Аляксандр Краўцэвіч: князь Вітаўт не жадаў поўнага знішчэння Ордэну


Сёння, у 609-ыя ўгодкі перамогі саюзнай арміі Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, Сяргей Пеляса, рэдактар цыклу «Загадкі беларускай гісторыі», размаўляе з даследчыкам сярэднявечча, доктарам гістарычных навук, археолагам Аляксандрам Краўцэвічам.

Пра што гутарылі:

  • Не кароль польскі Ягайла, а ягоны стрыечны брат, вялікі князь літоўскі Вітаўт Кейстутавіч на карціне Яна Матэйкі на першым плане.
  • Чаму аўтар такім чынам размясціў абодвух манархаў?
  • Што знайшлі археолагі ў ваколіцах Грунвальду і чаму дагэтуль не знайшлі дакладнага месца бітвы?
  • Чаму Вітаўт, а, магчыма, і Ягайла не хацелі поўнага знішчэння Ордэну шпіталю Найсвяцейшае Панны Марыі нямецкага дому ў Іерусаліме?

Што мы галоўнае ведаем пра Бітву пад Грунвальдам, а чаго не ведаем?

Ведаем, што адная з буйнейшых бітваў Сярэднявечча. Ведаем, што не было ўзгодненасці дзеянняў прускіх ды інфлянцкіх крыжакоў. Войскі Інфлянцкай філіі ў бітве не ўдзельнічалі, бо яшчэ не скончылася іхнае замірэнне з Вітаўтам.

Ведаем пра несумненную колькасную перавагу польска-ліцвінскіх войскаў, але не ведаем дакладную лічбу ўдзельнікаў. Не ведаем дакладна абставінаў смерці кіраўнікоў Ордэну як і большасці ордэнскіх рыцараў (мелі адметнае ўбранне). Выказвалася версія, што з імі распраўляліся пехацінцы з простага люду, якія не маглі атрымаць выкуп за рыцара. Але цяпер лічыцца, што пехацінцы ўвогуле ў бітве не ўдзельнічалі. Ёсць меркаванне, што рыцары Ордэну забіваліся мэтанакіравана. Таксама існуе версія, што ордэнскія чыны на той час ужо не былі спраўнымі рыцарамі, а больш адміністратарамі. Не трэнаваліся, таму і гінулі ў двубоях, з якіх у тыя часы і складалася ўся бітва.

Ваяры Вялікага Княства Літоўскага з радавым сімвалам дынастыі Гедымінавічаў “Калюмнамі” на шчытах вязуць цела забітага вялікага магістра Ордэну Ульрыха фон Юнгінгена. Рэканструкцыя Бітвы пад Грунвальдам. Lukasz Dejnarowicz / FORUM

Як сярэднявечныя апісанні і самае вядомае з іх – польскага хранікёра Яна Длугаша – адрозніваюцца ад сённяшніх ведаў гісторыкаў і чаму?

Гісторыкі супастаўляюць розныя апісанні наратыўных крыніцаў, найперш з Хронікі Длугаша, міжсобку і зверыфікуюць з прыцягненнем розных крыніцаў. Напрыклад, знакамітае апісанне Длугаша ўцёкаў ліцвінаў з поля бітвы ажно да Літвы, зняверанае выяўленнем ліста аднаго з крыжацкіх чыноў, у якім ён асцерагаў, каб у чарговай бітве не паддацца на тактычны манеўр ліцвінаў – уяўныя ўцёкі, «як тое было ў Вялікай бітве».

Гісторыкі, найперш польскія, працягваюць актыўна займацца вывучэннем усіх, нават найдрабнейшых, абставінаў Грунвальдскай бітвы. Напрыклад, ёсць артыкул, што сапраўдная назва мясцовасці не зялёны лес – Грунвальд, а зялёнае поле – Грунфельд. Проста ў канцылярыі польскага караля пры складанні рэляцыі пра перамогу была дапушчаная апіска.

Ёсць абароненыя дысертацыі, напрыклад, пра маршрут войскаў да поля бітвы, распісаны па днях і нават гадзінах і шмат што іншае. Увогуле трэба зазначыць, што грунтоўная праца даследчыкаў значна ўдакладніла і шмат у чым змяніла ўяўленне пра бітву, складзенае на падставе наратыўных крыніцаў.

