Аляксандр Кулінковіч: «Бійце мяне лапатай, але для мяне 100 гадоў БНР і 23 лютага падобныя даты»


Аляксандр Кулінковіч. Фота – Таццяна Менская

Лідар беларускага гурта «Нейра Дзюбель» назваў «сукамі» беларусаў, якія крытыкуюць музыкаў за нежаданне або адсутнасць магчымасці ўзяць удзел у святочным канцэрце ў Менску з нагоды 100-годдзя БНР.

«Вы думаеце, што мы завадныя цацкі? Нейра Дзюбель дакладна не. Павінна быць вера. Я граў на Дзень Волі на пачатку стагоддзя. У мароз я бегаў голы па пояс, Алег Бябенін [заснавальнік сайту «Хартыя’97», які, паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам. – Заўв. Belsat.eu] накінуў на мяне байку. Гэта было здорава, я верыў у Дзень Волі. А цяпер няма ў вас ніякай волі. Ёсць дата. Бійце мяне лапатай, але для мяне 100 гадоў БНР і 23 лютага падобныя даты», – напісаў у сваім «Facebook’у» Аляксандр Кулінковіч.

3 сакавіка ў сваім афіцыйнай суполцы «ВКонтакте» гурт паведаміў, што адмяняе канцэрт у Гомлі, бо «ноччу бубнача забрала хуткая». 30 сакавіка «Нейра Дзюбель» выступіць у менскім клубе «Граффити».

Шэраг беларускіх музыкаў не зможа выступіць на дазволеным менскімі уладамі канцэрце. У прыватнасці, Лявон Вольскі (выступае на Дне Волі ў Беластоку) паабяцаў выступіць у Менску ў «рэжыме тэлемосту», Ляпіс-98 і Сяргей Міхалок 25 сакавіка дае канцэрт у Мазыры.

У наступную нядзелю, 25 сакавіка, а 12:00 глядзіце на нашым тэлеканале наўпроставую трансляцыю з менскага святочнага канцэрту з нагоды 100-годдзя БНР. А 23 сакавіка жывую трансляцыю з урачыстага ўсталявання шыльды на доме, дзе 100 гадоў таму абвясцілі незалежнасць БНР.

Праграма святкавання ТУТ.

Напярэдадні 25 сакавіка актывісты ладзяць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю БНР. 13 сакавіка ў Менску ўрачыста адкрылі памятны знак братам Луцкевічам, у Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці», яна будзе працаваць да 7 траўня.

На правядзенне інфармацыйнай кампаніі #БНР100, арганізацыю творчых мерапрыемстваў і акцый ды святочнага канцэрта 25 сакавіка ўжо сабралі больш 30 тысяч рублёў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары