Праціўнікі акумулятарнага заводу ў Берасці: улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс


Шэсце па цэнтру Берасця. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання 18 кастрычніка раскрытыкаваў праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты. Ягоны выступ паказаў тэлеканал «Беларусь 1».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы, каб моладзь «больш актыўна сябе выяўляла», «але гвалтам не крычала», як у Берасці.

Hавiны
Праціўнікі акумулятарнага заводу збіраюцца балатавацца ў кожнай акрузе Берасця
2019.09.15 17:40

«Я ж папярэджваў, калі ў вас быў на 1000-годдзі, што глядзіце, у вас некаторыя акумулятаршчыкі гэтыя, пачнецца перадвыбарная кампанія, і вы зразумееце, чаму яны гвалтавалі. Яны ўсе вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты. То бок ім пофіг гэты акумулятарны завод, яны заўтра гатовыя матануць у Менск і тут бадзяцца па гэтай вуліцы і ціхенька паводзіць ці ж гвалтам крычаць ужо на менскіх плошчах», – сказаў кіраўнік краіны.

«Не так проста трох чалавек зрэзалі»

Агулам у парламент сёлета балатаваліся чатыры праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Але зарэгістраваны з іх быў толькі Уладзімір Мароз. Адзін з прэтэндэнтаў у дэпутаты Аляксандр Кабанаў, якому ўлады адмовілі ў рэгістрацыі дэпутатам, пракаментаваў выказванне кіраўніка дзяржавы ў размове з карэспандэнтам «Белсату».

«Для мяне наагул было нечакана, што ён [Аляксандр Лукашэнка. – Рэд. Belsat.eu] на гэта звярнуў увагу. Значыць, яго гэтая тэма хвалюе, на мой погляд. І не так проста трох чалавек, значыць, зрэзалі. Бо зрэзалі паводле надуманых прычынаў. І я падазраваў, што гэта з Менску каманда, але не падазраваў, з якой вышыні», – адзначыў суразмоўца.

На думку актывіста, кіраўніку Беларусі трэба моладзь, якая «будзе з ім збіраць кавуны, сядзець на футболе абціскацца», а праціўнікі акумулятарнага заводу б такім не займаліся.

Разам з тым Аляксандр Кабанаў прызнаў пэўную правату Аляксандра Лукашэнкі адносна фразы «ім пофіг гэты акумулятарны завод».

«У нас жа прэтэнзіі не да заводу. У нас прэтэнзіі да ўладаў, якія дапусцілі гэтае будаўніцтва. Дапусцілі кучу розных парушэнняў, якія паўтара гады ігнаравалі гэта ўсё. Таму ў нас галоўныя прэтэнзіі супраць улады. І мы супраць гэтага заводу», – заявіў суразмоўца.

«Мне патрэбен не піяр, а чысты горад»

Уладзімір Мароз, адзіны з праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасці, якога зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, распавёў «Белсату», што факт рэгістрацыі 1 з 4 лідараў берасцейскага пратэсту сведчыць пра ўмяшальніцтва ўладаў у хаду выбарчага працэсу. Уладзімір адзначае, што сярод сваіх калегаў ён найменей дасведчаны, меней вядомы. Таму ўлады, каб зрабіць выгляд дэмакратычнасці, зарэгістравалі менавіта яго.

«Менск – сапраўды найбольш перспектыўны горад у нашай краіне. Але мне патрэбен не багаты Менск, а мне патрэбен чысты мой горад. Мне патрэбна Берасце. Нас два гады не чулі, а цяпер раптам пра нас загаварыў кіраўнік краіны, адзначыў, што мы піярымся. Але мне таксама не патрэбен піяр. Мне важней здароўе маіх блізкіх, майго маленькага дзіцяці», – распавёў «Белсату» Уладзімір Мароз.

  • Прадпрыемства «АйПаўэр» паўстала ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце», але праз пратэсты берасцейцаў гэтак і не распачало працу. Мясцовыя жыхары заяўлялі, што прадпрыемства небяспечнае для навакольнага асяроддзя.

Завод Айпаўэр у Берасці.
Фота: Ірына Арахоўская
  • З 25 лютага 2018 года праціўнікі заводу збіраюцца кожную нядзелю ў цэнтры Берасця, каб сімвалічна пакарміць галубоў. Удзельнікі гэтых сустрэчаў прызнаюцца, што міліцыянты пагражаюць ім расправаю.

У чэрвені стала вядома, што завод не адпавядае экалагічным патрабаванням. У выніку за кратамі апынуліся прынамсі шэсць чалавек у межах праверкі сітуацыі. У следчым ізалятары, між іншага, знаходзіцца інвестар заводу Віктар Лемяшэўскі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў