Аляксандр Класкоўскі: Беларускае войска – не частка расейскага




Якая роля Беларусі ў супрацьстаянні Захаду і Расеі? У трэцяй серыі новага сезону «Тэрыторыі праўды» на «Белсаце» самыя гарачыя баталіі разгарнуліся вакол хаўрусу Крамля і афіцыйнага Менску. Выданне было прысвечанае рэакцыі NATO на агрэсію Расеі супраць Украіны.

На меркаванне аднаго з гасцей праграмы, польскага палітолага Томаша Смуры, супольныя вучэнні «Захад-2017» – выразны прыклад узаемадзеяння Расеі ды Беларусі, што азначае наяўнасць агульнай сістэмы бяспекі.

«Беларусь і Расея вельмі моцна звязаныя. Я не лічу, што ўзброеныя сілы Беларусі ўяўляюць з сябе штосьці асобнае ад расейскіх узброеных сілаў», – заявіў дырэктар праграмы замежнай палітыкі Фонду імя Казімежа Пуласкага ў Польшчы Томаш Смура.

З такім меркаваннем не пагадзіўся беларускі палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

«Калі я слушна зразумеў, то спадар Смура лічыць, што беларускае войска – гэта частка расейскай вайсковай машыны. Слушна? Гэта не так, гэта абсалютна не так. Вы з амерыканцамі праводзіце вучэнні. Дык што, польскае войска – гэта частка амерыканскага? Прабачце, аўтарытарны лідар – я не адэпт Лукашэнкі – аўтарытарны лідар глядзіць, каб у краіне ён меў абсалютную, поўную ўладу. І ён не пускае расейцаў», – адзначыў Класкоўскі ў часе дыскусіі.

Акрамя Томаша Смуры і Аляксанра Класкоўскага ўдзел у дыскусіі ўзялі:

  • Аляксандр Гольц, вайсковы аглядальнік, палітолаг, шэф-рэдактар онлайн-парталу «Ежедневный журнал», Расея
  • Аксана Юрынець, прафесар, народны дэпутат Украіны, старшыня сталай дэлегацыі Украіны ў Парламенцкай асамблеі NATO, кандыдат эканамічных навук
  • Джэмі Шэа, экс-дырэктар аддзелу інфармацыі і прэсы NATO, экс-намеснік памочніка генеральнага сакратара NATO

На працягу сакавіка кожную сераду а 21:25 глядзіце «Тэрыторыю праўды» у эфіры нашага тэлеканала, а затым на старонцы belsat.eu і YouTube-канале Вот так.

Hавiны
NATO супраць тыраніі. Першая вайна за правы чалавека
2019.03.13 20:25
Hавiны
«Тэрыторыя праўды». Чаму СССР прайграў NATO?
2019.03.07 06:03
Стужка навінаў