Аляксандр Чахольскі: Яны не даруюць Пазняку, бо ён адкрыў праўду


Пра тое, куды спяшаюцца ўлады і што трэба рабіць з Курапатамі, Сяргей Пеляса паразмаўляў з Аляксандрам Чахольскім, грамадскім дырэктарам народнага мемарыялу «Курапаты».

Скончылася акцыя супраць будоўлі бізнес-цэнтру ў Курапатах, і справа адышла на другі план. Пачаліся пратэсты недармаедаў, іншыя палітычныя справы. Што цяпер адбываецца ў Курапатах?

Цяпер пачынаецца новы этап супрацьстаяння з антыбеларускім рэжымам, бо відавочна, што рэжым задумаў падысці да Курапатаў, каб іх знішчыць. Яны прыдумалі прынізіць статус гэтага помніку, а потым увогуле яго знішчыць. Трэба паглядзець, што цяпер адбываецца. Гэтак званае журы. Ніхто ж не ведае пра яго склад, яно сакрэтнае.

Што за журы?

Журы стварыў Лукашэнкам, пры Міністэрстве культуры. Яны абвесцілі, што да 26 красавіка ў іх ужо канчаецца конкурс мемарыялізацыі. Можна задаць пытанне: а куды міністэрства спяшаецца? Бо пытанне мемарыялізацыі не развязваецца. Праекты абмяркоўваюцца цягам не аднаго месяца, а можа, і гадоў. Гэта не жарты. А тут яны вырашылі цягам месяца развязаць гэтае пытанне пра нейкі помнік.

Лукашэнка заявіў, што не трэба будаваць там нешта накшталт Берасцейскае крэпасці, а штосьці тыпу каплічкі. Як вы ставіцеся да гэтай ідэі?

Ідэя пра каплічку зразумелая. Запусцяць туды расейскіх НКВДшных папоў, якія да Бога і хрысціянскае веры ніякага дачынення не маюць ды ўсё там спляжаць.

Вы дырэктар грамадскае дырэкцыі народнага мемарыялу «Курапаты». Што гэта за ініцыятыва, якія ў яе мэты?

Стварылі гэтую дырэкцыю Управа КХП-БНФ і кіраўніцтва абʼяднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты». Гэта тыя арганізацыі, якія фактычна 20 гадоў апекаваліся Курапатамі, правялі гэтую мемарыялізацыю пры падтрыманні беларускага народу, бо на крыжы ахвяраваў сродкі ўвесь беларускі народ. Таму гэта народны мемарыял.

Заданне грамадскае дырэкцыі народнага мемарыялу «Курапаты» – скаардынаваць дзеянні ў абароне, разбудове, ахове мемарыялу. Таксама правядзенне розных мерапрыемстваў на яго тэрыторыі. У нас такая сітуацыя, што тыя, каму не абыякавы лёс гэтага святога месца, мусяць каардынаваць сваю дзейнасць. Гэта ўжо іншы статус. І таму людзям, неабыякавым да Курапатаў, прапануем каардынаваць нашую дзейнасць. Думаю, у нас усё атрымаецца.

Народны мемарыял «Курапаты»: адкуль узялася гэтая ідэя, у чым сутнасць мемарыялу? Чаму такую форму яна прыняла, што людзі ахвяруюць свае крыжы? Чаму дзяржава гэтым не клапацілася, а менавіта грамадства?

Коратка нагадаю гісторыю. 3 чэрвеня 1988 года, «ЛіМ», артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці». Тады перад грамадствам адкрылася страшная гісторыя, якую хавалі столькі гадоў. Мільёны забітых людзей.

Курапаты – адное з тых месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе расейскае НКВД знішчала беларускіх людзей. Тут усталявалі першы крыж 19 кастрычніка 1989 года на Дзяды, Крыж пакуты. Гэтак быў запачаткаваны мемарыял. Далей пачалася яго разбудова. Бо на гэтым месцы фактычна была зона адпачынку Зялёнага Лугу. Там пяклі шашлыкі, спявалі песні. Уявіць, што на магілах сваіх дзядоў былі танцы, немагчыма. Тады вырашылі, гэта была ідэя Зянона Пазняка, пра народную мемарыялізацыю Курапатаў. Бо ва ўладзе цяпер і 23 гады таму – нашчадкі тых, хто страляў беларусаў у патыліцу ў Курапатах.

Паглядзіце на міністра ўнутраных справаў Шуневіча, ён апранае форму НКВД. Дык што, яму яшчэ рарытэтны наган даць, і ён таксама будзе страляць? Таму за справу ўзяўся народ. І гэтую ідэю Зянона Пазняка, народную мемарыялізацыю, за 20 гадоў сябры нашае партыі ды неабыякавыя людзі правялі. І ў гэтым месцы мы не дапусцім ніякіх збудаванняў. Народны мемарыял ёсць. Ён пабудаваны.

Ёсць тры справы, якія паказалі сутнасць камуністычнага савецкага рэжыму. Гэта вайна ў Афганістане, Чарнобыльская катастрофа, Курапаты. Усе тры трагедыі ўдарылі па беларускім народзе. Цяпер улады адзін з сімвалаў вяртання праўды пра сталінскія рэпрэсіі ў Курапатах спрабуюць прыватызаваць. Чаму цяпер пачаўся працэс прыватызацыі ўладаю памяці пра Курапаты?

Я таксама старшыня камісіі Сойму КХП-БНФ у пытаннях Курапатаў і Чарнобылю. Я сам ліквідатар. Я ў 1987 годзе паўгода быў на ліквідацыі гэтай аварыі, я ведаю, што такое Чарнобыль. Тое, што цяпер улады хочуць запабегчы і ўзяць пад кантроль Курапаты, азначае, што за 20 гадоў мы зрабілі ўсё слушна. Мы пабудавалі гэты народны мемарыял, туды прыходзіць шмат людзей, замежныя дэлегацыі. Гэта ў свядомасці, і гэта ўсё ёсць. Таму яшчэ раз падкрэсліваю, што ва ўладзе – нашчадкі тых, хто там страляў. Яны ніколі не даруюць Пазняку, што ён адкрыў праўду. Ён знайшоў труп, а калі знайшоў труп, то ёсць і злачынства.

Вы ініцыявалі на «Талацэ» збор сродкаў, каб замяніць драўляныя крыжы ў Курапатах на металёвыя. Адкуль гэтая ідэя?

Мы ў свой час першае, з чаго пачалі, – паставілі на межах тэрыторыі Курапатаў крыжовы перыметр, каб паказаць людзям, што гэта месца, дзе нельга пячы шашлыкі і танчыць. Каб гэтае месца было пазначанае. Гэта былі драўляныя крыжы. Ідзе час, яны падгніваюць. Прыйшоў час памяняць крыжы, якія стаяць на перыметры помніку, на металёвыя.

belsat.eu

Стужка навінаў