Аляксандр Фядута: Пару словаў пра Паўла Ізотавіча


Якія ў вас адносіны з Якубовічам? – спытаў мяне начальнік «амерыканкі».
– Былі добрыя. Цяпер не ведаю.

У СІЗА КДБ галоўнае – не казаць лішняга пра асобаў, якіх – наколькі ты ведаеш – там няма. І нагул – не казаць лішняга пра іншых. Пра сябе казаць можна, пра іншых – не.

– А што, і Павел Ізотавіч ужо ў вас?
Палкоўнік усміхнуўся ў адказ на гэтае сустрэчнае пытанне:
– Не, пакуль не ў нас. Пакуль у Савеце Рэспублікі. Толькі што тэлефанаваў, пытаўся, ці даюць вам з Някляевым лекі.
– А Вы што сказалі?
– Сказаў праўду: што даюць. Ну як не сказаць праўду сябры Савету Рэспублікі? Ён прадставіўся: Павал Якубовіч, сябра Савету Рэспублікі. Па ўрадавай сувязі тэлефанаваў.

Пасля мне пацвердзіць яшчэ яшчэ адная асоба, якая прысутнічала падчас гэтай тэлефоннай размовы – у кабінеце Якубовіча. Тэлефанаваў. Пытаўся. А ў нас пыталіся пра Якубовіча. Пыталіся на «дэтэктары хлусні» – як і пра Мясніковіча, Ціцянкова, Макея, пра некаторых іншых былых і нават дзейных у той момант высокіх службовых асобаў. Але Якубовіч чамусьці іх цікавіў у першую чаргу. На пасадзе галоўнага рэдактара галоўнай у той момант газеты краіны ён рабіў тое, што мог, і тое, што яго абавязалі рабіць. І тое, і другое. Таму ў лістападзе 1996 году, побач са шматлікімі заклікамі ў падтрыманне рэферэндуму, ён раптам надрукаваў некралог – за тыдзень да рэферэндуму – аналітыку і журналісту Анатолю Майсені, які загінуў напярэдадні і які быў яго сябрам. Я звярнуў на гэта ўвагу Пятра Марцава. Марцаў усміхнуўся:
– Ты ўжо і некралогі ўзводзіш у ранг грамадзянскай мужнасці.
Не, не ўзводзіў я некралогі ў ранг грамадзянскай мужнасці. Проста для таго, каб у гэтай сітуацыі змясціць у газеце Адміністрацыі прэзідэнта некралог чалавеку, імя якога кіраўнік краіны ў гэты момант без нянавісці ўжо вымавіць не ў стане, таксама трэба было валодаць пэўнай адвагай.

Да Якубовіча хадзілі за парадай шмат хто з прадстаўнікоў недзяржаўных медыяў. З усімі ён размаўляў. Камусьці нешта раіў, як і прасілі. Камусьці спрабаваў дапамагчы. Атрымлівалася не заўсёды.

Ён добрасумленна спрабаваў зрабіць так, каб улада не выглядала ідыёткай. Ад гэтага яна выглядала цынічнай сцервай – а таму станавілася яшчэ больш агідна.

Але ідыёткай на старонках яго газеты яна сапраўды не выглядала – хіба што тады, калі рэдактара прымушалі нешта надрукаваць, а ён у такіх выпадках дэманстратыўна не рэдагаваў гэтыя тэксты. І тыя, хто ведаў яго стыль, яго журналісцкую манеру, разумеў, што Якубовіча тут – няма.

На Якубовіча пісалі даносы. Ён мог ляснуць дзвярыма – асабліва калі яго адчытвала несусветная дурніца, але – не ляскаў. Яму было ўтульна ў дыму дарагога тытуню, сярод старых радыёпрыёмнікаў, у глыбокім скураным
крэсле. Калі ён і трымаўся за сваю пасаду, то, хутчэй, дзеля гэтага – а зусім не дзеля статусу, блізкасці да ўлады, уплыву. Статус і ўплыў ён успрымаў як дадатковыя бонусы. Зрэшты, як і даносы – таксама свайго роду бонус.

Ён сапраўды шмат ведае. І таму калі ён кажа, што не будзе пісаць успаміны, я яго разумею і яму веру. У той частцы, у якой ён кажа пра свае ўласныя мемуары. Але ж гэта не азначае, што Якубовіч не будзе пісаць і рэдагаваць чыесьці ўспаміны. У рэшце, і Валянцін Юмашаў, калі сышоў у адстаўку, дапісаў мемуарную трылогію Барыса Ельцына. Так прасцей: больш вольнага часу на працу застаецца.

Ува ўсёй гэтай гісторыі мяне бянтэжыць адная акалічнасць. Кажуць, што двум асобам са свайго атачэння Аляксандр Лукашэнка ў розны час паўтарыў адну і тую ж фразу:
– Сыдзем разам.
Гэта Лідзія Ярмошына і Павал Якубовіч. Не выключаю, што Аляксандр Лукашэнка пакуль не сыходзіць. Але тады гэта азначае, што і Павал Якубовіч застаецца.

* Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі belsat.eu

Стужка навінаў