Смерць вялікага магістра Ордэну шпіталю Найсвяцейшае Панны Марыі нямецкага дому ў Іерусаліме на карціне Яна Матэйкі. Forum

Чаму пасля бітвы саюзным войскам не ўдалося здабыць сталіцу Ордэну – Мальбарк, не маглі ці, можа, кароль Ягайла не хацеў?

Таксама выказваюцца розныя версіі. Напрыклад, што пасля бітвы пад Грунвальдам былі занадта пэўныя ў пераможным заканчэнні вайны. У эйфарыі ад перамогі не спяшаліся з маршам на Мальбарк, ды яшчэ па дарозе прускія гарады лёгка паддаваліся, думалі, што так будзе і з Мальбаркам. Польска-ліцвінскія войскі не былі падрыхтаваныя да аблогі – не мелі адпаведнай абложнай тэхнікі. Другая версія, што вялікі князь Вітаўт не жадаў поўнага знішчэння Ордэнскай дзяржавы, а планаваў яе захаваць як процівагу Польшчы.

Вялікі князь літоўскі Вітаўт на карціне Яна Матэйкі. Forum

Чаму на карціне Яна Матэйкі (паводле бацьку чэха) на першым плане вялікі князь Вітаўт, вялікі магістр Ордэну Ульрых фон Юнгінген і камандзір чэшскага кантынгенту Ян Жыжка, а Ягайла далёка на заднім плане? Ці ў часы Матэйкі ды ў ягоным асяродку ў Кракаве разумелі галоўную ролю Вітаўта ў перамозе?

Калі стваралася карціна Яна Матэйкі (у 1872–1878 гадах), сярод гісторыкаў кракаўскай школы трывала перакананне пра галоўную ролю Вітаўта ў камандаванні войскамі падчас бітвы. Яно заснаванае на апісанні Яна Длугаша, паводле якога Ягайла беспасярэдне не біўся, а быў на пагорку збоку. Гісторыкі тое інтэрпрэтавалі як выкарыстанне польскім каралём тактыкі манголаў, калі военачальнік непасрэдна не змагаецца ў баявым страі, а кіруе рухамі войскаў з назіральнага пункту непадалёк месца бітвы.

Рэстаўрацыя карціны Яна Матэйкі “Бітва пад Грунвальдам”. Forum

Ці месца бітвы нам вядомае? У ваколіцах жа археолагі шмат гадоў вядуць свае працы?

Ужо некалькі гадоў праводзяцца археалагічныя даследаванні на месцы бітвы, у тым ліку з выкарыстаннем дасканалых металашукальнікаў. Удзел бяруць даследчыкі з розных краінаў: не толькі палякі ды літоўцы, але яшчэ датчане і нарвежцы.

Знойдзена некалькі сотняў рэчаў, звязаных з бітваю: наканечнікі стрэлаў лучных і арбалетных, фрагменты мячоў і баявых сякераў, жалезных рукавіц і накладак з паясоў, рыштунку вершніка і каня. Адныя з найцікавейшых – дзве фібулы ад плашчоў ордэнскіх ваяроў з надпісам «Ave Maria».

Пацверджаная лакалізацыя крыжацкага абозу менавіта ў тым месцы, дзе праз тры гады пасля бітвы была пастаўленая каплічка.

Запінка крыжацкага плашча з надпісам «Ave Maria» знойдзеная археолагамі. Фота TOMASZ WASZCZUK /PAP

Якія адкрыцці могуць іх яшчэ чакаць?

Даследчыкі спадзяюцца яшчэ на знаходкі брацкіх магілаў ваяроў, палеглых у бітве.

Каля памінальнай капліцы яшчэ ў 60–80-ыя гады мінулага стагоддзя знайшлі пахаванні каля 200 чалавек, прычым паўторныя, г.зн. яны былі перанесеныя з іншых месцаў. Несумненна, палеглых было нашмат больш.

Археалагічныя раскопкі на меркаваным месцы Бітвы пад Грунвальдам 1981 г. На заднім плане бачны помнік у гонар бітвы. FORUM

Размаўляў Сяргей Пеляса belsat.eu

Стужка навінаў