Аляксандр Класкоўскі пра прызначэнне Наталлі Качанавай: Змянілі шыла на мыла


«Ператасоўка кадравай калоды можа быць выкліканая нервовым станам галоўнага беларускага начальніка», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Новым кіраўніком Адміністрацыі кіраўніка краіны прызначылі Наталлю Качанаву. 56-гадовая нарадзінка Полацку стала першай жанчынай на гэтай пасадзе.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі нагадаў, што галава краіны Аляксандр Лукашэнка меў прэтэнзіі да папярэдняга кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Косінца, ад якога нібыта не паступала свежых, «непрычасаных» ідэяў.

«Лагічна б тут было ўбачыць звышкрэатыўнага чалавека новай фармацыі. Але калі глядзець на бэк-граўнд Наталлі Качанавай, то падстаў, каб рабіць такія высновы, няма. Гэта тыповая наменклатурная карʼера: чалавек з інжынернай адукацыяй, дыплом, здаецца, – водазабеспячэнне і каналізацыя. І ўвесь шлях – гэта тыповы чыноўніцкі шлях без нейкіх крэатыўных усплёскаў. Таму ўзнікае пытанне, ці кіраўніцтва Адміністрацыі прынясе нейкія свежыя ідэі на стол афіцыйнаму лідару», – падкрэсліў спадар Класкоўскі.

І Качанава, і Косінец паходзяць з Віцебскай вобласці, таму адмысловец не выключае, што Косінец, адыходзячы з пасады, мог параіць свайго чалавека. У выніку атрымалася замена «шыла на мыла», мяркуе палітычны аглядальнік.

«Мне здаецца, што гэтая ператасоўка кадравай калоды можа быць выкліканая нервовым станам галоўнага беларускага начальніка, бо ўсё пайшло абсалютна не так: і з Расея канфлікт зацягнуўся, і валавы ўнутраны прадукт падае, і экспарт падае, і крэдытаў не даюць ні МВФ, ні Еўразійскі фонд. Застаецца займацца гэтым ператрасаннем кадравай калоды з прывідным спадзевам, што раптам ад перамены складнікаў нешта зменіцца. Я думаю, што нуль па фазе – нічога не зменіцца», – падкрэсліў спецыяліст.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў