У Расеі ахаюць, як упаў рэйтынг Уладзіміра Пуціна. Аляксандр Лукашэнка можа ціха пасмяяцца з гнілога лібералізму расейскага калегі, які дазваляе замяраць папулярнасць першай асобы і публічна агучваць вынікі.
Пасля таго як Усерасейскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ) у траўні зафіксаваў, што рэйтынг даверу прэзідэнту Расеі знізіўся да 31,7%, на няшчасных сацыёлагаў наехаў яго прэс-сакратар. І тыя ўмомант прыдумалі новую методыку, па якой рэйтынг даверу крамлёўскаму правадыру апынуўся ўжо 72,3%. Смех у зале.
Слухайце, ну навошта ўсе гэтыя няспраўныя рухі? Вось беларусы рэйтынгу свайго нязменнага прэзідэнта даўно не ведаюць. Хутка тры гады, як быў разгромлены Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, які праводзіў штоквартальна нацыянальныя апытанні.
Апошняе апытанне ў чэрвені 2016 года зафіксавала электаральны рэйтынг Лукашэнкі на ўзроўні 29,5% – да крыўднага нізкім для харызматычнага правадыра, які звыкся казыраць усенароднай падтрымкай.
Да гэтага дадзеныя НІСЭПД паказалі, што на выбарах 2015 года беларускі кіраўнік набраў нашмат менш галасоў (50,8%), чым налічыў яму Цэнтрвыбаркам (83,5%). Мабыць, гэтага дзёрзкім сацыёлагам і не даравалі.
Лукашэнка ж час ад часу казырае дадзенымі нейкіх закрытых даследаванняў. У сакавіку, будучы ў Берасцейскай вобласці, ён заявіў, што 80% жыхароў рэгіёну «станоўча ставяцца да прэзідэнта». Ідзі правер.
Між тым аналітыкі расцанілі гэтую заяву як арыенцір для вертыкалі: вось такі паказчык трэба забяспечыць на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
Але ў апошнія гады ў Беларусі пануе эканамічная стагнацыя. Толькі нядаўна ўрад усімі праўдамі і няпраўдамі нагнаў сярэдні заробак да тысячы рублёў. Гэта, калі груба, пад 500 даляраў у эквіваленце.
Але фішка ў тым, што «ўсім па 500» у далярах Лукашэнка паабяцаў – і ў выніку даў – яшчэ перад выбарамі… 2010 года!
Тады гэтая лічба ўражвала. Зараз жа мы бачым, што амаль цэлае дзесяцігоддзе дабрабыт беларусаў, мякка кажучы, не расце.
Напрошваецца выснова, што і рэйтынгу Лукашэнкі расці няма падставаў. Чыста эмпірычна адчуваеш, што ў прэзідэнце, які сурова кіруе ўжо амаль чвэрць стагоддзя, расчараваліся нават многія з яго ранейшага цвёрдага электарату. Праславуты «самы жэстачайшы спрос» – любімы кіраўнічы метад Лукашэнкі – у лічбавую эпоху відавочна не працуе.
Астраўкі незалежных сацыялагічных структур дзе-нідзе ў Беларусі захаваліся. Праўда, у палітыку яны не лезуць, але фіксуюць, па меншай меры, што ўжо большасць грамадзян схіляецца да рынкавых рэформаў. Насуперак таму, што афіцыйны лідар імі палохае.
Станоўчай жа праграмы, якая натхніла б электарат, у пастарэлага правадыра, па сутнасці, няма. А загаворы пра стабільнасць і мірнае неба над галавой (зразумела, дзякуючы мудраму кіраўніцтву) публіцы надакучылі.
Пры гэтым беларусы апынуліся ў зачараваным крузе. Пратэсты сурова душацца (так было вясной 2017-га, калі пайшла хваля «дармаедскіх маршаў» супраць драконаўскага дэкрэту № 3), так што ахвотнікаў майданіць нягуста. А праз выбарчую скрыню ўладу не зменіш, бо ў Беларусі працуе сталінскі прынцып: усё роўна, як яны галасуюць, важна, як мы лічым. Ці выпадкова верная кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына на сваёй пасадзе аж з 1996 года – амаль усю эпоху Лукашэнкі?
Карацей, усё ідзе да таго, што і на выбарах 2020 года рэальнае волевыяўленне застанецца рэччу ў сабе. А ЦВК абвесціць паказчык за 80%.
Нядаўнюю прэзідэнцкую кампанію ва Украіне, дзе сацыёлагі рэгулярна публікавалі рэйтынгі кандыдатаў і праводзілі экзіт-полы ў дзень галасавання, беларусы ўспрымалі як фэнтэзі. Бо ў іх краіне правадыр даўно спыніў такое свавольства. І зараз хавае ў вусы ўсмешку, назіраючы за хваляваннямі ў Крамлі з-за таго, што прасеў рэйтынг Пуціна.
Перафразуючы Сталіна, да якога Лукашэнка ставіцца з піетэтам, няма рэйтынгу – няма праблемы.
Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік для belsat.eu
/ІР