Аляксандр Фядута: Лукашэнка будзе сыходзіць і дэмакратызуе Канстытуцыю


Чаму кіраўнік дзяржавы бярэ з сабой у замежныя паездкі сына Мікалая і піярыць яго, ды якая галоўная таямніца беларускай палітыкі?

12 гадоў таму ў Польшчы адмыслова для ўшанавання беларусаў за заслугі ў развіцці грамадзянскай супольнасці і пабудове дэмакратычнай краіны заснавалі ўзнагароду імя Льва Сапегі. Сёлета яе атрымаў беларускі літаратуразнаўца, доктар габілітаваны гуманітарных навук, палітолаг і палітычны каментатар «Белсату» Аляксандр Фядута. Пасля ўрачыстай цырымоніі Аліна Коўшык запісала з ім інтэрв’ю пра тое, як вывучэнне гісторыі дапамагае зразумець сучасную палітыку.

– Віншую вас з узнагародай Льва Сапегі. Гэта вялікі гонар і цікавае выпрабаванне для вас.

– Так, для мяне гэта сапраўды вялікі гонар. Таму што гэта першая адзнака маёй навуковай працы. Па-другое, гонар, бо вылучыў мяне на гэтую ўзнагароду філалагічны факультэт Ягелонскага ўніверсітэту, дзе летась я адбыў габілітацыю. І тое, што фактычна мая габілітацыйная праца атрымала адзнаку не толькі ў выглядзе галасавання за вызнанне маёй чарговай навуковай ступені, але пасля гэтага ўжо нарада вылучае мяне на стыпендыю імя Льва Сапегі, таксама для мяне вялікі гонар. І трэцяе, і, магчыма, галоўнае, – гэта Кракаў і кракаўскія вучэльні, Кракаўская акадэмія – гэта месца, дзе ў свой час атрымаў бакалаўрыят Францішак Скарына. Гэта яшчэ большы гонар і большы абавязак для мяне.

– Ці гэта азначае, што вы зусім закінеце палітыку і каментаванне, ці ўсё ж такі будзеце сядзець на двух крэслах?

– Ведаеце, гэта насамрэч не два крэслы, бо тое, чым я цяпер займаюся ў навуцы, – гэта таксама аналітыка, толькі я б сказаў, што гістарычная аналітыка.

– Гістарычная публіцыстыка.

– Не. Публіцыстыка – не навука. Аналітыка – гэта ўсё ж навука. І для мяне тое, чым я займаюся, гэта менавіта гістарычная аналітыка, спроба рэканструяваць і біяграфіі, і хаду думак постацяў мінуўшчыны. Вельмі складаных постацяў. І тых, якія былі змушаныя, як кожны раз мы, рабіць пэўны выбар. І насамрэч спадзяюся, што мой непалітычны досвед дасць мне мажлівасць зразумець лепш тое, што адбывалася ў мінуўшчыне. А тое, што я цяпер ведаю пра мінуўшчыну, дапамагае мне зрабіць уласны палітычны выбар.

– У нас праграма збольшага палітычная, таму я б хацела яшчэ вярнуцца да таго, што актуальна ў беларускай палітыцы. Менавіта да гэтай байкі, гэтага даволі старога баяну пра рэферэндум, які ўсплыў некалькі дзён таму. Хоць чулі мы пра гэта прынамсі з 2016 года, калі з’явілася гэтая ідэя, якую Гайдукевіч прэзентаваў: маўляў, давайце падоўжым прэзідэнцкі тэрмін, а таксама парламенцкі. Чаму гэтае пытанне зноў зʼявілася цяпер, акурат пасля мясцовых выбараў?

– Акурат пасля мясцовых выбараў яго ўзняў кіраўнік Беларусі падчас візіту ў Грузію, а далей журналісты пачалі пытацца ў тых, каго яны інакш не пабачаць. Пыталіся Ярмошыну. Ярмошына пераказала артыкулы Канстытуцыі ды заканадаўства. З усяго гэтага пачалі рабіць пэўныя высновы.

Насамрэч Аляксандр Лукашэнка вельмі даўно ведаў, што калі ён будзе сыходзіць, ён зменіць Канстытуцыю. Ён зробіць яе больш мяккай і больш дэмакратычнай. Мне распавядаў чалавек, які перакладаў размову падчас адзінай сустрэчы кіраўніка Беларусі з амбасадарам Гансам-Георгам Вікам, які ў той час узначальваў кансультацыйна-назіральную групу АБСЕ. Гэта чалавек, якому я цалкам давяраю. Які займаў высокую пасаду ў беларускай дзяржаве.

