Аляксандр Лукашэнка хоча перафарматаваць «Усходняе партнёрства»


Пра свой намер змяніць «Усходняе партнёрства» Аляксандр лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з Еўракамісарам у пытаннях палітыкі добрасуседства Ёганэсам Ганам. Паводле кіраўніка краіны, Менск зацікаўлены перадусім у пашырэнні эканамічных кантактаў.

Палітычныя пытанні за дужкамі, а перадусім вырашэнне эканамічных праблемаў. Такое бачанне Усходняга партнёрства сёння ў Менску прапанаваў Аляксандр Лукашэнка Ёганэсу Гану, еўракамісару ў пытаннях палітыкі суседства.

Апроч кіраўніка краіны еўракамісар правеў працоўную сустрэчу і з прадстаўнікамі апазіцыі. Размова праходзіла за закрытымі дзвярыма і еўракамісар папрасіў яго не цытаваць, таму адзін з удзельнікаў сустрэчы Анатоль Лябедзька падзяліўся толькі тымі тэмамі, якія агучваў сам.

«Размаўлялі пра Украіну, бо там вырашаецца будучыня Беларусі, па другое свабодныя выбары і размарозка пляцоўкі 1999 года калі быў перамоўны працэс паміж уладамі і апазіцыяй», – гаворыць Анатоль Лябедзька, старшыня АГП.

Чакаецца што новая стратэгія Усходняга партнёрства будзе агучаная 21-22 траўня падчас саміту ў Рызе. Палітолаг Андрэй Ягораў лічыць, што паніжэнне палітычных амбіцыяў Усходняга партнёрства адносна Беларусі, а менавіта гэтую формулу прапаноўвае Лукашэнка, не дадасць стабільнасці ў рэгіёне.

Паводле старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага мэта Менску ў дыялогу з Еўразвязам – гэта атрыманне дапамогі на падтрыманне эканамічнай сістэмы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Гэты мэсэдж Бяляцкі агучыў напярэдадні, выступіў перад дэпутатамі Еўрапарламенту.

«Мы прапануем не верыць беларускім уладам і патрабаваць дэмакратызацыі, у адваротным выпадку гэтыя кантакты будуць ісці на карысць беларускаму рэжыму», – сказаў праваабаронца.

Паводле Бяляцкага Еўропе варта працягваць палітыку санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Яна будзе актуальная пакуль у нас застаюцца палітычныя зняволеныя. Зрэшты еўрапейцы апошнім часам робяць акцэнт на іншае, а менавіта на імідж міратворца, які атрымаў Лукашэнка ад менскіх перамоваў.

АН, belsat.eu

Стужка навінаў