Аляксандр Лукашэнка: «Прадпрымальнікі кормяць краіну, іх нельга душыць»


Другі дзень дыялогу працоўнай групы. Пасля амаль паўтара месяца пратэстаў прадпрымальнікаў па ўсёй краіне ўлады, здавалася б, урэшце выказалі гатовасць да перамоваў.

«Будзе працаваць адваротная сувязь з грамадскасцю, з прадпрымальніцкім асяроддзем. Пасля ўжо распрацоўнік праекту нарматыўна-прававога акту будзе акумуляваць гэтыя ўсе прапановы і заўвагі ды ацэньваць з гледзішча мэтазгоднасці і магчымасці ўліку прапановаў». – распавядае Алег Сліжэўскі, міністр юстыцыі.

І кіраўнік Беларусі, які днямі называў прадпрымальнікаў злодзеямі ды вінаваціў у разбурэнні лёгкай прамысловасці краіны, сёння на паседжанні калегіі Следчага камітэту выказваўся ў зусім іншым ключы і наказваў праваахоўнікам не ствараць перашкодаў працы айчыннага бізнесу.

«Залішняю заўзятасцю мы тут не толькі не дапаможам – можам зрабіць горш. Галоўнае – гэта эканоміка. Мы не мусім дзеля нейкіх там паказнікаў ды нават гучных справаў «душыць» прадпрымальнікаў, маю на ўвазе і дзяржаўную, і прыватную форму ўласнасці, якія кормяць краіну», – нечакана даводзіць Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Нягледзячы на такую змену рыторыкі, заўчорашнія «злодзеі» ды сённяшнія «кармільцы» краіны перад паседжаннем працоўнай групы ў Міністэрстве эканомікі падкрэслілі, што ранейшыя словы Лукашэнкі не пакінулі абыякавымі шмат каго з тых, хто ўжо мог быць гатовы пагадзіцца на дыялог.

«Мы здымаем з сябе ўсялякую адказнасць за ўстрыманне прадпрымальнікаў перад акцыямі пратэсту, бо я лічу, што пасля заяваў прэзідэнта пра тое, што прадпрымальнікі бандыты – размаўляць хіба няма пра што», – кажа Анатоль Змітровіч, удзельнік працоўнай групы пры Міністэрства эканомікі.

Тыя ж, хто вырашыў з пратэстам пачакаць патлумачылі «Белсату», што дыялог – шанец не толькі для ІП, але і для ўладаў.

«Калі перамовы ідуць – гарматы маўчаць. Нашая мэта была – быць пачутымі, і мы ў тым ліку з прычыны гэтага і падалі заяўку на мітынг. Бо з намі ніхто не хацеў размаўляць. Мы дасягнулі перамоваў, і лагічна было зрабіць выснову, што на гэтым этапе патрэба мітынгу адпадае. Мы яго правядзем у любы іншы дзень і час», – тлумачыць Андрэй Шумчанка, старшыня грамадскага абʼяднання «Перспектыва».

Тым часам доўгачаканыя перамовы на гэты момант не прывялі фактычна ні да чаго. Замест адмены ці змянення ўказу №222 – пра неабходнасць сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці – прадпрымальнікам у Міністэрства эканомікі запрапанавалі толькі зменшыць штрафы за гандаль таварам без дакументаў з 500 базавых велічыняў да 300. Для тых, хто і без гэтых размоваў збіраўся на вулічны пратэст, усё стала толькі больш відавочнае.

«За нашымі спінамі сем’і, і нам няма куды саступаць. Як паказала практыка сходаў – прадпрымальнікі загнаныя ў кут, і яны, на жаль, гатовыя адстойваць свае інтарэсы нават на плошчах», – зазначае Ірына Яскевіч, прафсаюз прадпрымальнікаў «Разам».

Сотні віцебскіх ІП заклікалі калегаў выйсці на ўсебеларускі сход прадпрымальнікаў у Менску ў панядзелак. Паводле спадарыні Яскевіч, месца пратэсту яшчэ не вызначанае. Адное з магчымых месцаў збору – плошча каля чыгуначнага вакзалу сталіцы.

Усевалад Шлыкаў, «Белсату»

Стужка навінаў