Развіццё гандлю duty free абмеркавалі падчас нарады ў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.
Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, развіццё гэтага віду гандлю спрыяе павышэнню транзітнай і турыстычнай прывабнасці краіны, адказвае сучасным стандартам камфортных умоваў для грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу.
«Мы заканадаўча вызначылі асноўныя патрабаванні да гэтых крамаў і развіваем гэты від дзейнасці. З 2014 года колькасць такіх крамаў у краіне павялічылася ў тры разы. Каля 70 аб’ектаў працуе ў Беларусі на сённяшні дзень. Тры з іх створаны для пасажыраў, што прыязджаюць у краіну. Падпісаны ўказ аб бязмытным гандлі на бартах паветраных судоў авіякампаніі «Белавія», – нагадаў кіраўнік краіны.
«Для фізічных асобаў гэта выгадна», – адзначыў беларускі кіраўнік.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што перш за ўсё бязмытны гандаль зручны і выгадны тым, што шэраг імпартных і айчынных тавараў там танней, чым у звычайных крамах.
«Гэта зразумела. А які ўплыў гэты від гандлю аказвае на вытворцаў аналагічных беларускіх тавараў і на гандлёвую сетку – там, дзе няма ільготаў вызначаных і гэтак далей? Гэта мяне больш за ўсё цікавіць. А што гэта добра для людзей, мы ўжо пераканаліся», – задаваў пытанні Аляксандр Лукашэнка.
Напрыканцы мінулага году кіраўнік краіны дазволіў рэалізоўваць тавары без мытаў у Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры ўездзе ў Беларусь. Акрамя таго бязмытны гандаль дазваляецца на бартах самалётаў беларускіх авіякампаніяў, што ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі.
СК belsat.eu