Ён сказаў, што Вік пытаўся ў Лукашэнкі: спадар прэзідэнт, ці не разумееце вы, што тая Канстытуцыя, якую вы пралабіявалі падчас рэферэндуму 1996 года, насамрэч утрымлівае небяспеку ў першую чаргу для вас асабіста. Бо чалавек, які прыйдзе і атрымае гэтыя паўнамоцтвы, ён будзе змушаны змагацца з вамі дзеля таго, каб на вас спісаць усё, што было ў краіне. І Лукашэнка тады паглядзеў на амбасадара Віка і спытаўся: «Хто вам сказаў, што я пакіну яму гэтую Канстытуцыю?»

Таму я думаю, што ўсе, хто ведае Аляксандра Рыгоравіча асабіста, або ведаў яго калісьці, як я. Усе тыя, хто разумее, чым сёння заняты Лукашэнка, – ён заняты тым, што думае нават не пра пераемніка, а проста пра свой уласны сыход з улады. І пра наступствы гэтага сыходу для сябе і для сваёй сямʼі. Зразумела, што для яго пытанне змены Канстытуцыі – гэта пытанне жыцця.

– То бок, якіх зменаў мы можам чакаць?

– Не ведаю. Мы наагул не ведаем, якія гарантыі ўяўляе сабе Аляксандр Лукашэнка. Ён жа чалавек вельмі схільны да падазрэнняў. Ён глядзіць на цябе, слухае, думае і чакае, калі ты пачнеш яго падманваць. І як бы ён ні давяраў табе асабіста, ён заўжды чакае аднаго і таго ж. І цяпер таксама. Ён разумее, што той момант, калі ён пачне сыходзіць з улады, тыя людзі, якія яго атачаюць, пачнуць з ім змагацца і пачнуць бегчы да магчымага пераемніка.

– Але ён сам прапануе гэтага пераемніка, як гэта зрабіў азербайджанскі прэзідэнт, прызначыўшы віцэ-прэзідэнтам сваю жонку, каб утрымаць сваю пазіцыю. Ці, магчыма, ён будзе дзеяць, як Назарбаеў, які адчуваючы свой век, пачаў сваю ўладу падзяляць, каб яна не канцэнтравалася ў адным месцы.

– Я б зноў паслухаўся Аляксандра Рыгоравіча, які таксама калісьці сказаў: калі я буду сыходзіць, я нікому нічога не буду перадаваць, я сыду, і не чапайце.

– Навошта гэты цырк з Колем?

– Які цырк з Колем?

– Калі бярэ яго да Папы Рымскага, возіць з сабою ў Кітай.

– Разумееце, гэта пэўныя асабістыя гарантыі для Мікалая Аляксандравіча Лукашэнкі. Зразумела, што гэтага чалавека, якога памятае ўся краіна як дзіцё, пасля ніхто не будзе ніякім чынам арганізоўваць паляванне на яго, змагацца з ім. Гэта зразумела. Не сын палка, але ж сын краіны. Вось што з яго робіць Лукашэнка. Зусім не пераемніка, ён разумны чалавек.

– А старэйшыя сыны таксама не ўваходзяць у гэтае кола?

– Пра гэта таксама казаў Лукашэнка, калі хто-небудзь яшчэ з прозвішчам Лукашэнка будзе кіраўніком дзяржавы, дык толькі малодшы сын.

– Такім чынам, ці можам мы неўзабаве чакаць гэтага рэферэндуму, як сказала Лідзія Ярмошына, які рэальна падрыхтаваць вельмі хутка?

– Гэта не яна сказала. Гэта Канстытуцыя сказала.

– Яна сказала тое, што напісана, што яго можна падрыхтаваць вельмі хутка. Ці гэта азначае, што ў нейкім бліжэйшым часе, ці гэта перспектыва дзесяці гадоў?

– Нічога не ведаю. Мы з вамі не ведаем, які настрой, які стан здароўя кіраўніка дзяржавы. Як слушна напісаў наш калега Андрэй Паротнікаў, ён таксама вельмі разумны чалавек: галоўная таямніца краіны – гэта стан здароўя кіраўніка краіны. Мы пра гэта нічога не ведаем. І таму мы не ведаем, у які момант і як пачне адыходзіць ад улады першы прэзідэнт Беларусі.

– Але гэта калісьці здарыцца.

– Так. Будзем спадзявацца, што пры нашым жыцці.

– Дзякуй вялікі. Поспехаў і спадзяюся, што вашыя гістарычныя даследаванні дапамогуць зразумець і нам, і нашым гледачам тое, што адбываецца ў беларускай палітыцы сёння.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык

Таксама ў праграме:

Стужка навінаў