацыя – гэта будзе для нас згубай. На жаль, я меў рацыю, але амбіцыі перамаглі. І мы сёння маем тое, што маем.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Берасці.
Фота: «Белсат»

Я думаю, што тады быў Рубікон. Досвед паказвае, што ў аўтарытарных краінах асабліва важныя шырокае яднанне і выбар лідара, твару дэмакратычнай супольнасці. Гэта выклікае давер і веру.

– У гэтай кампаніі тры жанчыны за 15 хвілін дамовіліся пра тое, пра што беларуская апазіцыя не магла дамовіцца гадамі – пра аб’яднанне. Ці зменіцца штосьці для апазіцыі пасля гэтай выбарчай кампаніі?

Тое, што гэтыя прыгожыя жанчыны разам са сваймі штабамі аб’ядналіся, было вырашальным, бо ўсе разумеюць, што ёсць супольная нацыянальная праблема і для яе вырашэння неабходная максімальная кансалідацыя. Кампанія ізноў набыла аптымістычны настрой, зайграла новымі колерамі, бо такая ёсць воля тых, хто падтрымлівае тройку новых лідараў. Гэта добры прыклад, адказны падыход.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Але давайце шчыра скажам, калі б прэтэндэнты Бабарыка, Ціханоўскі сёння не былі ў турме, а Цапкала быў бы ў Менску, супраца паміж імі мела б месца, але аб’яднанне хутчэй за ўсё не адбылося б. Бо былі б большыя амбіцыі, іншы расклад і іншыя доўгатэрміновыя мэты.

Шырокія кааліцыі здараюцца пры дыктатурах. У дэмакратыях ніколі не аб’ядноўваюцца ўсе з усімі. І ў нас так будзе. Але пасля перамогі над аўтарытарызмам Лукашэнкі.

– Аб’яднаны штаб Ціханоўскай хутка вучыцца, прыслухоўваецца да крытыкі і збірае на мітынгі тысячы сваіх прыхільнікаў не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. У чым сіла і слабасць гэтай новай пратэстнай сілы і яе лідараў?

Сіла ў тым, што гэта народны спантанны пратэст, які ідзе знізу. Людзей ніхто не справакаваў, не падмануў, не накруціў, людзі самі вырашылі, што далей мы так жыць не хочам і не будзем. Такія рухі і ўздымы бываюць раз на дзесяцігоддзе. І добра, што ён ёсць, бо гэта школа для ўсяго грамадства, людзі пачынаюць адчуваць сябе супольнасцю грамадзянаў.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Слабасць у тым, што гэты рух аб’яднаў беларусаў дзеля пратэстнага галасавання, ён мае пакуль толькі мэту адхілення дыктатуры ад улады. Важны крок, але ён толькі першы. Мы не ведаем, ці новая сіла аформіцца ў палітычныя і грамадскія структуры. Ці захавае сваю моц і адзінства. Думаю, што не. Але многія лідары сённяшніх пратэстаў стануць дэпутатамі, міністрамі, мэрамі. Хачу пажадаць ім захаваць у сэрцы любоў да свабоды і дэмакратыі.

Я веру ў чарговую перабудову. Абнаўленне – гэта закон прыроды. Інстынкт самазахавання ёсць не толькі ў асобнага чалавека, але і ў народу. І гэтае самазахаванне прымусіць рабіць слушныя рэчы.

Аляксандр Мілінкевіч.
Фота: Саша Праўдзіна / «Белсат»

– Вы публічна не выказваліся ў падтрымку Ціханоўскай і аб’яднанага штабу, хоць яны і імкнуцца да таго ж, што і Вы ў 2006-м, да змены ўлады.

Так, я не выказваўся па персонах. Але ўсе і так ведаюць, што я жорсткі апанент сённяшняй улады. І не раз гаварыў: любіце Беларусь больш, чым вы ненавідзіце Лукашэнку. У гэтых словах галоўнае – Беларусь. Для падтрымкі асобаў мне не хапае адказу на пытанне, якую краіну лідары новай сілы хочуць будаваць.

На гэтых выбарах я прагаласую за новую Беларусь.

Размаўляла Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў